Ганна Харытончык, навучэнка 11 класа сярэдняй школы № 44 Мінска і выхаванка Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, заваявала сярэбраны медаль на Міжнародным конкурсе экалагічных праектаў навучэнцаў (кірмашы) International Science and Invention Fair 2021 (Інданезія). Так высока эксперты ацанілі яе праект у сферы зялёнай эканомікі.
“Экалагічнае і вытворчае значэнне грыбоў роду Trichoderma для сельскай гаспадаркі” — так называецца праект Ганны. Разам са сваім педагогам І.А.Русскіх яна шукала экалагічна дружалюбныя тэхналогіі вядзення сельскай гаспадаркі і прасоўвання ідэй зялёнай эканомікі.
“Развіццё арганічнай сельскай гаспадаркі ва ўсім свеце, у тым ліку ў Беларусі, у апошнія 10—15 гадоў паказала важнасць вывучэння і ўкаранення біялагічных метадаў барацьбы з хваробамі раслін. Для гэтага паўсюдна праводзяцца даследаванні розных мікраарганізмаў, якія могуць стаць асновай сучасных сродкаў аховы раслін, што не наносяць шкоду навакольнаму асяроддзю і здароўю чалавека”, — гаворыць Іван Анатольевіч Русскіх.
Ганна стварыла калекцыю штамаў трыхадэрмы рознага паходжання і правяла комплекснае яе вывучэнне для адбору штамаў, найбольш перспектыўных для раслінаводства.
“Многія людзі, у тым ліку і мая сям’я, кампастуюць раслінныя рэшткі для атрымання арганічнага ўгнаення. Дабаўленне трыхадэрмы ў такі кампост паскорыла б яго паспяванне, а таксама надало б яму ўласцівасць ахоўваць расліны, — тлумачыць Ганна. — Гэта звязана з яе магчымасцю выкарыстоўваць цэлюлозу ў якасці крыніцы энергіі, што стварае канкурэнцыю фітапатагенным мікраарганізмам, якія захоўваюцца і развіваюцца на мёртвых рэштках раслін. Акрамя таго, трыхадэрма практычна не праяўляе фітапатагенных уласцівасцей, стымулюе рост і развіццё раслін. Некаторыя віды роду трыхадэрма здольныя сінтэзаваць антыбіятычныя рэчывы, душаць развіццё фітапатагенаў”.
Міжнародны конкурс экалагічных праектаў навучэнцаў (кірмаш) International Science and Invention Fair (ISIF) 2021 — адно з найбуйнейшых штогадовых міжнародных адукацыйных мерапрыемстваў для навучэнскай моладзі, а таксама прафесійных педагогаў. З моманту пачатку сваёй дзейнасці ў 2013 годзе, ISIF актыўна прыцягвае да ўдзелу ў мерапрыемстве многія краіны як свайго рэгіёна, так і тыя, што знаходзяцца далёка за межамі Паўднёва-Усходняй Азіі: Германію, Францыю, Іспанію, Партугалію, Італію, Вялікабрытанію, ЗША, Канаду, Бразілію, Аргенціну і інш. Апошнія гады навучэнцы і педагогі з больш як 30 краін прымаюць удзел у ISIF, і геаграфія ўдзельнікаў мерапрыемства пастаянна пашыраецца. У 2021 годзе Рэспубліка Беларусь прымала ўдзел у гэтым конкурсе другі раз.
Галоўная мэта правядзення конкурсу — развіццё ведаў дзяцей і моладзі аб навуцы, вынаходках і інавацыях, развіццё здольнасцей навучэнцаў да выкарыстання сваіх навуковых ведаў на практыцы для садзейнічання сусветнаму прагрэсу.
Святлана НІКІФАРАВА.