Адзінае рэспубліканскае залічэнне стане явай?

- 14:35Актуально, Рознае

Што было і чаго чакаць ад уступнай кампаніі? На днях у Нацыянальным прэс-цэнтры краіны прайшла сустрэча з журналістамі старшыні дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2014 годзе Анатолем Мікалаевічам Рубінавым і міністрам адукацыі Сяргеем Аляксандравічам Маскевічам.
Сёлетняя ўступная кампанія была наватарскай у многіх сэнсах. Прынята новая рэдакцыя Правіл прыёму, праведзены дадатковыя наборы. Як жа гэта паўплывала на лёс абітурыентаў і што рыхтуе новы навучальны год, які для адзінаццацікласнікаў скончыцца не толькі здачай выпускных экзаменаў і ЦТ, але і, спадзяёмся, шчаслівым паступленнем. 

Карысныя лічбы

Адразу крыху статыстыкі. Сёлета першакурснікамі сталі 56,7 тысячы абітурыентаў. Школу ў гэтым годзе скончылі 55 тысяч адзінаццацікласнікаў. Паступалі і тыя, хто скончыў установы прафесійнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, выпускнікі мінулых гадоў.
Тэсціраванне праходзіла па 14 прадметах. У арганізацыі ЦТ было задзейнічана больш за 2 тысячы чалавек, у тым ліку каля 200 супрацоўнікаў Камітэта дзяржкантролю.
Уступную кампанію праводзілі галосна. Камісія па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў разглядала звароты абітурыентаў, іх бацькоў — як вусныя, так і пісьмовыя. Зваротаў было ўдвая менш, чым у мінулым годзе. Аналізаваліся яны калегіяльна спецыяльнай групай дзяржкамісіі, і пры магчымасці рашэнне прымалася на карысць абітурыента.

Пра тэрмін прыёму і кантрольныя лічбы

Кіраўнікі ўстаноў адукацыі не маюць права па сваёй ініцыятыве падоўжыць тэрмін прыёму дакументаў. У мінулым годзе міністр сельскай гаспадаркі, занепакоены тым, што ў ВНУ аграпрамысловага профілю было пададзена дакументаў менш, чым патрэбна сельскай гаспадарцы, прасіў аб дадатковым наборы. Гэта вырашалася на ўзроўні прэзідэнта. Тэрмін быў падоўжаны.
Нельга мяняць і кантрольныя лічбы прыёму на спецыяльнасці пасля таго, як яны ўстаноўлены і апублікаваны, а робіцца гэта да 1 красавіка.
“Бал атэстата, прадстаўлены ў дакументах, як паказвае праверка, не заўсёды адпавядае рэчаіснасці. Дапускаюцца памылкі. Бывае ў большы бок, бывае ў меншы”, — паведаміў А.Рубінаў. Сярэдні бал адрозніваецца на дзясятыя долі, але пры пераводзе ў стабальную шкалу дае вельмі сур’ёзную разбежку. “У гэтым годзе толькі ў БДУ было выяўлена 17 падобных парушэнняў”, — расказаў Анатоль Рубінаў.

Плюс дадатковы набор, плюс мэтавы набор

Раней уступная кампанія праводзілася ў два патокі. У першы паток падавалі дакументы ва ўстановы адукацыі сілавых структур і Міністэрства культуры, у другі — усе астанія. У гэтым годзе была іншая двухступеньчатая сістэма: асноўны і дадатковы наборы.
“Далёка не ўсе спецыяльнасці, так патрэбныя дзяржаве, папулярны сярод абітурыентаў. На многіх сістэматычна ўзнікае недабор”, — пракаменціраваў А.Рубінаў.
“Калі прымалі рашэнне аб другім туры набору, мы зыходзілі з таго, што ў рэзерве ў нас у асноўным выпускнікі прафесійнай адукацыі (сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай), якія імкнуцца паступіць на тэхнічныя спецыяльнасці. Падрыхтоўка па агульнаадукацыйных прадметах у іх крыху горшая, і гэта паказвае ЦТ. Але яны сур’ёзна падрыхтаваны па асобных профільных прадметах”, — адзначыў С.Маскевіч.
“Большасць тых, хто прайшоў падчас дадатковага набору, не прайшлі парог у асноўны набор па адным прадмеце. Як правіла, гэта беларуская і руская мова. Але па профільным прадмеце мелі балы вышэй за сярэднія. Таму ў многіх прахадныя балы аказаліся вышэйшыя”, — адзначыў міністр адукацыі.
Аднак 200 чалавек з залічаных пасля дадатковага набору не пераадолелі першапачатковы парог пры асноўным наборы па двух прадметах, а 12 ажно па трох. “Гэта першы вопыт. Трэба абагульніць вынікі, і гэтае пытанне вырашыць”, — рэзюмаваў А.Рубінаў.
Незапоўненым засталося 81 бюджэтнае месца на дзённым аддзяленні ў ВНУ сельгаспрофілю, і ўсе — у Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках.
Што да мэтавага набору, то ў гэтым годзе ён быў істотна павялічаны (на 57%). Плануецца і далей накіроўваць бюджэтныя сродкі менавіта на такую форму. Работадаўцам ужо самім трэба займацца стварэннем кадравага рэзерву.
“Развіццё мэтавай падрыхтоўкі — гэта і ёсць сістэма дзяржзаказу, галоўны вектар вырашэння кадравага забеспячэння эканомікі”, — адзначыў С.Маскевіч.
Вядома, з наборам на педагагічныя спецыяльнасці сітуацыя не з лёгкіх. Аднак ёсць прыклады паспяховай прафарыентацыйнай работы сярод абітурыентаў. Так, за 4 гады 44 выпускнікі сярэдняй школы № 1 Ашмян пайшлі вучыцца на педагагічныя спецыяльнасці краіны. І гэта пры тым, што кожны год у школе выпускаецца толькі адзін клас.

Што прынясе год будучы?

Магчыма, тэрмін правядзення тэсціравання ўжо ў гэтым годзе будзе скарочаны. “Можна было б праводзіць тэсціраванне па двух прадметах у адзін дзень, але па такіх, якія не камбінуюць, каб не атрымалася так, што адзін чалавек павінен здаваць два прадметы ў адзін дзень”, — патлумачыў А.Рубінаў.
Такімі прадметамі могуць стаць геаграфія і сусветная гісторыя, хімія і гісторыя Беларусі, біялогія і грамадазнаўства. Такім чынам, сам тэрмін правядзення тэсціравання можна скараціць на 25%. “Вызвалены” час плануецца аддаць па падрыхтоўку і выдачу сертыфікатаў.
Ёсць і больш маштабныя планы. “Спадзяёмся, што ў гэтым годзе мы зможам пашырыць вопыт цэнтралізаванага электроннага залічэння, які ёсць у БДУІР. Хацелася, каб у наступным годзе гэтая сістэма была распаўсюджана на ўсе ВНУ па пэўным профілі, каб у нас было адзінае рэспубліканскае залічэнне”, — расказаў Сяргей Аляксандравіч Маскевіч.
Ужо чатыры гады запар у БДУІР конкурс праходзіць не па асобных спецыяльнасцях, а па групе спецыяльнасцей. Залічэнне ж праходзіць у адпаведнасці з пажаданнямі і атрыманымі адзнакамі абітурыентаў.

Праблемныя пытанні

Праблема, якая, напэўна, будзе актуальнай увесь час, звязана з удасканаленнем тэстаў. “Іх заўсёды трэба ўдасканальваць, асабліва групу А. Па магчымасці яе трэба скарачаць”, — адзначыў А.Рубінаў. Размова ішла і пра сістэму падліку балаў, якая адрозніваецца ад школьнай.
Яшчэ адным каменем спатыкнення з’яўляецца напаўняльнасць вучэбнай групы. У Кодэксе аб адукацыі дакладна прапісана, што для сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі пры дзённай форме навучання яна складае 25-30 чалавек. У ВНУ ў групу павінна ўваходзіць ад 20 да 30 чалавек.
“Атрымліваецца так: абвясцілі набор на спецыяльнасць, абітурыенты падалі на яе дакументы. Але іх не 20, а 15. Што рабіць? Ім пачынаюць настойліва рэкамендаваць пераводзіцца на іншыя спецыяльнасці. Трэба падумаць, як урэгуляваць гэтае пытанне, каб не парушаць правы нашых грамадзян, аднак каб рашэнне мела эканамічнае абгрунтаванне”, — адзначыў А.Рубінаў.

Святлана ШЫЯН.