“У адвечным пошуку” — гэтыя словы вельмі трапныя для апісання людзей, што займаюцца краязнаўствам. Пошук фактаў, сведак, крыніц, ісціны… А калі краязнаўцы працуюць у сістэме адукацыі, то яны ажыццяўляюць пошук і ў іншым кірунку — шукаюць, як зацікавіць дзяцей краязнаўчай дзейнасцю і натхніць іх на новыя ўласныя пошукі. Аб сваіх дасягненнях у гэтым кірунку вялі гаворку ўдзельнікі рэспубліканскага краязнаўчага форуму педагагічных работнікаў “Школьнае краязнаўства на сучасным этапе: пераемнасць традыцый і дасягненні”.
Краязнаўчыя сустрэчы — традыцыя, якая зарадзілася даволі даўно. Спачатку краязнаўцы, якія працуюць з дзецьмі, збіраліся на рэспубліканскіх краязнаўчых чытаннях, якія з цягам часу перараслі ў форум, і менавіта ў такім фармаце мерапрыемства ладзіцца апошнім часам. Краязнаўцы збіраюцца разам штогод, і кожны раз ім ёсць чым падзяліцца.
Сёлета рэспубліканскі краязнаўчы форум прайшоў у Слуцку. Адкрываючы мерапрыемства, навукоўцаў, педагогаў-краязнаўцаў з усіх рэгіёнаў краіны вітала дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства А.У.Ануфровіч. Алена Уладзіміраўна падкрэсліла выключную ролю краязнаўчай работы для грамадска-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення.
На гасціннай Міншчыне ўдзельнікаў форуму вітала першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Таццяна Валянцінаўна Апраніч, якая расказала аб сістэме краязнаўчай работы ў вобласці. Моладзь Міншчыны актыўна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх акцыях і конкурсах краязнаўчага кірунку. Сабраны падчас правя-дзення мерапрыемстваў матэрыял пра родны край вывучаецца, сістэматызуецца, тым самым папаўняюцца экспазіцыі музеяў устаноў адукацыі, адкрываюцца новыя музеі і музейныя пакоі. Нядаўна ў рэгіёне з’явіліся 5 новых музеяў, усяго іх — 337. 27 музеяў заслужана носяць званне “народны”. Экскурсіі, вучэбныя заняткі, сустрэчы, вахты памяці, урокі мужнасці — далёка не поўны пералік форм асветніцкай работы, якая праводзіцца музеямі. Усё больш развіваецца і набірае папулярнасць сетка віртуальных музеяў устаноў адукацыі Міншчыны, якіх ужо 12. У краязнаўчыя мерапрыемствы актыўна ўцягваюцца бацькі вучняў у працэсе сумеснага правядзення паходаў і экскурсій, пошукава-даследчай дзейнасці, тэматычных свят, працоўных дэсантаў па навядзенні парадку на сацыяльна значных аб’ектах, арганізацыі сустрэч з ветэранамі.
Тэмп краязнаўчаму руху ў сферы адукацыі ў нашай краіне традыцыйна задае Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. Намеснік дырэктара цэнтра Лідзія Андрэеўна Жур акрэсліла асноўныя дасягненні і кірункі гэтага руху. У нашай краіне створана і ўдасканальваецца цэласная сістэма грамадзянскага і патрыятычнага выхавання ва ўстановах адукацыі ўсіх узроўняў. Важнай часткай гэтай сістэмы сталі распрацаваныя Міністэрствам адукацыі рэспубліканскія акцыі, праекты “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, “Мы гэтай памяці верныя” і інш. Удзел у гэтых мерапрыемствах уцягнуў у сістэму краязнаўчай работы ўсе ўстановы адукацыі краіны. Навучэнцы — удзельнікі краязнаўчага руху становяцца захопленымі даследчыкамі свайго роду, малой радзімы, краіны, першаадкрывальнікамі шматлікіх гісторыка-культурных фактаў і падзей. Яны даведваюцца пра гісторыю і культуру свайго краю праз актыўныя формы пазнання — паходы, падарожжы, навуковыя экспедыцыі, экскурсіі, знаёмства з музейнымі экспазіцыямі і інш. Для таго каб юныя ўдзельнікі акцый змаглі падзяліцца сваімі ўражаннямі і дасягненнямі, штогод праводзяцца тэматычныя профільныя зборы ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства і ў НДЦ “Зубраня”. Для педагогаў-краязнаўцаў традыцыйным стала штогадовае правядзенне рэспубліканскіх семінараў кіраўнікоў музеяў устаноў адукацыі, краязнаўчых педагагічных чытанняў, форумаў. Актуальным становіцца распаўсюджванне дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій, якія дазваляюць арганізаваць профільнае навучанне не толькі ў гарадскіх, але і ў сельскіх установах адукацыі, забяспечыць доступ да якасных адукацыйных рэсурсаў вядучых адукацыйных цэнтраў краіны.
Важнае месца ў арганізацыі выхаваўчага працэсу належыць музеям. Сёння ва ўстановах адукацыі краіны працуе каля 1,5 тысячы музеяў розных профіляў. Ганаровае званне “народны” носяць каля 90 з іх. Розныя формы работы дазваляюць уключаць музей у цэласны адукацыйна-выхаваўчы працэс. Музеі з’яўляюцца своеасаблівымі візітоўкамі школ, ліцэяў, гімназій, каледжаў, універсітэтаў. Эфектыўным сродкам сацыялізацыі навучэнцаў з’яўляецца прымяненне інтэрактыўных форм работы: віртуальная экскурсія, квест-экскурсія, тэатралізаваная экскурсія, экскурсія-майстар-клас, музейнае свята, дэманстрацыя музейных прадметаў у дзеянні і інш.
У рамках супрацоўніцтва музеяў устаноў адукацыі і дзяржаўных музеяў сістэмы культуры рэкамендуецца ствараць музейна-педагагічныя праграмы. Такая праграма, аб’ядноўваючы два блокі — “установа адукацыі ў адукацыйнай прасторы музея” і “музейная педагогіка ва ўстанове адукацыі”, адначасова можа з’яўляцца мадэллю рэалізацыі інавацыйнай адукацыйнай практыкі музея. Мадэль адкрывае магчымасць найбольш эфектыўнага супрацоўніцтва. Лідзія Андрэеўна Жур падкрэсліла, што неабходна забяспечыць узаемадзеянне музеяў сістэмы Міністэрства адукацыі і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, якое можа ўключаць аказанне метадычнай і практычнай дапамогі музеям устаноў адукацыі, правядзенне сумесных мерапрыемстваў: семінараў, аглядаў-конкурсаў, цыклаў экскурсій, свят і інш.
У краіне дзейнічае праграма супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквой, у рамках якой праходзяць сумесныя навуковыя даследаванні па духоўна-маральнай, псіхолага-педагагічнай, царкоўна-гістарычнай і культуралагічнай тэматыцы. Праводзяцца конкурсы, навукова-практычныя канферэнцыі, семінары і г.д. У гэтым навучальным годзе ў Мінску прайшлі праваслаўныя калядныя чытанні, Рэспубліканскі семінар “Гісторыя праваслаўя роднага краю: вопыт і методыка вывучэння”.
На слуцкай зямлі ўдзельнікам форуму было камфортна і цікава. У мінулым годзе Слуцк адзначыў сваё 900-годдзе. Мясцовасць гэтая багатая гісторыяй і традыцыямі. І для краязнаўцаў было проста немагчыма з імі не пазнаёміцца. Госці прайшліся па вуліцах горада і ўбачылі яго славутасці, усклалі кветкі да помніка воінам-вызваліцелям. Больш даведаліся аб адным з сімвалаў не толькі Слуцка, але і наогул нашай краіны — слуцкіх паясах, наведаўшы музей, прысвечаны гісторыі іх стварэння. І калі аб слуцкіх паясах ведае кожны беларус, то аб укладзе выхадцаў са слуцкай зямлі ў асваенне космасу вядома не так шмат. На выставе ў галерэі мастацтваў імя У.С.Садзіна краязнаўцы даведаліся, што каля 30 случчан так ці інакш маюць дачыненне да гэтай справы, і ўбачылі мноства цікавых касмічных экспанатаў.
Парадаваліся спецыялісты, што багатую гісторыю слуцкай зямлі ёсць каму вывучаць. Навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна падрыхтавалі выставу, дзе расказалі аб праектнай, клубнай, музейнай, навукова-даследчай дзейнасці. Так, вучні гімназіі № 1 Слуцка прэзентавалі шэраг даследчых работ, прысвечаных тэме “Слуцкі след у космасе”. Актыўную даследчую работу вядуць і падлеткі ў Мінскім абласным кадэцкім вучылішчы. Іх праекты аб’яднаны тэмай “Мая малая радзіма”. Выклікалі зацікаўленасць прэзентацыі турысцка-краязнаўчых клубаў “Пошук” Паўстынскай сярэдняй школы і “Пегас” Слуцкага цэнтра турызму — членаў Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА, а таксама клуба гістарычнай рэканструкцыі ваеннай тэхнікі, што дзейнічае ў Слуцкім цэнтры тэхнічнай і прыкладной творчасці навучэнскай моладзі.
Падрабязней аб адукацыйнай прасторы Слуцкага раёна і грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнцаў устаноў адукацыі сродкамі турысцка-краязнаўчай дзейнасці расказаў Андрэй Васільевіч Нядзелька, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Слуцкага райвыканкама. Далучэнне да нацыянальных каштоўнасцей роднага краю пачынаецца з самага малодшага ўзросту. У 20 дашкольных установах адукацыі створаны міні-музеі “Беларуская хатка”, у кожнай установе дзейнічаюць нацыянальныя куткі. Для вывучэння аднаго з відаў традыцыйнага нацыянальнага майстэрства — ручнога ткацтва, на прыкладзе тэхналогіі габелена створана 16 аб’яднанняў па інтарэсах, працуюць 4 фальклорныя гурткі. Сапраўдным сэрцам краязнаўчай работы раёна стаў Слуцкі цэнтр турызму і краязнаўства, дзе ў 66 турысцка-краязнаўчых аб’яднаннях займаецца каля тысячы дзяцей. У цэнтры з’яўляюцца аб’яднанні з новымі кірункамі работы: “Юныя фалькларысты”, “Магія народнага танца”, аб’яднанне, дзе вывучаюць ваенную гісторыю Беларусі. Добрай традыцыяй стала правядзенне штогод раённых краязнаўчых чытанняў, фестывалю бардаўскай песні.
Для сучаснай адукацыйнай палітыкі Беларусі асабліва актуальныя ідэі фарміравання адзінай адукацыйнай прасторы, заснаванай на рэгіянальным кампаненце з апорай на патэнцыял музеяў і музейнай педагогікі. Удзельнікі форуму шчыра дзяліліся вопытам работы, цікавымі ідэямі, якія рэалізаваны ў іх установах, гарадах, раёнах.
Так, напрыклад, Максім Васільевіч Камароў, дырэктар Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі “Ветразь” Магілёва, расказаў аб правядзенні літаратурна-краязнаўчага турніру “Мы — магіляўчане” ў рамках шостага школьнага дня. Турнір прысвечаны 750-годдзю Магілёва і праводзіцца ў межах рэспубліканскай акцыі “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”. Гэта шматэтапны праект, арыентаваны на вучняў 6—9 класаў. Этапамі турніру сталі кіналекторый “Магілёў у гістарычных фотаздымках” і пытанні па ім, конкурс на лепшага чытальніка вершаў аб родным краі, фотаконкурс “Магілёў вачыма дзяцей”, віктарына па валоданні беларускай мовай і грамадская дыктоўка. Завяршэннем турніру стануць серыя лекцый “Магілёў — мінулае і сучаснае” і гульня-квест.
Застаецца цікавай для моладзі пошукавая работа, асабліва калі яна мае такі вынік, які атрымалі ўдзельнікі дзіцячай секцыі пошукавай групы “Ольса”, што дзейнічае пры Клічаўскім ЦДТ Магілёўскай вобласці. Пошукавая група знайшла ў клічаўскіх лясах самалёт, збіты восенню 1943 года, удалося высветліць лёс членаў яго экіпажа. Падрабязнасці гэтай гісторыі расказала Лілія Іванаўна Счыслёнак, метадыст ЦДТ.
Мікалай Юр’евіч Курыловіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 111 Мінска, расказаў аб краязнаўчай анімацыі, якая можа стаць цікавым хобі сучаснага школьніка. У школе працуе студыя краязнаўчай анімацыі, якая запрашае навучэнцаў увайсці ў свет стварэння мультфільма праз гульню, якая абавязкова прысутнічае ў працэсе анімацыйнай творчасці. Удзельнікі студыі і глыбока вывучаюць родны край для стварэння мультфільмаў і перадаюць веды тым, хто іх анімацыйныя творы глядзіць.
Дзеці, што займаюцца ў Брагінскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, таксама ствараюць фільмы, толькі не анімацыйныя, а дакументальныя. Такая дзейнасць можа выступаць у якасці інавацыйнай формы вывучэння гісторыі роднага краю, упэўнена педагог цэнтра Надзея Іванаўна Мялешка. Фільм брагінскіх навучэнцаў, прысвечаны тэме наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, быў высока ацэнены на некалькіх фестывалях дакументальнага кіно.
Аб інавацыйных формах работы гісторыка-краязнаўчага музея Косаўскай сярэдняй школы расказала Наталля Яўгенаўна Бялевіч. Акрамя традыцыйных аглядных экскурсій, у музеі праводзяць тэматычныя экскурсіі і музейныя заняткі, якія праходзяць у гульнявой і тэатралізаванай форме. Экскурсаводы ўзнаўляюць карціны жыцця нашых продкаў, іх побыт і звычаі. Наведвальнікі музея могуць паўдзельнічаць у беларускіх народных гульнях, паспрабаваць сябе ў ролі гаспадыні ці гаспадара сялянскага дома, уявіць сябе вучнем школы другой паловы ХХ стагоддзя, пасядзеўшы за старой партай, пагартаўшы падручнікі таго часу, рашыўшы задачы з гэтых падручнікаў. Каб зацікавіць сучаснага наведвальніка, былі створаны відэаэкскурсіі, відэаролікі па гісторыі Івацэвіцкага раёна і Косава, відэапрэзентацыі аб знакамітых земляках. У рамках інавацыйнай дзейнасці школы створаны сеткавы праект “Падарожжа да вытокаў” па фарміраванні грамадзянска-патрыятычных якасцей асобы малодшага школьніка. Дзейнасць праекта арганізавана праз сайт, які створаны на Google-платформе для навучэнцаў, бацькоў і настаўнікаў у форме падарожжа з сістэмай заданняў на кожным этапе.
Завяршыўся форум краязнаўцаў круглым сталом. Спецыялісты ў сваіх выступленнях і падчас нефармальных зносін прапанавалі цікавыя ідэі, методыкі, гатовыя да прымянення, якія дапамогуць працаваць яшчэ больш эфектыўна і актыўна далучаць моладзь да ўсебаковага вывучэння сваёй радзімы.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.