Адукацыйныя стратэгіі Мінска

- 12:36Якасць адукацыі

Выхаваўча-адукацыйная сістэма Мінска заўсёды вызначалася зладжанасцю і ўкараненнем наватарскіх падыходаў. Не сакрэт, што сталічная сістэма адукацыі з’яўляецца арыенцірам для рэгіёнаў. Мінулы год у Мінску таксама стаў насычаным на падзеі і факты, якія былі ў цэнтры абмеркавання педагагічнай супольнасці. Сёння на старонках нашай газеты старшыня камітэта па адукацыі Міхаіл Уладзіміравіч Мірончык спыняецца на самых важкіх момантах адукацыйнага года — 2015.

* * *

— Актуальным у рэалізацыі стратэгічнай мэты развіцця шматфункцыянальнай сістэмы дашкольнай адукацыі сталіцы з’яўляецца функцыянаванне груп кароткачасовага знаходжання дзяцей. У 2015 годзе ў нас дзейнічала 398 такіх груп. Арганізавана работа 6 сямейных груп (Фрунзенскі і Маскоўскі раёны).
На базы 4 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў 2015 годзе былі выведзены 4 старшыя групы дзіцячых садоў (выхаванцы 6 гадоў і больш, якія па рашэнні бацькоў не прыступілі да заняткаў у 1 класе). Гэты праект рэалізоўваўся ў Першамайскім раёне.

* * *

— Вялікую ўвагу ўдзяляем павышэнню якасці агульнай сярэдняй адукацыі на аснове выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій. На працягу двух гадоў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Мінска рэалізуецца рэгіянальны пілотны праект “Апрабацыя мадэлі кіруемага развіцця адукацыйных паслуг для фарміравання і стымулявання самаадукацыйнай дзейнасці вучняў сродкамі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій” (“Электронная школа”). У 2015 годзе ў рамках рэалізацыі праекта ў 15 установах агульнай сярэдняй адукацыі сталіцы ажыццяўлялася доследна-прамысловая эксплуатацыя ўкаранення інтэлектуальных дакументаў “Карта навучэнца”, электронных журналаў і дзённікаў на аснове платформы http://schools.by.
Шаснаццаты раз па выніках заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у 2015 годзе каманда Мінска стала першай у камандным заліку. Якасць падрыхтоўкі нашых навучэнцаў пацвярджаецца медалямі, атрыманымі ў 2015 годзе на міжнародных алімпіядах: 4 бронзавыя, 8 сярэбраных. На алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць” (Расія, 2015) у нас абсалютная перамога. Першае агульнакаманднае месца на рэспубліканскім конкурсе даследчых работ навучэнцаў.
Па выніках удзелу ў заключным этапе рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару (канферэнцый) сярод вучняў па вучэбных прадметах у 2015 годзе пераможцам стаў 61 чалавек (42 работы). Да заахвочвання прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь былі рэкамендаваны 60 пераможцаў.

* * *

— Арганізацыя работы па павышэнні прафесійнага майстэрства педагогаў па-ранейшаму з’яўляецца актуальнай. У 2014/2015 навучальным годзе Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі 204 разы было праведзена павышэнне кваліфікацыі на бюджэтнай аснове. Сваю кваліфікацыю павысілі 7185 слухачоў (пры плане — 6958 чалавек). Больш за 500 педагогаў прайшлі павышэнне кваліфікацыі ў галіне выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.
Прафесарска-выкладчыцкі склад факультэта павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў прадстаўлены 47 супрацоўнікамі, з якіх 5 дактароў навук і 19 кандыдатаў навук.
Супрацоўнікамі інстытута ў 2014/2015 навучальным годзе былі распрацаваны і выдадзены 2 зборнікі навуковых прац; 84 адзінкі падручнікаў, вучэбна-метадычных, практычных і даведачных дапаможнікаў; апублікавана больш за 260 артыкулаў і тэзісаў у айчынных і замежных выданнях агульным тыражом больш за 870 000 экзэмпляраў. Інстытут выдае на рускай, беларускай і англійскай мовах навукова-метадычны часопіс “Веснік МГІРА”.
Метадычная сетка горада ўключае 248 раённых метадычных фарміраванняў для кіраўнікоў і педагогаў устаноў адукацыі. Значна павялічылася колькасць устаноў адукацыі, якія ўдзельнічаюць у эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці. На базе сярэдняй школы № 61 Мінска рэалізуецца рэгіянальны праект “Стварэнне шматпрофільнага сацыякультурнага адукацыйнага рэсурснага цэнтра сталіцы”.

* * *

— Калі гаварыць пра сферу прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, то з верасня 2015 года ў Мінскім дзяржаўным каледжы сферы абслугоўвання на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі адкрыта падрыхтоўка па спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя” з прысваеннем кваліфікацыі “настаўнік”.
Акрамя таго, для груп набору 2015/2016 навучальнага года ў каледжы сферы абслугоўвання па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” арганізавана навучанне ў завочнай форме. Плануецца, што з ліпеня бягучага года пачне функцыянаваць Мінскі дзяржаўны педагагічны каледж, дзе будуць рыхтаваць спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй па спецыяльнасцях “Дашкольная адукацыя”, “Пачатковая адукацыя”.
Згодна з Дырэктывай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31.12.2010 № 4 “Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь”, у 2015 годзе на базе Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя М.А.Кедышкі працягваў дзейнічаць вучэбны салон-магазін “ПрафМайстар”, у якім рэалізоўваецца прадукцыя, вырабленая навучэнцамі і работнікамі ўстаноў ПТА і ССА ў вучэбных майстэрнях падчас вытворчага навучання i вытворчай практыкi.

* * *

— Важным напрамкам развіцця сталічнай сістэмы адукацыі з’яўляецца будаўніцтва аб’ектаў адукацыі. Агульны аб’ём фінансавых сродкаў, накіраваных на новае будаўніцтва і рэканструкцыю аб’ектаў адукацыі ў 2015 годзе, складае 421,6 млрд рублёў (у 2014-м было 699,96 млрд рублёў).
У адпаведнасці з інвестыцыйнай праграмай былі пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю 2 агульнаадукацыйныя школы. Гэта сярэдняя школа № 56 на 1020 месцаў у мікрараёне Каменная Горка — 4 (Фрунзенскі раён) і сярэдняя школа № 32 на 1020 месцаў у мікрараёне Лябяжы (Цэнтральны раён).
Акрамя таго, пабудавалі і засялілі 3 дашкольныя ўстановы: № 39 на 230 месцаў у мікрараёне Каменная Горка — 1 (Фрунзенскі раён), № 28 на 190 месцаў у мікрараёне Лябяжы і ў межах вуліцы Веснінка — зав. Веснінка — пр. Пераможцаў (Цэнтральны раён) № 32 на 100 месцаў.

Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ.