Ахопленыя творчасцю

- 11:13Навіны рэгіёнаў

Канікулы — спрыяльны час для рэалізацыі творчых здольнасцей дзяцей, бо яны могуць адкласці ўбок падручнікі і прысвяціць час ператварэнню ў жыццё сваіх творчых задумак і ідэй. На Дзяржыншчыне творчыя памкненні навучэнцаў падтрымліваюць і ўсяляк стымулююць, напрыклад, запрашаючы на інтэрактыўныя выставы. А самых маленькіх школьнікаў актыўна далучаюць да творчай дзейнасці, праводзячы дні творчасці пачатковых класаў.

У плане работы кожнага школьнага лагера, які дзейнічае на вясновых канікулах на Дзяржыншчыне, ёсць наведванне раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Тут для наведвальнікаў падрыхтавалі цікавыя выставы. Яны дэманструюць усе грані творчых здольнасцей юных жыхароў раёна. На экспазіцыі прадстаўлены лепшыя работы адразу некалькіх раённых конкурсаў. А каб дзецям было яшчэ больш цікава, выставы зрабілі інтэрактыўнымі.

Для развіцця і папулярызацыі тэхнічнай творчасці ў раёне ўжо некалькі гадоў рэалізоўваецца праект “Майстры з ТэхнаГрада”, які прадугледжвае шэраг мерапрыемстваў. На выставе ў ЦТДіМ можна ўбачыць работы конкурсу “ТэхнаГрад”, які традыцыйна праводзіцца ў рамках праекта: архітэктурныя макеты, канструктарскія распрацоўкі, арт-аб’екты, вучэбныя дапаможнікі, мадэлі суднаў, аўтамабіляў, самалётаў і ракет. Адметна, што экспанаты можна не толькі паглядзець, але і паспрабаваць у дзеянні — гэта выклікае ў дзяцей захапленне. Яны выстройваюцца ў чаргу, каб пастраляць з лазернага аўтамата, пасядзець на аэрасанях, выпрабаваць апарат для выдачы жвачкі. Таксама ўвазе навучэнцаў прапануюцца вынікі конкурсу камп’ютарнага малюнка. Сёлета яго тэмай стаў родны горад. Канкурсанты адлюстравалі, якім яны бачаць Дзяржынск у будучыні.

Гасцей цэнтра запрашаюць і выставы дэкаратыўна-прыкладной і мастацкай творчасці. Выстава “Беларускія традыцыі і абярэгі” з’явілася ў выніку аднайменнага конкурсу. Ён быў адкрытым, і ўдзел у ім бралі не толькі дзеці, але і іх бацькі, педагогі. На выставе можна ўбачыць саламяных павукоў, лялькі-абярэгі, амулеты-падвескі. Наведвальнікам не проста паказваюць экспанаты, а знаёмяць з іх прызначэннем у побыце нашых продкаў і запрашаюць паспрабаваць самім стварыць абярэг на інтэрактыўным майстар-класе. Конкурсы і віктарыны робяць інтэрактыўнай і выставу работ удзельнікаў арт-фестывалю юных мастакоў “Мае любімыя казкі”. Наведвальнікі выставы адпраўляюцца ў свет казак, малююць, спяваюць, адгадваюць загадкі і атрымліваюць прызы.

Дарэчы, арт-фестываль юных мастакоў праводзіўся ў рамках дзён творчасці пачатковых класаў. Дні творчасці для самых маленькіх школьнікаў пачаліся перад канікуламі, але іх кульмінацыя выпадае менавіта на вясновы школьны адпачынак. Гэта шэраг мерапрыемстваў, якія даюць магчымасць дзецям праявіць свае здольнасці. Так, юныя мастакі ўдзельнічалі ў арт-фестывалі, рукадзельнікі — у творчых конкурсах “Я і мама — майстрыхі”, “Я і тата — майстры”, спартсмены — у спартландыі і шахматным турніры, акцёры — у фестывалі тэатральных калектываў. Аматары літаратурнага слова былі запрошаны да ўдзелу ў конкурсах юных пісьменнікаў і чытальнікаў. Прайшлі конкурсы па канструяванні і робататэхніцы, экалагічны серпанцін і конкурс юных краязнаўцаў, а таксама мерапрыемства для калекцыянераў “Мая калекцыя”. Свае таленты на сцэне прадэманстравалі ўдзельнікі фестывалю “Зорны старт”.

Мерапрыемствы дзён творчасці пачатковых класаў настолькі разнастайныя, што справу для сябе можа знайсці кожны і праявіць свае творчыя, інтэлектуальныя, спартыўныя здольнасці. І, што немалаважна, кожны адчувае сябе паспяховым. Такое маштабнае мерапрыемства актывізуе дзіцячае імкненне ствараць і далей. Дні творчасці аб’ядноўваюць сем’і, таму што бацькі, бабулі і дзядулі, браты і сёстры з задавальненнем падключаюцца да творчых заданняў. А яшчэ гэта магчымасць для педагогаў заўважыць дзіцячыя таленты, каб далей дапамагаць дзіцяці іх развіваць.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.