Лета — найлепшы час для адпачынку на прыродзе. Але адпачываць трэба так, каб прыродзе не нашкодзіць.
На мінулых выхадных мне пашчасціла сустрэць на ўскрайку Мінска качыную сямейку. Разам з матуляй качаняты дружна плавалі па Свіслачы, збіраючы з паверхні водарасці. Перыядычна пухнатыя камячкі выходзілі на бераг. Падчас адной з такіх прагулак на шляху птушынай сямейкі трапілася сям’я чалавечая. Пад радасныя крыкі дзяцей “Мама, глядзі, якія мілыя качаняты!” жанчына дастала смартфон. “Здымай! Хутчэй! І мяне каля іх!” — наперабой гаварылі хлопчык з дзяўчынкай, падыходзячы да птушанят.
Радасныя галасы дзяцей пачалі перамешвацца з устрывожаным краканнем матулі-качкі. Не разумеючы мірных намераў людзей, качаняты разбегліся хто куды. Качка яшчэ больш устрывожылася, кідалася ў розныя бакі, супакойваючы і збіраючы сваіх дзетак… Дзякуй богу, усё скончылася добра. Людзі зрабілі фотаздымкі, а качкі паспяхова працягнулі прымаць водныя працэдуры. Але ці вернуцца птушкі на месца, дзе іх патрывожылі людзі?
Выпадак даволі павучальны. Праводзячы летні дзень на прыродзе, кожнаму з нас варта прытрымлівацца пэўных правіл. Першае: адпачываць так, каб хацелася сюды вярнуцца: не раскідваць смецце, акуратна раскладваць вогнішча. Калі ўбачылі прыгожую паляну з кветкамі — лепш сфатаграфаваць, не зрываць расліны, тым больш што сярод іх могуць быць чырванакніжныя. Апынуліся на рамонкавым лузе або збожжавым полі — не трэба іх вытоптваць, бо палюбавацца маляўнічым месцам захочуць іншыя.
Фота аўтара
І другое важнае правіла: не ўмешвацца ў жыццё братоў нашых меншых. Заўважылі, напрыклад, птушанят-злёткаў у лесе — лепш адысці. У жаданні дапамагчы вярнуць іх у гняздо можна толькі нашкодзіць. Побач у кустах ці на дрэве знаходзяцца крылатыя бацькі, і яны выдатна справяцца з гэтай задачай самі. Калі выпадкова сустрэлі дзікага звера, то не варта яго карміць або гладзіць.
Пра гэтыя і іншыя правілы паводзін чалавека ў прыродзе мне паведамілі настаўнікі Лужкаўскай сярэдняй школы Шаркаўшчынскага раёна, праводзячы экскурсію па музеі прыроды. Дарэчы, у сённяшнім нумары яны азнаёмяць чытачоў з некаторымі сакрэтамі працоўнага выхавання моладзі ў летні перыяд. Што тычыцца фарміравання ў дзяцей беражлівых адносін да прыроды, то ў рамках рэалізацыі праекта “Укараненне мадэлі экалагічнага менеджменту ў адукацыйны працэс установы агульнай сярэдняй адукацыі” педагогі праводзяць завочнае падарожжа “Правілы паводзін на прыродзе”, прагулку па экалагічным маршруце “У сяброўстве з прыродай”, круглы стол “Абаронім прыроду”, інфармацыйную гадзіну “Дзень Зямлі”, іншыя тэматычныя мерапрыемствы.
Атрыманыя веды дзеці паспяхова прымяняюць на практыцы. Так, выхаванцы прышкольнага лагера “Экаград” удзельнічаюць у акцыі “Чысты бераг”, збіраючы ўздоўж ракі Мнюта смецце. Упэўнены: сустрэўшы на беразе качыную сямейку, лужкаўскія школьнікі пасля захапляльных воклічаў спакойна адыдуць убок, не турбуючы птушак. Яны ведаюць: адпачываць на прыродзе трэба так, каб не нашкодзіць.