Адносіны да педпрафесіі палепшыліся

Адной з ключавых задач сістэмы адукацыі нашай краіны з’яўляецца падрыхтоўка педагагічных кадраў. Вопыт, тэндэнцыі і перспектывы развіцця гэтага важнага напрамку сталі прадметам абмеркавання на секцыі, якая праводзілася на базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Работа секцыі прайшла пад старшынствам рэктара ўніверсітэта Аляксандра Жука.

Удзельнікамі дыскусіі сталі прадстаўнікі ўпраўленняў адукацыі аблвыканкамаў, аддзелаў адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў, устаноў вышэйшай і агульнай сярэдняй адукацыі, члены вучэбна-метадычнага аб’яднання па педагагічнай адукацыі, каардынацыйнага савета па пытаннях бесперапыннай педагагічнай адукацыі.

Аляксандр Іванавіч Жук увагу прысутных засяродзіў на рэалізацыі Канцэпцыі бесперапыннай педагагічнай адукацыі на 2015—2020 гады ў інтарэсах бесперапыннага развіцця. Адукацыя — галоўны рэсурс устойлівага развіцця нашай краіны. Ключавая роля ў павышэнні якасці адукацыі адводзіцца сістэме падрыхтоўкі педагагічных кадраў. У нас у прыярытэце — бесперапыннасць у сістэме падрыхтоўкі кадраў, пачынаючы ад профільнай адукацыі ў школе да сістэмы дадатковай адукацыі дарослых.

У 2015 годзе былі зацверджаны Канцэпцыя бесперапыннай педагагічнай адукацыі і план яе рэалізацыі. Адным з інавацыйных рашэнняў у рэалізацыі канцэпцыі стала стварэнне кластарнай мадэлі бесперапыннай педагагічнай адукацыі. У нас створаны вучэбна-навуковы інавацыйны кластар бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Сёння ён на добраахвотнай аснове аб’ядноўвае школы і гімназіі з педагагічнымі класамі, педагагічныя каледжы, універсітэты, дзе рыхтуюць педагогаў, а таксама Акадэмію паслядыпломнай адукацыі, Нацыянальны інстытут адукацыі, абласныя інстытуты развіцця адукацыі, грамадскія аб’яднанні педагогаў.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Рагачоўскага райвыканкама Гомельскай вобласці Пётр Міхайлавіч Гузялевіч:

— Ніколькі не шкадую, што стаў удзельнікам такога прадстаўнічага педагагічнага форуму. Гэта ключавая падзея для педагагічнай грамадскасці краіны, якая мае вельмі высокі статус. Мы атрымалі напрамкі для шліфоўкі арыенціраў. Кожнаму з нас была дадзена магчымасць, як гаворыцца, зверыць гадзіннікі і яшчэ раз падумаць, куды мы ідзём, якім чынам і куды можам у выніку прыйсці.
У першы дзень Рэспубліканскага педагагічнага савета я быў удзельнікам секцыі, дзе вялася гаворка пра падрыхтоўку педагагічных кадраў. Прыемна адзначыць, што вопыт работы асобных рэгіёнаў у гэтым напрамку ўжо заслугоўвае ўвагі. У нас такая работа таксама вядзецца, але калі можна нешта пераняць у калег, то гэтым трэба карыстацца. Школы Рагачоўскага раёна нацэлены на якаснае самазабеспячэнне кадрамі. Мы выдатна разумеем: калі мы свайго выпускніка падрыхтуем да педагагічнай прафесіі яшчэ ў школе, то ён вернецца да нас.

Як адзначыў А.І.Жук, такі кластар дазваляе забяспечыць інтэграцыю інтэлектуальных рэсурсаў, пераемнасць у адборы і падрыхтоўцы высокакваліфікаваных педкадраў, практыкаарыентаванасць іх падрыхтоўкі, дапамагае ажыццяўляць пошук розных форм інтэграцый педагагічнай адукацыі, навукі і інавацыйна-педагагічнай практыкі.

Пацвярджэннем гэтага стаў рэгіянальны вопыт работы ў межах вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара Віцебскаага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. Прарэктар па вучэбнай рабоце Вяслаў Туркоўскі адзначыў, што ўдзельнікамі іх рэгіянальнага кластара з’яўляюцца ўпраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама, ВДУ імя П.М.Машэрава, Абласны інстытут развіцця адукацыі, школы і гімназіі з педкласамі, школы-лабараторыі, педкаледжы рэгіёна, філіялы кафедраў універсітэта на базе ўстаноў адукацыі Віцебска.

Як адзначыў Вяслаў Іосіфавіч, напрамкамі іх прафесійнай і грамадскай педагагічнай дзейнасці з’яўляюцца бесперапынны маніторынг якасці адукацыі, творчая інавацыйная дзейнасць школьнікаў, настаўнікаў, выкладчыкаў, навукова-даследчая дзейнасць педагогаў і авалоданне студэнтамі асновамі даследчай дзейнасці. У якасці перспектыўных кірункаў сумеснай дзейнасці ўдзельнікаў кластара былі названы навучанне педагогаў на другой ступені вышэйшай адукацыі па спецыяльнасці “Адукацыйны менеджмент”, правядзенне навучання па праграмах перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі, правядзенне семінараў-практыкумаў для настаўнікаў-прадметнікаў.

Акрамя таго, сёння вядзецца работа па стварэнні сеткі рэсурсных цэнтраў практыка-арыентаванай педадукацыі (з улікам рэгіянальнага вопыту). У БДПУ адкрыты 2 такія цэнтры: Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр сацыяльна-педагагічных тэхналогій, Нацыянальны рэсурсны цэнтр інклюзіўнай адукацыі. Такія рэсурсныя цэнтры ствараюцца на базе школ-лабараторый, якія аб’яднаны кластарам бесперапыннай педагагічнай адукацыі. На сёння ў кластары функцыянуюць 13 школ-лабараторый з усіх абласцей краіны і сталіцы.

Адной з такіх школ стала сярэдняя школа № 6 Мінска. Дырэктар школы Галіна Гетманчук гаварыла пра тое, што іх навучальная ўстанова стала інтэграцыйнай пляцоўкай педагагічнай навукі і адукацыйнай практыкі. Асноўнымі напрамкамі дзейнасці школы-лабараторыі з’яўляюцца эксперыментальна-інавацыйны, навукова-метадычны, навукова-даследчы, інфармацыйна-аналітычны. У школе дапрофільная падрыхтоўка педагагічнай накіраванасці пачынаецца з 5 класа. Тут увесь час практыкуюццца студэнты, для якіх арганізавана прадметная падрыхтоўка, з імі вядзецца метадычная работа, створаны ўмовы для набыцця навыкаў выхаваўчай работы. У 6-й сталічнай школе арганізавана сеткавае ўзаемадзеянне з установамі вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, агульнаадукацыйнымі ўстановамі з класамі педагагічнай накіраванасці.

Прарэктар па вучэбна-метадычнай рабоце Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Аляксандраўна Блажко:
— Мы прыехалі на Рэспубліканскі педагагічны савет, каб абмеркаваць пытанні працоўнага выхавання навучэнцаў, умацавання ролі сям’і ў выхаванні дзіцяці, павышэння прэстыжу педагагічнай прафесіі. Акрамя таго, нам хацелася пачуць пра канцэптуальныя кірункі развіцця сістэмы адукацыі. І трэба адзначыць, што мы пачулі адказы на ўсе хвалюючыя пытнні.

Мы выдатна разумеем, што сёння асноўным рэсурсам павышэння якасці адукацыі з’яўляецца павышэнне прафесіяналізму педагогаў, таму актыўна працуем над удасканаленнем прафесійных кампетэнцый сваіх настаўнікаў.

Не менш важным стала рашэнне аб развіцці профільных класаў педагагічнай накіраванасці, якія пачалі дзейнічаць у 2015/2016 навучальным годзе. У 2017 годзе адбыўся першы выпуск педагагічнага класа. Частка дзяцей стала сдудэнтамі БДПУ імя Максіма Танка. Сутнасць настаўніцкай прафесіі ў профільных класах дапамагае раскрыць факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. Поўнае засваенне факультатыўнага курса з’яўляецца адной з абавязковых умоў пры паступленні ў педуніверсітэт.

Па выніках апытання, агучанага начальнікам цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Аляксандрай Пазняк, 52% навучэнцам навучанне ў педкласе спадабалася, 41% рэспандэнтаў адзначылі, што не шкадуюць аб такім навучанні. Профільная педагагічная падрыхтоўка ў школе накіравана на развіццё камунікатыўных здольнасцей, эмацыянальнага інтэлекту, кіравання канфліктамі, уменняў эфектыўна працаваць у камандзе, на развіццё стрэсаўстойлівасці.

У выніку актыўнай мэтанакіраванай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка адносіны маладых людзей і іх бацькоў да педпрафесіі палепшыліся. З 2014 года ў педагагічным універсітэце пачаў расці конкурс на некаторыя спецыяльнасці. Напрыклад, у гэтым годзе на 1160 месцаў было пададзена больш за 3000 заяў. “Уступная кампанія гэтага года адзначалася высокай матывацыяй абітурыентаў. Да нас прыйшоў моцны абітурыент: тры чвэрці фактычна гатовы да работы педагогамі. У пяць разоў сярод абітурыентаў павялічылася колькасць выпускнікоў гімназій і ліцэяў. Па пяці спецыяльнасцях прахадны бал склаў больш за 310 балаў”, — заўважыў рэктар педагагічнага ўніверсітэта.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *