«Адукацыя XXI стагоддзя: традыцыі і інавацыі». Педагагічны марафон у Віцебску аб’яднаў звыш 250 удзельнікаў

- 15:24Образование

Звыш 250 удзельнікаў аб’яднала ў Віцебску навукова-­практычная канферэнцыя “Адукацыя XXI стагоддзя: традыцыі і інавацыі”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Маштабны двухдзённы педагагічны марафон на базе абласнога інстытута развіцця адукацыі ўключаў разнастайныя інтэрактыўныя формы работы, у тым ліку круглы стол, псіхолага-педагагічны брыфінг, метадычныя пляцоўкі і майстар-класы. Па словах загадчыка кафедры педагогікі, прыватных методык і менеджменту адукацыі ВАІРА Ірыны Селязнёвай, ідэя форуму ўзнікла ў мінулым годзе, калі інстытут арганізаваў канферэнцыю, прысвечаную развіццю інтэлектуальнай адоранасці навучэнцаў. Мерапрыемства выявіла высокую зацікаўленасць настаўніцкай супольнасці, выклікала значны рэзананс не толькі на Віцебшчыне, але і за яе межамі. Акрамя таго, стаў відавочны запыт на пашырэнне фармату мерапрыемства, каб ахапіць як мага больш аспектаў адукацыйнага працэсу. У выніку праблемнае поле цяперашняй канферэнцыі закранала ўсе ўзроўні сучаснай адукацыі, а да работы разам з прадстаўнікамі ўсіх рэгіёнаў нашай краіны далучыліся расіяне. Прычым асабліва актыўна — партнёры ВАІРА з Омскай, Пскоўскай абласцей і калегі з Растова, кантакты з якімі ў віцяблян умацоўваюцца з кожным годам.

Сярод удзельнікаў форуму былі кіраўнікі ўстаноў адукацыі, вядучыя настаўнікі, выхавальнікі, выкладчыкі вышэйшай школы, вядомыя беларускія вучоныя-метадысты. Напрыклад, пра актыўныя формы навучання і іх ужыванне ў сучаснай школьнай практыцы вельмі цікава расказала кандыдат педагагічных навук дацэнт Ала Гараніна (кафедра беларускай і замежнай літаратуры БДПУ). Парады па выкладанні беларускай мовы па новых падручніках прагучалі ад кандыдата педагагічных навук дацэнта Святланы Мартынкевіч (кафедра педагогікі, прыватных методык і менеджменту адукацыі ВАІРА). Яе калега па кафед­ры, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Ала Мільман зрабіла акцэнт на пытаннях грамадзянскай асветы і ролі педагагічнай грамадскасці ў яе структуры. Вялікую ўвагу на пленарным пасяджэнні прыцягнулі выступленні прадстаўнікоў Нацыянальнага інстытута адукацыі. Так, намеснік дырэктара НІА па навукова-даследчай рабоце, доктар педагагічных навук, дацэнт Вольга Зелянко скіравала дыскусію ў напрамку развіцця функцыянальнай дасведчанасці навучэнцаў, а начальнік упраўлення дыстанцыйных адукацыйных паслуг кандыдат педагагічных навук Гюльнара Юстынская падрабязна спынілася на пытаннях пераемнасці ў працэсе навучання на кампетэнтнаснай аснове. Расіяне прапанавалі да разгляду арыгінальныя інтэрактыўныя методыкі, вопыт па прафілактыцы булінгу і духоўна-маральным выхаванні, прыклады эфектыўнага прымянення праектнага метаду, правядзення бацькоўскіх чытанняў.

— Мы не проста абмяняліся перадавым вопытам і перспектыўнымі метадычнымі ідэямі, што спалучаюць класічныя і інавацыйныя падыходы ў адукацыі, але і дэталёва азнаёміліся з найноўшымі навуковымі распрацоўкамі, якія педагогі могуць выкарыстоў­ваць у сваёй прафесійнай дзейнасці, — падкрэсліла першы прарэктар ВАІРА, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ганна Дзеравяга. — Падчас круглага стала абмеркавалі прадукцыйныя практыкі супрацоўніцтва сям’і і ўстановы адукацыі: правядзенне групавых бацькоўскіх сходаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі, формы ўзаемадзеяння настаўніка-дэфектолага з законнымі прадстаўнікамі непаўналетняга, сумесную работу з сем’ямі па фарміраванні здаровага ладу жыцця, удзел бацькоўскага самакіравання ў вырашэнні праб­лем выхавання, рэалізацыю абласных творчых праектаў “Сям’я + ЦЭНТР = Поспех”, “Сям’я і школа — шляхі эфектыўнага ўзаема­дзеяння”, “Школа бацькоўскага майстэрства”. Вырашэнню актуальных праблем навучання і выхавання ва ўмовах інклюзіі быў прысвечаны псіхолага-педагагічны брыфінг. На метадычных пляцоўках каштоўны вопыт прэзентавалі таленавітыя настаўнікі з Полацка, Магілёва, Наваполацка, Віцебска. Майстар-класы таксама прадставілі сапраўдныя асы сваёй справы, якія віртуозна валодаюць методыкай выкладання, — як спецыялісты ВАІРА, так і школьныя настаўнікі з Віцебска, Талачынскага раёна, Верхня­дзвінска. Характэрна, што адным з самых папулярных стаў “Майстар-клас пра майстар-клас” нашай Алы Міхайлаўны Мільман, дзе яна паказала методыку работы ў такім фармаце. Па водзывах удзельнікаў, канферэнцыя атрымалася змястоўнай, інфармацыйна насычанай і карыснай у плане трансляцыі вопыту. У перспектыве ёсць задума зрабіць яе традыцыйнай.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі