Адукацыя асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (АПФР) з’яўляецца адной з прыярытэтных задач дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь
У нашай краіне асобы з АПФР маюць права на жыццё ва ўмовах, якія мала адрозніваюцца ад умоў жыцця іх аднагодкаў і спрыяюць упэўненасці ў заўтрашнім дні і камфортнасці быцця, якія забяспечваюць прызнанне правоў дзіцяці на індывідуальнасць і ўнікальнасць праз улік у адукацыйных праграмах шырокай разнастайнасці іх асаблівасцей і патрэб.
Ахоп дадзенай катэгорыі дзяцей спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай складае 99,9%.
Сетка ўстаноў адукацыі, якія забяспечваюць атрыманне спецыяльнай адукацыі і карэкцыйна-педагагічнай дапамогі навучэнцамі з АПФР уключае:
141 цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі;
47 спецыяльных дашкольных устаноў;
24 спецыяльныя агульнаадукацыйныя школы (спецыяльныя агульнаадукацыйныя школы-інтэрнаты);
25 дапаможных школ (дапаможных школ-інтэрнатаў);
1769 спецыяльных груп і 1515 груп інтэграванага навучання і выхавання ва ўстановах дашкольнай адукацыі;
165 спецыяльных класаў і 4951 клас інтэграванага навучання і выхавання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі;
3586 пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі ва ўстановах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі.
Удасканальваецца навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыі асоб з АПФР, абноўлены змест асобных вучэбных праграм па вучэбных прадметах, праграм карэкцыйных заняткаў. У 2019/2020 навучальным годзе ва ўстановах адукацыі рэалізоўваліся 5 эксперыментальных і 7 інавацыйных праектаў, накіраваных на ўдасканаленне адукацыйнага працэсу для асоб з АПФР.
У вучэбных дапаможніках для асоб з АПФР выкарыстоўваецца тэхналогія дапоўненай рэальнасці, а ў дапаможніках, якія выдаюцца на аснове рэльефна-кропкавай сістэмы Брайля, маюцца спасылкі на электронныя крыніцы, пераведзеныя ў спецыяльна створаны DAISY-фармат.
Працягваецца работа па ўдасканаленні сістэмы ранняй комплекснай дапамогі дзецям з АПФР, развіцці інклюзіўных працэсаў у адукацыі. Функцыянуе 138 кабінетаў ранняй комплекснай дапамогі, у якіх яе атрымалі больш за 1,5 тысячы дзяцей з АПФР.
Для пашырэння магчымасцей дзяцей з АПФР ва ўстановах адукацыі рэалізуюцца навукова-даследчыя і эксперыментальныя праекты, накіраваныя на развіццё інклюзіўных працэсаў у адукацыі. А пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) праводзіцца работа па стварэнні рэгіянальных рэсурсных цэнтраў інклюзіўнай адукацыі і інш.