Актыўная старасць — шлях да даўгалецця

- 11:09Інфармацыйная гадзіна

Стратэгія актыўнага даўгалецця будзе распрацавана ў Беларусі, паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.

Паводле слоў міністра, сур’ёзны выклік, які стаіць перад усімі краінамі, — старэнне насельніцтва. Па міжнародных крытэрыях насельніцтва лічыцца старым, калі доля асоб ва ўзросце 65 гадоў і старэйшых складае 7 працэнтаў і больш. У Беларусі гэтая лічба перасягае 14 працэнтаў, а да 2030 года, паводле прагнозаў, павялічыцца да 20 працэнтаў. “Наша задача — развіццё стратэгіі актыўнага даўгалецця. Цяпер мы займаемся распрацоўкай дакумента, які вызначыць прыярытэтныя напрамкі актыўнага здаровага даўгалецця беларусаў. Мы павінны забяспечыць якасць жыцця людзей, якія выйшлі на пенсію”, — сказала Ірына Касцевіч.

У Мінску прайшла рэспубліканская нарада з кіраўнікамі тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва “Роля тэрытарыяльных цэнтраў у вырашэнні сацыяльных праблем”. Такі маштабны форум быў праведзены ўпершыню. На нарадзе прадэманстраваны вынікі дзейнасці тэрытарыяльных цэнтраў, вопыт рэгіёнаў па рабоце са слабаабароненымі катэгорыямі насельніцтва, а таксама вызначаны напрамкі і шляхі ўдасканалення сістэмы сацыяльнага абслугоўвання.

Ірына Касцевіч дадала, што комплексна работа па сацыяльным абслугоўванні насельніцтва праводзіцца ў Беларусі з 2004 года. На сённяшні дзень у краіне функцыянуюць 146 цэнтраў тэрытарыяльнага абслугоўвання насельніцтва. “Ужо 14 гадоў праз сістэму тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльныя работнікі прадастаўляюць усе неабходныя паслугі пажылым грамадзянам, людзям, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, і, вядома ж, інвалідам, мнагадзетным і сем’ям, якія маюць непаўналетніх дзяцей. Мы набылі сур’ёзны вопыт работы, ёсць база сацыяльных паслуг, якія такія цэнтры абавязаны прадастаўляць грамадзянам. Але, разумеючы асаблівасць гэтай галіны, творчы і крэатыўны падыходы, многія рэгіёны пайшлі далей, і ёсць інавацыйныя методыкі ў рабоце з такой катэгорыяй насельніцтва”, — падкрэсліла яна.