Адпавядаць узроўню сталічнай адукацыі

- 10:14Планёрка ў рэгіёне

“Стварэнне ўмоў для пашырэння сферы інтарэсу навучэнцаў, развіццё актыўнага сумеснага адпачынку бацькоў і дзяцей, пошук новых цікавых форм арганізацыі вольнага часу з’яўляюцца для нас прыярытэтнымі ў арганізацыі шостага школьнага дня, — гаворыць начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму Савецкага раёна Мінска Інеса Мікалаеўна Сабаленка. — Ва ўстановах адукацыі арганізуецца вывучэнне запытаў навучэнцаў і іх бацькоў па пытаннях арганізацыі шостага школьнага дня, адпаведна, і планаванне работы абапіраецца на вынікі такой дыягностыкі”.

— Інеса Мікалаеўна, як праходзяць суботнія дні ва ўстановах адукацыі раёна?

— У раёне рэалізуецца канцэпцыя арганізацыі выхаваўчай дзейнасці ў шосты школьны дзень. Уся інфармацыя пра работу ўстаноў адукацыі ў гэты дзень размешчана на сайце ўпраўлення адукацыі і сайтах устаноў адукацыі. Гэта дазваляе навучэнцам і іх бацькам спланаваць свае выхадныя.

Выхаваўчая прастора ў шосты школьны дзень прадстаўлена раённымі культурна-масавымі мерапрыемствамі; арганізацыяй дадатковай адукацыі (аб’яднанні па інтарэсах); пазакласнай работай па вучэбных прадметах, спартыўнымі і фізкультурна-аздараўленчымі мерапрыемствамі. Ключавым момантам у арганізацыі шостага школьнага дня з’яўляецца работа СППС. Гэта і карэкцыйна-прафілактычная работа з дзецьмі і навучэнскай моладдзю, арганізацыя эфектыўнага ўзаемадзеяння з бацькамі (правядзенне бацькоўскіх канферэнцый, круглых сталоў, творчых майстэрань па пытаннях выхавання і прафілактыкі шкодных звычак з запрашэннем медыцынскіх работнікаў і праваахоўных органаў).

Асаблівасцю арганізацыі работы ў шосты школьны дзень з’яўляецца правядзенне мерапрыемстваў для навучэнцаў школ і гімназій раёна на базе раённых цэнтраў дапрызыўнай падрыхтоўкі і цэнтра прафарыентацыі “Компас”. У Савецкім раёне кожную 2-ю і 4-ю суботу месяца навучэнцаў чакае знаёмства з рознымі прафесіямі, а ў 1-ю і 3-ю суботу ёсць магчымасць стаць удзельнікам ваенна-патрыятычнай гульні “Выпрабуй сябе”. Вялікая роля ў арганізацыі шостага школьнага дня адводзіцца цэнтрам дадатковай адукацыі. Арганізавана дзейнасць разнастайных аб’яднанняў па інтарэсах, створана маладзёжная пляцоўка, працуе кабінет здаровага ладу жыцця, клуб зносін ва “УКантакце”.

Сёння ў раёне кожнаму педагагічнаму калектыву створаны ўмовы для рэалізацыі ўласнай мадэлі арганізацыі дзейнасці навучэнцаў у шосты школьны дзень.

— Чым адметны бягучы навучальны год?

— Бягучы навучальны год — гэта яшчэ адна яркая старонка ў жыцці сферы адукацыі раёна. Мы актыўна рыхтуемся да сустрэчы 950-годдзя Мінска. Нашы навучэнцы прымуць удзел у конкурсных праектах, якія распрацоўваюцца і рэалізоўваюцца ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Светач”, сярод якіх — конкурс даведнікаў “Сем цудаў Мінска”. Дзеці будуць распрацоўваць экскурсійны маршрут па сямі знакавых мясцінах Мінска, якія павінен ведаць кожны мінчанін. Таксама пройдзе фестываль сучаснай харэаграфіі “Мінская моладзь”. У маі пачнецца конкурс сцэнарыяў квест-гульняў “Па вуліцах горада”.

Сёлета сур’ёзная ўвага ўдзяляецца рабоце з адоранымі навучэнцамі. У межах яе рэалізуецца праграма “Адораныя дзеці Савецкага раёна на 2015—2018 гады”, якая прадугледжвае аб’яднанне рэсурсаў і стварэнне адзінай сістэмы па рабоце з адоранымі дзецьмі. Прамежкавым вынікам рэалізацыі гэтай праграмы з’яўляюцца 75 дыпломаў на трэцім этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.

У бягучым навучальным годзе педагогі раёна працягваюць рэалізацыю цікавых праектаў і інавацый (працуюць 15 эксперыментальных і інавацыйных пляцовак). Так, працягвае рэалізоўвацца пілотны рэгіянальны праект мадэлі кіруемага развіцця электронных адукацыйных паслуг у гімназіі № 22. З 2016 года да гэтага праекта падключыліся яшчэ 11 устаноў раёна. З 2015 года гімназія № 22 рэалізоўвае інавацыйны праект “Удасканаленне прафесійных кампетэнцый педагогаў шляхам навучання сучасным падыходам да падрыхтоўкі і правядзення вучэбных заняткаў”. Гімназія № 23 стала пляцоўкай для рэалізацыі інавацыйнага адукацыйнага праекта “Фарміраванне камунікатыўных кампетэнцый у працэсе навучання кітайскай мове праз адукацыйную прастору гімназіі”.

У цэнтры ўвагі педагогаў — праект “Адкрытая пляцоўка маладзёжных ініцыятыў “ЮНИОР+”, які накіраваны на задавальненне патрэб падлеткаў і моладзі ў інтэлектуальным, культурным і маральным развіцці ў пазаўрочны час. У межах праекта распрацавана сістэма арганізацыі крэатыўнага вольнага часу і сацыяльна актыўнай дзейнасці. Значнай падзеяй стала таксама стварэнне ў сярэдняй школе № 122 Мінска творчага кластара “ШоКОЛАд-122” як прасторы ідэй, магчымасцей і асобаснага росту навучэнцаў у шосты школьны дзень. Падчас рэалізацыі праекта ўдзельнікі вучацца навыкам канструктыўных паводзін у нестандартных сітуацыях, элементам рэлаксацыі, упэўненых паводзін і самавалодання.

— Якімі дасягненнямі навучэнцаў і педагогаў раён ганарыцца?

— Прынята лічыць, што ёсць толькі дзве прафесіі ад Бога: урач і настаўнік. Астатнія прафесіі — ад Настаўніка. У сферы адукацыі Савецкага раёна працуюць педагогі, якія валодаюць сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі, забяспечваюць прафесійнае псіхолага-педагагічнае суправаджэнне сваіх навучэнцаў на шляху да поспеху. Пацвярджэннем гэтага могуць служыць наступныя лічбы і факты: у параўнанні з 2010 годам колькасць навучэнцаў раёна — прызёраў рэспубліканскай алімпіяды — вырасла амаль удвая (гарадскі этап — з 37 у 2010 годзе да 75 у 2017 годзе, заключны этап — з 5 у 2010 годзе да 13 у 2016 годзе). Значны ўклад у скарбонку дасягненняў Савецкага раёна ўнеслі навучэнец гімназіі № 22 Арцём Зубрыцкі (настаўнік Сяргей Пятровіч Шарамет), навучэнкі гімназіі № 15 Ганна Ларыёнава і Аляксандра Дземідовіч (настаўніца Наталля Дзмітрыеўна Рахманава), адзінаццацікласнік сярэдняй школы № 19 Андрэй Сямёнаў (настаўніца Алена Давідаўна Янко), навучэнец гімназіі № 6 Дзмітрый Кабак (настаўніца Іна Барысаўна Градабаева) і інш. Каманда навучэнцаў сярэдняй школы № 53 стала пераможцай Міждзяржаўнага злёту-конкурсу “Юны інспектар руху” сярод краін СНД (кіраўнік — намеснік дырэктара Жанна Яўгенаўна Гвозд).

Нельга не адзначыць дасягненні і саміх педагогаў. Штогод яны прымаюць удзел у гарадскім конкурсе “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў розных намінацыях і дабіваюцца высокіх вынікаў. Так, летась педагог Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Светач”Аляксандра Аляксандраўна Буяльская стала пераможцай у намінацыі “Педагог дадатковай адукацыі”.

З такімі педагогамі мы ствараем наш заўтрашні дзень, а іх поспехі і дасягненні вучняў дазваляюць гаварыць аб паспяховай будучыні раёна, горада і краіны.

— Інеса Мікалаеўна, якія праблемы сёння хвалююць педагогаў раёна?

— Прыярытэтнымі напрамкамі для нас з’яўляюцца далейшае павышэнне якасці адукацыі, стварэнне бяспечных умоў знаходжання навучэнцаў і выхаванцаў пры арганізацыі адукацыйнага працэсу. Асаблівая ўвага ўдзяляецца арганізацыі пазаўрочнай работы па вучэбных прадметах у шосты школьны дзень, прыцягненню да мерапрыемстваў навучэнцаў, якія патрабуюць асаблівай педагагічнай увагі, арганізацыі мерапрыемстваў з бацькоўскай грамадскасцю. Адна з галоўных задач кіраўнікоў устаноў адукацыі — выкананне паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця і ўменне правільна падыходзіць да заробку сродкаў на ўтрыманне ўстаноў.

На мой погляд, сёння мы сутыкаемся з адной з важных праблем укаранення ІКТ у адукацыю: пры добрым аснашчэнні ўстаноў сучасным камп’ютарным абсталяваннем пакідае жадаць лепшага падрыхтоўка настаўнікаў-прадметнікаў у ІТ-сферы і выкарыстанне магчымасцей ІКТ у навучанні свайму вучэбнаму прадмету. Важна, каб гаджэты, смартфоны і планшэты прымяняліся для вывучэння новага праграмнага матэрыялу, а калі для гульняў, то вучэбных.

Упэўнена, што адукацыйная прастора раёна і ў далейшым будзе адпавядаць узроўню сталічнай адукацыі.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.