Адзнакі “на рахунку”,

- 8:35Якасць адукацыі

альбо Як незвычайная скрынка вучыць ліцэістаў вучыцца

На сустрэчу з гэтым настаўнікам я ішла, задаўшыся мэтай даведацца як мага больш пра аўтарскую методыку выкладання прадмета, якая выклікае ў чалавека, далёкага ад школы, спачатку невялікі шок, а потым зацікаўленасць і ў рэшце разуменне і павагу. Але наяўнасць харызматычнага суразмоўца прадугледжвае тое, што падчас размовы атрымаецца капнуць педагагічныя пласты глыбей. Фёдар Васільевіч Радзівонаў, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сталічнага ліцэя № 2, сустрэў мяне развагамі пра прэстыж прафесіі і асабістую свабоду настаўніка. Не спрачаюся, з гэтага і пачнём.

Калі разважаю на адвечную тэму настаўніцтва, прыходжу да адной высновы: школу пакідаюць тыя, хто мае вялікі вопыт і хоча тут працаваць, і адбываецца гэта не таму, што ў настаўнікаў маленькі заробак, а таму, што наша прафесія, на жаль, не такая прэстыжная, як бы хацелася. Маленькая рэмарка ў тэму: у нашым ліцэі некалькі профіляў, самы запа­трабаваны — хіміка-біялагічны, таму што ўсе зараз імкнуцца быць урачамі. Але зарплаты ўрача і настаўніка абсалютна супастаўляльныя, розніца паміж імі невялікая. У медыцынскія ВНУ вялізны абітурыенцкі конкурс, а ў педагагічныя — маленькі ці наогул недахоп. Чаму? Не задумваліся? На самай справе, галоўнае — статус настаўніка, які ў тым ліку робяць і СМІ. Давайце ўспомнім апошнія папулярныя кінастужкі пра настаўнікаў: “Географ глобус прапіў”, “Фізрук”, нават “Гармідар”…

— Вы падводзіце да таго, што ў масавым тэлеэфіры настаўнік паказаны ў непрывабным святле?

— Сапраўды, так. Запрашаю ўсіх, хто мае дачыненне да кінапрадукцыі: прыедзьце у школу і пагля­дзіце, ці такія ж выпадковыя ў педагогіцы людзі нашы настаўнікі, як той жа герой Дзмітрыя Нагіева. Не трэба навешваць на нас штампы! Гэта ж фарміруецца і бацькоўскі погляд на настаўніка. Просты прыклад, які знаёмы, напэўна, кожнаму другому педагогу: прыходзіць у школу баць­ка і пачынае: “А ну, хуценька мне знай­дзіце гэтую настаўніцу, няхай яна патлумачыць, чаму паставіла маёй дачцэ дрэнную адзнаку!” Гэтыя пагардлівыя адносіны да настаўніка, як да плебея, вельмі адчувальныя. Гэтая прафесія, як і ўсе астатнія, па­трабуе павагі і ўнутранай свабоды.

— Што вы маеце на ўвазе пад унутранай свабодай?

— Свабода ў тым, каб праца­ваць так, як падабаецца і лепш за ўсё атрымліваецца. Настаўніку патрэбны стандарты навучання, без гэтага ніяк. Як вучыць, няхай педагог вырашае сам, стварае ўласныя педагагічныя методыкі. А яшчэ трэба даць магчымасць людзям, рэалізоўваючы гэтую свабоду, несці адказ­насць за сваю канкрэтную справу — навучанне дзяцей. Мне пашанцавала, калі я прыйшоў выкладаць у ліцэй, бо дырэктар Галіна Мікалаеўна Багамолава дала свабоду выяўлення сябе як настаўніка.

— Такім чынам, мы плаўна пераходзім да вашай методыкі выкладання прадмета. Ведаю, што яна ў вас надзвычай цікавая. Раскажыце падрабязней пра тое, як праходзяць вашы ўрокі.

— Методыка, якой я карыстаюся, распрацавана цалкам мной. Прымяняць яе пачаў у той час, калі ў нас былі штрых-класы, якія вучыліся адзін год па двухгадовай праграме. І выпусціць іх за год, зрабіць канкурэнтаздольнымі з тымі, хто вучыўся два гады, было складана. Распрацаваная методыка, як пасля высветлілася, дапамагла дастаткова паспяхова здаць выпускнікам цэнтралізаванае тэсціраванне. Яна дапамагае вырашыць дзве праблемы, якія заўсёды стаяць перад настаўнікам:  аб’ектыўнасць адзна­кі і прадукцыйная праца вучняў на кожным уроку. Што тычыцца першага, я наогул не стаўлю адзнак — вучні самі выклікаюць сябе да дошкі, самі ацэньваюць. Я ніколі не выклікаю па журнале — заўсёды аддаю права выстаўлення адзнак у рукі самога вучня і ўсяляк пазбягаю міжасобаснага падыходу. Замест журнала ў класе прысутнічае спецыяльная скрынка, у якой знахо­дзяцца бочач­кі з нумарамі па колькасці вучняў класа.

На пачатку ўрока хтосьці з класа, выпадкова выбраны, выцягвае некалькі бочачак з нумаркамі са знакамітай скрынкі — і Фёдар Васільевіч пачынае апытанне па дамашнім заданні. Зразумела, адказаў — атрымаў нейкі бал. Але вучні ўжо ведаюць: той бал, які яны ад Фёдара Васільевіча атрымаюць за адказ каля дошкі, не канчатковая адзнака, таму расслабляцца нельга. Справа ў тым, што ў класе ёсць мазгазнаўца: выбраны ўсім класам чалавек, самы сабраны, адказны і справядлівы, ён фіксуе ўсе балы ў спецыяльны сшытак з гаваркой назвай “Мазгі”. Атрымліваецца, што вучань зарабляе сабе адзнаку ўсю пару. Напрыканцы мазгазнаўца падлічвае балы і выстаўляе канчатковую адзнаку, якую напрацаваў за пару той ці іншы калега па парце. Да настаўніка напрыканцы ўрока — ні аднаго пытання. Усе кантралююць, як мазгазнаўца падлічвае балы.

— Дзеці самі прымаюць такія правілы. Ім цікава, яны ўвесь урок праводзяць у сабраным і сканцэнтраваным рэжыме. Ведаюць, што ўсё залежыць не ад мяне, а ад тэорыі верагоднасці і іх падрыхтаванасці да ўрока. Любімчыкаў няма — я ж нікога не выклікаю сам, нават варыянты кантрольных работ выбіраюцца з дапамогай скрынкі з бочачкамі, каб потым ніхто не казаў, што ў аднаго варыянта пытанні былі больш складаныя. Любы адказ на ўроку заносіцца “на рахунак”. Пасля ўсё ўлічваецца: калі адказаў на “10”, але назбіралася “-9” за адказы з месца, у выніку, як ні сумна, я пастаўлю “адзін­ку”. І наадварот, калі каля дошкі адказ быў бліскучым і адказамі з месца назбіралася яшчэ адна “дзясятка”, вучань атрымае дзве “дзясяткі” ў журнал, рэшту, калі тая бу­дзе,  — “на рахунак”.

— Як настаўнік з багатым вопытам работы, які і без тэорыі верагоднасці наскрозь ба­чыць кожнага свайго вучня, вы можаце пацвердзіць, што адзнакі ў сшытку “Мазгі” супадаюць з рэальнымі ведамі?

— Супадаюць, калі дзеці прызвычайваюцца да маёй сістэмы. Першая чвэрць звычайна проста правальная, таму што прыходзяць дзеці са звычайных школ, якія прывыклі да іншай сістэмы. Але пасля такога правалу яны пачынаюць разумець, што трэба вучыцца і быць падрыхтаванымі да ўрока штодзённа, а не толькі тады, калі даўно не выклікалі па журнальным спісе. Звычайна бывае так: адказаў вучань, расслабіўся і на наступныя некалькі заняткаў не рыхтуецца зусім — выклі­каць жа не будуць. А са скрынкай усё не так — яна ж можа падставіць у любы момант! Здараюцца і містычныя рэчы: адзін з вучняў пагардліва сказаў нешта ў бок скрынкі — і на наступных уроках яна выклікала яго шторазова. Хлопец зусім замучыўся, гонар як рукой зняло, пытае ў мяне пасля чарговага выкліку: “Федар Васільевіч, што рабіць?” А я ўзяў ды пажартаваў: “Прасі прабачэння ў скрынкі, пакрыўдзіў ты яе”. Небарака сапраўды пайшоў прасіць, усе пасмяяліся, але, хочаце — верце, хочаце — не, скрынка дала яму вольную.

— Як успрымаюць вашу методыку дзеці і іх бацькі? Няўжо не скардзяцца на нізкія адзнакі?

— А на што скардзіцца? Усё ж зразумела і шчыра: ты балы сам зарабіў або страціў сваімі адказамі. Я як настаўнік тут наогул ні пры чым. Ад бацькоў — ні адной скаргі. А ўсё таму, што калі дома і ўзнімаецца тэма таго, што адзнака за чвэрць дрэнная, то ад дзяцей бацькі атрымліваюць у адказ:  “Скрынка падвяла”. Але адзін выпадак усё ж быў: маці падышла да мяне і паставіла пытанне так: “Мяне не задавальняе адзнака маёй дачкі. Што трэба зрабіць?” Далей адбыўся прыблізна такі дыялог: “Яна скардзіцца, дадому прыходзіць незадаволеная?” “Задаволеная”. “Ну дык не перашкаджайце, чаго вы яе прэсуеце?” “Я не задаволена яе адзнакамі!” “Але ж калі дзіця задаволена, дык пры чым тут вы?! Дзяўчына скончыла толькі першую чвэрць дзясятага класа, толькі прывыкае да такой сістэмы, дайце ёй час!”

Дарэчы, для незадаволеных сваёй адзнакай за чвэрць у Фёдара Васільевіча ўсё ж ёсць альтэрнатыўны варыянт, у вучнёўскім асяроддзі ён называецца проста — “пайсці на крэсла”. Палепшыць адзнаку можна не толькі на адзін бал, можна нават скокнуць з “двойкі” за чвэрць на “дзявятку” ці “дзясятку”, але для гэтага трэба выканаць спіс заданняў настаўніка. Кожнае заданне — адзін бал. Такім чынам, колькі заданняў урэшце вучань выканае, столькі і атрымае за чвэрць. Але “крэсла”, аказваецца, не без падвоху: як толькі ты прыйшоў на іспыт, твой папярэдні вынік абнуляецца. Такім чынам, калі маеш за чвэрць “шасцёрку”, якую хочаш выправіць на “дзявятку”, а ў выніку выконваеш усяго чатыры заданні з дзесяці, за чвэрць атрымаеш “чацвёрку”. Настаўнік прызнаецца, што настолькі азарт­нымі і рызыкоўнымі аказваюцца нямногія яго вучні, але час ад часу знаходзяцца тыя, каму “крэсла” са­праўды спрацоўвае на карысць. Існуе і больш мяккая разнавід­насць іспыту: калі ёсць жаданне павысіць адзнаку за чвэрць на бал, адкажы на адно пытанне. Адкажаш — плюс бал. Не адкажаш — мінус бал ад таго, які маеш.

—Ці вучыце вы на сваіх уроках даваць асабістую ацэнку гістарычным падзеям?

— Гісторыя — гэта такая навука, якая не мае права трактавацца ў чорна-белым колеры, у катэгорыях “правільна — няправільна”. Я правёў эксперымент у адным са сваіх класаў: прачытаў дзве процілеглыя лекцыі на адну і тую ж тэму — грамадзянская вайна і Кастрычніцкая рэвалюцыя. У абодвух выпадках стараўся не скажаць гістарычных фактаў, але адна лекцыя была прасавецкая, другая — антысавецкая. Проста інтэрпрэтацыя фактаў была розная. Напярэдадні я правёў галасаванне і спытаўся, хто ставіцца да падзей Кастрычніцкай рэвалюцыі пазітыўна, а хто — негатыўна. Зразумела, амаль усе выказваліся негатыўна. Пасля лекцыі ад імя савецкага гісторыка практычна ва ўсіх змянілася меркаванне. А калі я прачытаў лекцыю ад імя прыхільніка “белых”, у класе было замяшанне, хоць я i не сказіў фактаў. Адзін вучань нават спытаў: “Фёдар Васільевіч, як зараз з гэтым жыць?”

На ўроках грамадазнаўства Фёдар Васільевіч таксама адыходзіць ад традыцый, рацыянальна разважаючы, што гэты курс павінен падрыхтаваць ліцэістаў да будучага жыцця. Таму настаўнік, у якога за плячыма ёсць юрыдычная адукацыя, робіць ухіл на практыку. Дзеці вывучаюць асноўныя галіны права, арыентуюцца ў кодэксах, рашаюць задачы, падчас якіх вучацца прымяняць нормы права ў жыцці.

— Чаму часам вучань індыферэнтна адносіцца да таго, што вучыць? Таму што ён не адчувае патрэбнасці ў тым, што яму выкладаюць. А калі настаўнік дае яму тэорыю і тут жа паказвае, як гэтая тэорыя будзе працаваць у тваёй асабістай практыцы, тут жа падключаецца матывацыя.

А матывацыя, як вядома, працуе на выдатны вынік: вучні Фёдара Васільевіча з’яўляюцца пастаяннымі лідарамі гарадскіх і рэспубліканскіх алімпіяд па грамадазнаўстве і гісторыі. На сваім рахунку настаўнік мае больш за 60 пераможных вучнёўскіх дыпломаў. Сёлета вучні Фёдара Васільевіча ўзялі 5 дыпломаў гарадскога этапу алімпіяды, два прадстаўнікі ліцэя адправяцца на рэспубліканскі этап разумовых спаборніцтваў.

Вялікае бачыцца на адлегласці. Выпуснікі Фёдара Васільевіча, з якімі ён пастаянна сустракаецца ў сценах школы, у адной з даверлівых размоў прызналіся: “Незвычай­насць і неабходнасць вашай сістэмы ў тым, што вы ніколі не пераходзіце на асобу. Вучань і чалавек для вас — розныя субстанцыі. Вы бу­дзеце пава­жаць чалавека, нават ставячы дрэнную адзнаку яму як вучню. Гэта важна”.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.