Сістэму выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі абмяркоўвалі на мінулым тыдні на Магілёўшчыне. У вобласці адбыўся рэспубліканскі семінар-практыкум, на якім магілёўскія педагогі прадставілі калегам рэгіянальную мадэль арганізацыі шостага школьнага дня.
Для азнаямлення з вопытам і перспектывамі работы магіляўчан у гэтым напрамку ў горад на Дняпры з’ехаліся намеснікі начальнікаў, начальнікі аддзелаў выхаваўчай работы ўпраўленняў адукацыі абл- і гарвыканкамаў, рэктары інстытутаў развіцця адукацыі, намеснікі старшынь абласных камісій па справах непаўналетніх, кіраўнікі абласных і рэспубліканскіх устаноў дадатковай адукацыі, начальнікі адпаведных аддзяленняў УУС аблвыканкамаў, спецыялісты Міністэрства адукацыі. Удзел у семінары прымаў таксама намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык.
Як адзначыў Віктар Віктаравіч, выхаваўчай рабоце ў навучальных установах неабходна пастаянная сістэматызацыя, якая адпавядая рэаліям часу.
— Падобныя практычныя семінары дазваляюць прааналізаваць змест выхаваўчай работы і пры неабходнасці ўнесці ў яго карэктывы, грунтуючыся на лепшым вопыце, — адзначыў намеснік міністра.
У Магілёўскай вобласці выхаваўчая работа выбудавана з улікам усіх фактараў, якія ўплываюць на ўсебаковае развіццё асобы навучэнцаў. Раўназначны ўпор робіцца на грамадзянскае, патрыятычнае, працоўнае, экалагічнае выхаванне, фарміраванне здаровага ладу жыцця і бяспечных паводзін, прафарыентацыю, прафілактыку правапарушэнняў і безнагляднасці, удасканаленне здольнасцей школьнікаў.
— У рэалізацыі канцэпцыі бесперапыннай адукацыі і выхавання падрастаючага пакалення нам удалося дасягнуць пэўных станоўчых вынікаў. Гэта стала магчымым дзякуючы міжведамаснаму ўзаемадзеянню з іншымі зацікаўленымі службамі. Добра наладжанае супрацоўніцтва дазволіла скаардынаваць падыходы і адзінства патрабаванняў да ажыццяўлення выхаваўчай работы, на падставе якіх у далейшым фарміруюцца праграмы занятасці дзяцей. Сёння нашы ўстановы адукацыі функцыянуюць як адкрытыя адукацыйныя сістэмы, своеасаблівыя сацыякультурныя цэнтры, — патлумачыў начальнік упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў.
У сказаным кіраўніком адукацыйнай сферы рэгіёна прысутныя на семінары пераканаліся ў ходзе наведвання розных устаноў адукацыі. Так, на базе гарадской спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву “Багіма” ім было прадэманстравана супрацоўніцтва з установамі спорту ў плане фарміравання здаровага ладу жыцця ў дзяцей, правядзення спартыўна-масавых мерапрыемстваў і фізкультурна-аздараўленчай работы. У Магілёўскім інстытуце МУС Рэспублікі Беларусь удзельнікам семінара прадставілі эфектыўныя варыянты прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі. Акрамя традыцыйных падыходаў да прафарыентацыі, у ВНУ актыўна выкарыстоўваюць інфармацыйныя тэхналогіі: свой афіцыйны інтэрнэт-сайт, а таксама спецыяльна створаныя профілі ўстановы ў папулярных сацыяльных сетках. Такая методыка дае магчымасць ахапіць прафарыентацыяй максімальную колькасць патэнцыяльных абітурыентаў.
Выхаванне навучэнскай моладзі ў абласных установах ПТА таксама ажыццяўляецца на належным узроўні. У гэтым пераконвалі экскурсіі па Магілёўскім эканамічным прафесійна-тэхнічным каледжы і Магілёўскім прафесійным агралесатэхнічным каледжы імя К.Арлоўскага.
У эканамічным прафесійна-тэхнічным каледжы пазаўрочную дзейнасць навучэнцаў лічаць найважнейшым кампанентам паспяховай работы ўсёй установы.
— На сённяшні дзень у нас функцыянуюць 18 гурткоў, 10 спартыўных секцый, 24 творчыя аб’яднанні, якія актыўна наведваюць і звычайныя навучэнцы, і навучэнцы з асаблівасцямі, — расказаў калегам дырэктар навучальнай установы Алег Бахановіч.
Паводле яго слоў, для максімальнага ўключэння моладзі ў карысную занятасць, развіцця іх здольнасцей у навучальнай установе выкарыстоўваюць кожны свабодны куток. Тут не пустуюць ні гарышча, ні падвалы, ні калідоры. Адны падсобныя памяшканні пераабсталявалі ў музеі, іншыя — у спартыўныя і трэнажорныя залы, вытворчыя майстэрні.
Які падыход да працы, такі і вынік. Ахоп навучэнцаў пазаўрочнай занятасцю ў эканамічным прафесійна-тэхнічным каледжы складае звыш 98%. З розных міжнародных, рэспубліканскіх, абласных конкурсаў, фестываляў або спаборніцтваў навучэнцы заўсёды вяртаюцца ў родную навучальную ўстанову з прызавымі дыпломамі.
У прафесійным агралесатэхнічным каледжы імя К.Арлоўскага, які размешчаны ў аграгарадку Буйнічы, адным з асноўных напрамкаў работы ў суботні дзень з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. У мінулым годзе навучэнцы каледжа аднавілі і зрабілі музейную кампазіцыю ў нямецкім доце, каля якога ішлі баі за вызваленне горада. Прысутным на семінары хлопцы, натхнёныя гераічнымі подзвігамі дзядоў, прадэманстравалі рэканструкцыю тых баёў.
Сёлетні семінар быў тэматычна прысвечаны правядзенню шостага школьнага дня, таму ў 45-й сярэдняй школе ўдзельнікам практыкуму была прадстаўлена ўся паўната арганізацыі суботняга дня ва ўстановах адукацыі Магілёва. Дзейнасць навучальных устаноў плануецца зыходзячы з патэнцыялу сацыякультурнай сферы горада, а таксама задавальнення запатрабаванняў навучэнцаў. Уся работа заснавана на міжведамасным узаемадзеянні. Да ахопу навучэнцаў пазаўрочнай занятасцю, акрамя непасрэдна ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі, прыцягнуты ўстановы спорту, культуры, турызму, аховы здароўя, праваахоўныя і іншыя ведамствы, грамадскія аб’яднанні. Зладжаная работа ўсіх зацікаўленых дае адпаведны эфект. Сёння ў шосты школьны дзень карыснай занятасцю ахоплены 70% магілёўскіх школьнікаў.
Непасрэдна ў суботу ўдзельнікі семінара пабачылі разнастайнасць выхаваўчых мерапрыемстваў у навучальных установах абласнога цэнтра. У сярэдняй школе № 34 адбылася прэзентацыя праекта “Ідэя, воля, сябры”, прызнанага лепшым на адпаведным рэспубліканскім конкурсе. Галоўнае ў гэтым праекце — усебаковая падтрымка школьнікаў у рэалізацыі сацыяльназначных праектаў і ідэй па чатырох тэматычных блоках. Кіраўніцтва ўстановы пераканана: часам дзіцячая ініцыятыва можа ўнесці істотны ўклад у развіццё грамадства.
Наведванне Цэнтра творчасці “Эверэст” наглядна паказала выкарыстанне патэнцыялу ўстаноў дадатковай адукацыі ў правядзенні шостага школьнага дня. А ў дзіцячым садзе — сярэдняй школе № 44 прысутным прадэманстравалі формы ўзаемадзеяння сям’і і школы, спосабы ўключэння бацькоў у занятасць дзяцей. Вучэбна-педагагічны комплекс — галоўны сацыякультурны цэнтр у сваёй мікразоне. Акрамя традыцыйных, сем’ям прапаноўваюць іншыя цікавыя формы правядзення вольнага часу. Гэта і фестываль вуліц, і выставы сямейнай творчасці, і педагагічныя выхады для неафіцыйных гутарак з бацькамі, і многае іншае. Характэрна, што бацькоўская актыўнасць тут усяляк заахвочваецца. Для гэтага ў навучальнай установе нават заснавалі спецыяльную грамадскую прэмію. Вядома, такія нестандартныя падыходы ў арганізацыі суботняга дня дазваляюць адцягнуць бацькоў ад штодзённых клопатаў і прыцягнуць іх у школу.
Вынікі маштабнага двухдзённага семінара падводзілі ў ходзе сумеснага круглага стала. Выступаючы перад калегамі, намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык яшчэ раз акцэнтаваў увагу на актуальных аспектах выхаваўчай і ідэалагічнай работы з вучнямi ў сучасных умовах.
— У магілёўскіх установах адукацыі быў прадстаўлены лепшы вопыт па арганізацыі шостага школьнага дня, пазаўрочнай занятасці навучэнцаў. Але так работа нала-джана не ўсюды. Мы ўвесь час гаворым пра тое, што адукацыя і выхаванне — непарыўны працэс. Шосты школьны дзень — гэта квінтэсэнцыя ўсёй выхаваўчай работы ўстановы. Разам з тым вынікі адпаведнага маніторынгу паказалі, што не ва ўсіх школах суботні дзень выкарыстоўваецца эфектыўна, — падкрэсліў Віктар Віктаравіч.
Намеснік міністра тэзісна пазначыў станоўчыя моманты і хібы ўсіх напрамкаў ажыццяўлення выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі. Паводле яго слоў, асаблівы ўпор навучальным установам сёлета варта зрабіць на прафарыентацыйную работу, раннюю прафарыентацыю школьнікаў.
Падрабязна на пасяджэнні была разгледжана і тэма прафілактыкі правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Установам адукацыі важна памятаць, што яны з’яўляюцца суб’ектамі прафілактыкі. Аднак станоўчых тэндэнцый у прафілактычнай рабоце атрымаецца дасягнуць не паасобку, а праз супрацоўніцтва з іншымі службамі, адказнымі за ўзровень падлеткавай злачыннасці.
— Выхаваўчая прастора павінна быць у кожнай навучальнай установе. Аднак школа не павiнна браць на сябе ўсе функцыі выхавання, замяняць у гэтым плане сям’ю. Педагогам трэба імкнуцца да наладжвання цеснага ўзаемадзеяння з бацькамі навучэнцаў. Увогуле, нам неабходна рухацца наперад, а не толькі канстатаваць свае дасягненні. Вынікі гэтага мерапрыемства будуць пакладзены ў аснову метадычных рэкамендацый па арганізацыі шостага школьнага дня ў новым навучальным годзе, — рэзюмаваў Віктар Віктаравіч.
Як паказаў семінар, універсальны алгарытм эфектыўнай арганізацыі пазаўрочнай занятасці навучэнцаў просты. Гэта якаснае выкананне сваіх абавязкаў усімі зацікаўленымі, а таксама не толькі прыняцце дзейсных рашэнняў, але і іх выкананне. Толькі такім чынам атрымаецца ахапіць карыснай занятасцю кожнага навучэнца ва ўсе школьныя дні.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.