Адпаведна сусветным стандартам

- 9:52Адукацыйная прастора, Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Магілёўскі дзяржаўны тэхналагічны каледж — вельмі папулярны сярод патэнцыяльных абітурыентаў. 

Тут недахопу ў навучэнцах не адчуваюць ніколі. Прычына такой запатрабаванасці — добрасумленная праца педагагічнага калектыву па ўсіх напрамках адукацыйнай дзейнасці. На сённяшні дзень тэхналагічны каледж гарантуе моладзі навучанне па запатрабаваных у грамадстве спецыяльнасцях і стапрацэнтнае працаўладкаванне пасля атрымання дыплома. 

— Мы выразна разумеем, наколькі важная сёння стабільная забяспечанасць эканомікі высокакваліфікаванымі рабочымі і спецыялістамі. Таму ў ліку першачарговых сваіх задач бачым якасць падрыхтоўкі навучэнцаў. Своеасаблівы інструмент для яе павышэння — далучэнне навучэнцаў да ­ўдзелу ў разнастайных конкурсах прафесійнага майстэрства. Менавіта гэта дазваляе рыхтаваць кадры ў адпаведнасці з самымі сучаснымі сусветнымі стандартамі, — упэўнена дырэктар тэхналагічнага каледжа Валянціна Страхалет.

Па яе словах, асаблівых поспехаў у гэтым кірунку ўдалося дасягнуць у руху WorldSkills. Ужо 2014 годзе трое вучняў у першым нацыянальным чэмпіянаце занялі тры пераможныя месцы ў кампетэнцыях “Кулінарнае мастацтва”, “Кандытарскае мастацтва”, “Рэстаранны сэрвіс”. Адна з пераможцаў — Марыя Захаркіна — пасля прыняла ўдзел у чэмпіянаце “WorldSkills СНД” у Казані, дзе заваявала сярэбраны медаль, і ў сусветным чэмпіянаце ў бразільскім Сан-Паўлу, дзе адстойвала гонар Беларусі.

Свае прафесійныя веды і ўменні навучэнцы тэхналагічнага каледжа пацвярджалі і на спаборніцтвах 2016, 2018, 2020 гадоў. Прычым вызначаліся не толькі перамогамі нацыянальнага турніру, а і медалём на ўзроўні СНД.

— Новым вопытам для нас стаў ­удзел у леташнім Еўразійскім чэмпіянаце, які праходзіў дыстанцыйна. Канкурэнцыя там была вялікая, бо канкурсантамі сталі маладыя прафесіяналы з 11 краін. Але наша навучэнка Караліна Гарбачова стала сярэбраным прызёрам у кампетэнцыі “Кандытарскае мастацтва”, — паведаміла Валянціна Міхайлаўна.

Па словах кіраўніка, сакрэт такога стабільнага поспеху — у двух асноўных фактарах. Важнейшы з іх — сучасная матэрыяльная база. Сёння ў тэхналагічным каледжы ёсць усё неабходнае для забеспячэння якаснай адукацыі, правядзення тэарэтычных і практычных заняткаў на належным узроўні.

— Да нядаўняга часу была пэўная праблема з наяўнасцю плошчаў. У каледжы вучацца больш за тысячу маладых людзей, адукацыйны працэс прыходзілася ла­дзіць у дзве змены. Але летась з падтрымкай галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама гэтая праблема была вырашана. У нас з’явіўся дадатковы вучэбны корпус. Там уласнымі сіламі за пазабюджэтныя сродкі праведзены рамонт і з 1 верасня арганізаваны заняткі для 19 вучэбных груп. Такім чынам, мы змаглі разгрузіць вытворчы корпус у цэнтральным будынку і стварыць там вучэбныя майстэрні менавіта для падрыхтоўкі навучэнцаў да ўдзелу ў прафесійных спаборніцтвах, — адзначыла Валянціна Страхалет.

Новыя майстэрні, якія адпавядаюць сусветным патрабаванням, былі адкрыты па кампетэнцыях “Візуальны мерчындайзінг”, “Кулінарнае мастацтва”, “Рэстаранны сэрвіс”, “Электроніка і электразабеспячэнне”, “Кандытарскае мастацтва”.

— Ва ўсіх памяшканнях ёсць самае сучаснае абсталяванне і прылады, неабходныя для адпрацоўкі практычных навыкаў па канкрэтных кампетэнцыях. Важна, што тут займаюцца толькі навучэнцы, якія рыхтуюцца да спаборніцтваў. Зараз у каледжы створаны найлепшыя ўмовы для развіцця здольнасцей нашых маладых талентаў, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай дзейнасці Наталля Сухадолава.

Новымі ўмовамі для падрыхтоўкі навучэнцы вельмі задаволены. Хлопцы і дзяўчаты адзначаюць, што ў майстэрнях усё максімальна набліжана да рэальных конкурсных умоў.

— Для нас абсталявалі працоўныя месцы, як на сапраўдных спаборніцтвах. У майстэрні ёсць таксама ўся кулінарная тэхніка і прылады, падтрымліваецца неабходны тэмпературны рэжым, што дазваляе спрабаваць сябе ў новых напрамках, гатаваць новыя стравы. Канечне, гэта садзейнічае агульнаму павышэнню падрыхтоўкі і прафесійнай кваліфікацыі, — падзялілася Караліна Гарбачова.

Дарэчы, яшчэ адзін сакрэт пераможных выступленняў навучэнцаў тэхналагічнага каледжа на прафесійных спаборніцтвах — высокая кваліфікацыя і прафесіяналізм мясцовых педагагічных работнікаў. Ва ўстанове ёсць свой нацыянальны эксперт. Усе выкладчыкі пастаянна павышаюць прафесійны ўзровень, ­удзельнічаюць у майстар-класах, семінарах і канферэнцыях. Значна, што ў калектыве шмат моладзі. У тым ліку — былыя выпускнікі, пераможцы WorldSkills, якія перадаюць вопыт наступным пакаленням.

— Імкнёмся бесперапынна ісці ў нагу з часам. Пастаянна вывучаем тэндэнцыі і новаўвядзенні ў прафесійнай адукацыі ў цэлым і ў выкладанні пэўных спецыяльнасцей у прыватнасці, — адзначыла нацыянальны эксперт па кандытарскім мастацтве намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Таццяна Кабанькова.

Перамогі ў прэстыжных стартах ствараюць імідж навучальнай установы. Магілёўскі тэхналагічны каледж — добра вядомы ў рэгіёне сваёй паспяховай дзейнасцю, а таксама выпускнікамі, якія вельмі запатрабаваны сярод работадаўцаў і заказчыкаў кадраў. Нядзіўна, што былыя школьнікі імкнуцца трапіць сюды на навучанне.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.