Адукацыйнае асяроддзе для паспяховай сацыялізацыі

— Агульнавядома, што выхаваўчае ўздзеянне на вучняў аказваюць не толькі педагогі, але і адукацыйнае асяроддзе, у якім дзеці знаходзяцца штодзень, — гаворыць дырэктар гімназіі Ганцавіч І.У.Бараноўская. — Гэтае асяроддзе не складваецца само па сабе, а з’яўляецца вынікам мэтанакіраванай і працяглай дзейнасці, якая патрабуе ўдасканалення сістэмы кіравання, добрай арганізацыі работы адміністрацыі навучальнай установы, педагогаў і дапаможнага персаналу. Ад правільна арганізаванага адукацыйнага асяроддзя залежыць паспяховая сацыялізацыя выпускнікоў.

Адным з напрамкаў работы па ўдасканаленні адукацыйнага асяроддзя з’яўляецца паляпшэнне ўмоў для прафесійнага развіцця педагогаў. Адміністрацыя гімназіі выдатна разумее, што ніводная тэхналогія не будзе як след працаваць без настаўнікаў, якія добра арыентуюцца ў сваім прадмеце (найперш у святле апошніх дасягненняў педагагічнай навукі і методыкі). Таму вялікая ўвага ўдзяляецца пашырэнню магчымасцей для прафесійных зносін і самарэалізацыі педагогаў.— Нашы настаўнікі з задавальненнем вучацца, актыўна наведваюць розныя семінары, у тым ліку на гаспадарча-разліковай аснове, сустракаюцца з вучонымі і членамі рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”, — расказвае І.У.Бараноўская. — Летась у гімназіі рэалізоўваўся інавацыйны праект “Укараненне мадэлі метадычнай работы па праектаванні эфектыўнага ўрока”. Гэты праект садзейнічаў падрыхтоўцы педагогаў да ўдзелу ў конкурсах прафесійнага ўзроўню. Вынікі работы нашых настаўнікаў адзначаны прэміямі аблвыканкама і спецыяльнага прэзідэнцкага фонду. Педагогі прэзентуюць вопыт работы на старонках навукова-метадычных часопісаў. Удасканальваецца сістэма матэрыяльнага і маральнага стымулявання працы настаўнікаў.
Па словах І.У.Бараноўскай, педагогі імкнуцца задаволіць усе адукацыйныя запыты вучняў. Для гэтага прагназуюцца іх патрэбы. Любы напрамак прафесійнай дзейнасці, выбраны дзецьмі, падмацоўваецца не толькі магчымасцямі вучэбнага плана, але і спецыяльна арганізаванай пазаўрочнай работай, якая садзейнічае глыбокаму разуменню спецыфікі будучай прафесіі. На другой ступені навучання гімназісты выбіраюць далейшую адукацыйную траекторыю.
— У вучэбным плане гімназіі выдаткаваны гадзіны на вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні, падрыхтоўку да экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання, а таксама на ўсебаковае развіццё вучняў, — адзначае І.У.Бараноўская. — На базе гімназіі працуюць 12 міжшкольных факультатываў. Пры падтрымцы раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму і РАУС наладжана супрацоўніцтва з УВА. Так, з 8 класа вучні наведваюць выязныя курсы факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі БНТУ па фізіцы, матэматыцы, рускай і беларускай мовах. Дзякуючы ўзаемадзеянню з Акадэміяй МУС Беларусі, з 2006 года ажыццяўляецца набор у прававыя класы.
На кожнай ступені адукацыі арганізавана работа па падрыхтоўцы вучняў да прадметных алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый за кошт стымулюючых заняткаў. У мінулым навучальным годзе індывідуальныя заняткі наведвалі 94 гімназісты.
— Вялікая ўвага ўдзяляецца пазаўрочнай дзейнасці, якая ўяўляе сабой прадуманую сістэму мерапрыемстваў, накіраваных на выхаванне лепшых чалавечых якасцей: дні здароўя, выставы арт-аб’ектаў, акцыі па энергазберажэнні, конкурсы, інтэлектуальныя марафоны, работа навуковага таварыства вучняў “Эйдас” і інш., — расказвае І.У.Бараноўская. — Педагогі развіваюць цікавасць вучняў да творчасці праз арганізацыю літаратурных віктарын і інсцэніровак літаратурных твораў на рускай, беларускай і англійскай мовах. Тэатральныя калектывы гімназіі паспяхова выступаюць на раённых і абласных фестывалях школьнікаў. Вучні з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі і розных міжнародных конкурсаў.
У гімназіі рэалізоўваецца праграма самавызначэння падлеткаў, якая прадугледжвае развіццё навыкаў дарослых адказных паводзін. Старшакласнікі арганізоўваюць і праводзяць выбары старшыні пярвічнай арганізацыі БРСМ. Выбары асвятляюцца ў гімназічнай газеце і на гімназічным сайце. Дзеці, якія займаюцца гэтым, робяць першыя прафесійныя крокі і ў далейшым становяцца студэнтамі факультэтаў журналістыкі. Гімназічная газета з’яўляецца стартавай пляцоўкай і для юных паэтаў.
— Важнае месца ў стварэнні адукацыйнага асяроддзя гімназіі займае матэрыяльна-тэхнічная база, — заўважае І.У.Бараноўская. — Гэта адна з галоўных умоў павышэння якасці выкладання прадметаў і здароўезберажэння. У гімназіі шмат зроблена для забеспячэння адукацыйнага працэсу сучаснымі сродкамі навучання, стварэння камфортных умоў для работы і вучобы. Так, за апошнія гады былі адрамантаваны вучэбныя кабінеты і актавая зала, заменены аконныя блокі, набыты новы камп’ютарны клас і кабінет фізікі. У найбліжэйшы час неабходна вырашыць пытанні, звязаныя з умацаваннем спартыўнай базы і абсталяваннем кабінетаў біялогіі і хіміі сучаснымі сродкамі навучання. Гэта дазволіць палепшыць падрыхтоўку выпускнікоў да паступлення ў Акадэмію МУС Беларусі і медыцынскія УВА.
Па словах І.У.Бараноўскай, у гімназіі аказваюцца платныя адукацыйныя паслугі. Разам з факультэтам даўніверсітэцкай падрыхтоўкі БНТУ праводзіцца дыягнастычнае тэсціраванне для вучняў 7—9 класаў па фізіцы, матэматыцы, рускай, беларускай і англійскай мовах.
Гімназісты актыўна ўдзельнічаюць у розных працоўных справах. Так, для патаннення харчавання ажыццяўляецца саманарыхтоўка сельскагаспадарчай прадукцыі. Пэўны прыбытак прыносіць збор другаснай сыравіны.
— Мэтанакіраваная работа па ўдасканаленні ўсіх кампанентаў адукацыйнага асяроддзя гімназіі прыносіць плён, — гаворыць І.У.Бараноўская. — Так, павялічылася колькасць жадаючых вучыцца ў гімназіі. Палепшылася паспяховасць вучняў. Гімназісты вынікова выступаюць на розных этапах рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. З 2010 года нашы вучні 5 разоў станавіліся стыпендыятамі спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі. Штогод ад 97% да 100% выпускнікоў становяцца студэнтамі УВА, прычым больш за 80% на бюджэтнай форме навучання. Паводле даных Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, наша гімназія ўвайшла ў лік 20 лепшых устаноў адукацыі па выніках ЦТ у 2014 годзе. Радуюць і сёлетнія вынікі ЦТ, якія вышэйшыя за агульнарэспубліканскія вынікі вучняў гімназій. Наш выхаванец Іван Падгайскі атрымаў 100 балаў па рускай мове.
Шматгадовая работа па стварэнні адукацыйнага асяроддзя гімназіі, якое садзейнічае сацыялізацыі вучняў, даволі плённая. Так, усе 89 выпускнікоў 2009 і 2010 гадоў сталі дыпламаванымі спецыялістамі ў розных сферах дзейнасці. З іх — 21 інжынер, 19 урачоў, 14 эканамістаў, 8 педагогаў, 8 юрыстаў. 17 выпускнікоў 2007—2010 гадоў вярнуліся на малую радзіму. Педкалектыў гімназіі імкнецца, каб кожны вучань знайшоў сваё месца ў жыцці.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.