Сучасны свет, які глабалізуецца, дыктуе свае правілы: падрастаючае пакаленне павінна быць адукаваным і валодаць кампетэнцыямі міжкультурнага ўзаемадзеяння, прадукцыйных і бесканфліктных зносін, моўнымі навыкамі; быць адказным, прымаючы рашэнні, справядлівым і праяўляць разуменне ў сітуацыях сацыяльна-культурнай разнастайнасці. Навучэнцы і студэнты павінны стаць актыўнымі грамадзянамі.
“Асноўная адказнасць у гэтай сферы кладзецца на адукацыю, якая забяспечвае сацыяльную інтэграцыю і згуртаванасць, міжкультурны дыялог і паразуменне, развіццё дэмакратычнай культуры і грамадзянскасці”, — адзначыла начальнік Каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў мэтах устойлівага развіцця” БДПУ імя Максіма Танка Інеса Зубрыліна.
Падчас фестывалю інавацыйных АУР-практык, які праходзіў у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, адна з педагагічных майстэрняў была прысвечана развіццю адукацыі ў глабальнай супольнасці. Глабалізацыя — гэта інтэграцыя ўсіх сфер чалавечай дзейнасці. Але ці гатовы мы да такога аб’яднання, калі кожны народ, нацыя мае свае адметнасці і хоча іх захоўваць для нашчадкаў? У прыватнасці, праблема з мігрантамі, якая закранула амаль усю Еўропу, яскрава сведчыць пра тое, што многія не гатовы праяўляць талерантнасць (цярпімасць да іншага светапогляду, ладу жыцця, паводзін і звычаяў).
Што дапаможа людзям стаць больш цярпімымі? Адукацыя, якая нясе веды пра гісторыю розных краін, дае разуменне ўзаемасувязей. Менавіта адукацыя з’яўляецца асноўнай прыступкай для ўспрымання і вырашэння праблем глабалізацыі. Такія думкі выказвалі студэнты-псіхолагі педагагічнага факультэта, якія разам са школьнымі настаўнікамі сталі ўдзельнікамі педагагічнай майстэрні.
Калі прааналізаваць парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года, то становіцца відавочным, што адукацыя непасрэдна ўплывае на прасоўванне іншых мэт на ўсіх узроўнях грамадства. І гэта, нягледзячы на тое, што з 17 Мэт устойлівага развіцця толькі адна прысвечана адукацыі. У дакуменце ААН “Мэты ў галіне ўстойлівага развіцця” ёсць пункт “Забеспячэнне поўнай і якаснай адукацыі для ўсіх і садзейнічанне працягламу навучанню, якое ўключае ў сябе выхаванне глабальнай грамадзянскасці”.
Актуальным становіцца тэрмін “глабальная грамадзянскасць”, які абагульняе сацыяльныя, палітычныя, экалагічныя і эканамічныя дзеянні асоб і супольнасцей, што мысляць глабальна ў сусветным маштабе. Дадзены тэрмін грунтуецца на тым, што некаторыя асобы з’яўляюцца членамі разнастайных мясцовых і міжнародных арганізацый, а не асобных суб’ектаў з ізаляваных супольнасцей. Садзейнічанне глабальнай грамадзянскасці ва ўстойлівым развіцці дазволіць людзям прыняць на сябе сацыяльную адказнасць за дзеянні ў інтарэсах грамадства, а не толькі асабістых.
“Усведамленне ролі адукацыі ў інтарэсах устойлівага дэмакратычнага грамадства актуалізуе праблему мадэрнізацыі педагагічнай адукацыі. Перш за ўсё дэмакратычнаму полікультурнаму грамадству патрабуецца пераход ад педагогікі няўдзелу да стварэння ўмоў для актыўнага саўдзелу грамадзян, падыходу, які прадугледжвае апору на сацыякультурны вопыт навучэнцаў, улік іх індывідуальных асаблівасцей, спалучэнне калектыўных і індывідуальных форм работы, шырокае выкарыстанне інтэрактыўнага навучання, уключэнне ў змест навучання актуальных сацыяльных сітуацый і праблем.
Сучасная сістэма адукацыі на ўсіх яе ўзроўнях, арыентаваная на забеспячэнне ўстойлівага дэмакратычнага грамадства, павінна спрыяць фарміраванню ў навучэнцаў кампетэнцый, якія заснаваны на ведах, разуменні, здольнасцях і адносінах, своеасаблівай мадэлі кампетэнтнасцей для фарміравання дэмакратычнай культуры, прапанаванай Саветам Еўропы”, — адзначыла Інеса Зубрыліна.
У рамках фестывалю прайшлі публічныя лекцыі кіраўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання і міжнародных арганізацый, серыя тэматычных майстар-класаў па найбольш актуальных напрамках адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця. У прыватнасці, размова ішла пра ролю педагога ў рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця, узаемадзеянне школы з мясцовай супольнасцю ў дасягненні МУР, экасяброўскія паводзіны, захаванне гісторыка-культурнай спадчыны.
У фестывалі прынялі ўдзел прадстаўнікі розных устаноў адукацыі (дзіцячых садкоў, школ, універсітэтаў, цэнтраў дзіцячай творчасці, рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі) і грамадскіх арганізацый, ініцыятары адукацыйных паслуг, накіраваных на забеспячэнне экалагічнай цэласнасці, эканамічнай устойлівасці, сацыяльнага дабрабыту і развіццё чалавечых рэсурсаў мясцовых супольнасцей і рэгіёнаў.
У 2016 годзе дадзеная мадэль была апрабавана ў шэрагу еўрапейскіх краін. Удзельнікамі праекта Савета Еўропы “Кампетэнцыі для фарміравання дэмакратычнай культуры” сталі і беларускія педагогі — настаўнікі англійскай мовы Мінска. Практычнай базай ажыццяўлення праекта стаў дапаможнік Tasks for Democratic Culture, які складаецца з шасцідзесяці прыёмаў, накіраваных на развіццё згаданага спектра кампетэнцый.
“Аднак не ўсе прыёмы падыходзяць нашым навучэнцам. Пасля маніторынгу вынікаў дадзенага пілотнага праекта ў Беларусі можна адзначыць, што нашы дзеці яшчэ не гатовы абмяркоўваць многія непрывычныя для іх тэмы, таму задач, якія стаяць перад будучымі і сённяшнімі настаўнікамі, вельмі шмат. Якія ж прыёмы, метады і сродкі з’яўляюцца найбольш эфектыўнымі ў гэтым кантэксце?
Перадача сацыяльных і дэмакратычных каштоўнасцей праз адукацыю і падмацаванне іх рэальнай адукацыйнай практыкай: немагчыма развіць навыкі дэмакратычнага жыцця па-за практыкай дэмакратычнага ўдзелу ў штодзённым жыцці школы. Фарміраванне кампетэнцый для дэмакратычнай культуры прадугледжвае ўключэнне ў змест навучання (незалежна ад вучэбнага прадмета) агульначалавечых, гуманістычных каштоўнасцей і міжкультурнага кантэнту і дыялогу.
Засваенне такога сацыяльна-культурнага кампанента будзе садзейнічаць прыняццю культурнай разнастайнасці свету, талерантнасці ў галіне міжкультурных адносін, гатоўнасці да дыялогу і ўзаемаразумення”, — працягнула Інеса Уладзіміраўна.
Практычнымі крокамі беларускіх настаўнікаў у гэтым кірунку з’яўляюцца актыўнае выкарыстанне ў адукацыйным працэсе інтэрнэт-праектаў, арганізацыя і правядзенне лінгвакраязнаўчых лагераў, трансгранічнае супрацоўніцтва, а таксама тэхналогія ўключанага падглядання, якую прыдумала Інеса Зубрыліна.
“У бізнесе ёсць тэрмін bench-making, які абазначае працэс вызначэння, разумення і адаптацыі існуючых прыкладаў эфектыўнага функцыянавання кампаніі з мэтай паляпшэння ўласнай працы. У адукацыйным працэсе гэты падыход таксама з’яўляецца вельмі эфектыўным, доказам чаму можа служыць інтэрактыўная выстава “АУР для ўсіх: вопыт арганізацыі практык адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця ў мясцовых супольнасцях, установах і грамадскіх арганізацыях”, — патлумачыла Інеса Уладзіміраўна.
Далей у педагагічнай майстэрні “Адукацыя ў глабальнай супольнасці” прадстаўнікі некаторых агульнаадукацыйных навучальных устаноў рэспублікі падзяліліся сваім вопытам работы ў галіне ўстойлівага развіцця. Напрыклад, настаўніца выяўленчага мастацтва гімназіі № 4 Віцебска Таццяна Мар’янаўна Даргель прадставіла практыку арганізацыі і правядзення інтэрнэт-праектаў па аб’яднанні дзейнасці партнёрскай сеткі школ устойлівага развіцця. Педагог гімназіі № 1 Слоніма Ірына Іосіфаўна Валынец прадставіла вопыт работы гімназіі ў міжнародным экалагічным праекце “Экалогія ў рэжыме рэальнага часу”. А настаўніца англійскай мовы гімназіі Браслава Вольга Лукша расказала пра шырокае міжнароднае супрацоўніцтва сваёй навучальнай установы, пра развіццё практык полікультурнага ўзаемадзеяння і выхавання.
Даведка
17 Мэт устойлівага развіцця былі зацверджаны ў канцы 2015 года на саміце ААН і прадстаўлены ў дакуменце “Пераўтварэнне нашага свету: парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года”.
Кожная з прадстаўленых устаноў на лакальным узроўні практыкуе ўзаемадзеянне паміж людзьмі, іх аб’яднанне вакол ідэі. Тут вучаць экалогіі ў прамым і пераносным значэнні гэтага слова, беражліваму стаўленню не толькі да прыроды, але і да людзей, незалежна ад іх веравызнання, нацыянальнасці, культурных адметнасцей.
“Працэс развіцця дэмакратычных кампетэнцый і шлях да глабальнай грамадзянскасці можа быць рэалізаваны толькі праз навучанне дзеяннем. Гэта стварэнне праблемных сітуацый, якія мадэлююць сацыяльныя праблемы жыцця ў грамадстве і ўцягваюць навучэнцаў у іх вырашэнне. Такім чынам, у педагагічнай адукацыі і ў сістэме павышэння кваліфікацыі настаўнікаў павінна ўзмацняцца так званая калектыўная стратэгія выкладання і навучання, якая ўключае ў сябе навучанне ў супрацоўніцтве, дыялог культур, актыўнае навучанне, работу ў камандзе.
Менавіта гэтая стратэгія, як сведчыць міжнародны вопыт, з’яўляецца найбольш эфектыўнай для фарміравання сацыяльных, культурных, этычных, палітычных ведаў і ўменняў, міжкультурнага ўзаемадзеяння, сацыяльнай адказнасці”, — рэзюмавала Інеса Зубрыліна.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.