Актыўныя, эфектыўныя, крэатыўныя

- 12:27Рознае, Якасць адукацыі

Менавіта так ахарактарызаваў студэнтаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка рэктар гэтай навучальнай установы Аляксандр Іванавіч Жук. А прагучалі гэтыя словы ў Дзень ведаў, падчас акцыі “БДПУ: новы час — шануй кожную хвіліну!”, з якой пачаліся святочныя мерапрыемствы ў гэтай навучальнай установе.


…Перад уваходам у галоўны корпус педуніверсітэта разаслана чырвоная дывановая дарожка, якую агароджваюць залацістыя стойкі. Студэнты ў майках з надпісамі “Я люблю БДПУ” вітаюць кожнага, хто праходзіць па дарожцы, здымаюць на камеры студэнтаў і выкладчыкаў, прапаноўваюць першакурснікам сфатаграфавацца на фоне скульптурнай кампазіцыі “Настаўніца першая мая”, аб’ёмных літар “БДПУ”, што ўстаноўлены на пляцоўцы перад будынкам, жывой скульптуры “Гадзіншчык”.

Так пачалося свята для кожнага, а прадоўжылася яно на шматлікіх інтэрактыўных пляцоўках: “Педагагічнае лато”, “Тэрыторыя культуры”, “Студэнцкае ТБ” і інш. Падышоў да іх і рэктар універсітэта. Дзіўна, але з лататрона А.І.Жук выцягнуў пытанне аб самім сабе: “Школай кіруе дырэктар, а ўніверсітэтам ..?” — вядома, рэктар. А пра тое, хто кіруе дзіцячым садком, дакладна ведаюць выхаванцы падшэфнага БДПУ сада № 35 Мінска. Дружным хорам яны адказваюць: “Ніна Леанідаўна!”

Акрамя гэтых, самых маленькіх сяброў педагагічнага ўніверсітэта, яго студэнтаў і выкладчыкаў прыйшлі павіншаваць навучэнцы педагагічных класаў сталічнай гімназіі № 20, беларускія артысты. Ды і самі студэнты — і сталыя, і тыя, хто толькі пачынае вучыцца ў БДПУ, — прадэманстравалі свае таленты падчас святочнага канцэрта.

Зразумела, звярнуўся да прысутных і рэктар установы вышэйшай адукацыі:

— 1 верасня — усенароднае свята, бо да адукацыі, да ведаў мае адносіны кожная сям’я, кожны дарослы і кожнае дзіця. Для нас, педагогаў, і для вас, студэнтаў, будучых педагогаў, гэтае свята з’яўляецца або стане прафесійным. І я хачу, каб кожны раз 1 верасня, калі вы будзеце ісці на сваю работу, у дзіцячы сад, школу, іншую ўстанову адукацыі, вы адчувалі, што гэты дзень для вас сапраўды святочны. А значыць, вы павінны быць прафесіяналамі, такімі педагогамі, якіх любяць і паважаюць бацькі, вучні. Для гэтага вам неабходна і многа, і нямнога: добра вучыцца ў вядучым педагагічным універсітэце краіны. Нашы выкладчыкі і студэнты старшых курсаў дапамогуць першакурснікам стаць прафесіяналамі.


Прагучалі пажаданні і ў адрас навучэнцаў педагагічных класаў. На свята ва ўніверсітэце, зразумела, прыйшлі не ўсе, бо навучэнцы 20-й гімназіі прадстаўляюць толькі малую долю такіх школьнікаў: усяго ў краіне зараз больш за сто педагагічных класаў, у іх атрымліваюць веды паўтары тысячы юнакоў і дзяўчат. Гэтыя маладыя людзі жадаюць стаць педагогамі і, спадзяёмся, імі і стануць.

Сёлета, дарэчы, у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт паступілі 2,5 тысячы чалавек на дзённае і завочнае аддзяленні.

— У гэтым годзе ў нас цудоўны набор, — сказаў у размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” Аляксандр Іванавіч Жук. — Да нас прыйшлі 170 медалістаў і чырвонадыпломнікаў, 315 выпускнікоў ліцэяў і гамназій — гэта намнога больш, чым у папярэднія гады. На факультэт прыродазнаўства паступіла каля 30% юнакоў, на фізмат і гістфак — 40%, на факультэт фізвыхавання — 60%. Як бачна, педагагічная прафесія становіцца не толькі жаночай, чым мы вельмі задаволены. Першакурснікі крэатыўныя, хочуць вучыцца, і мы ўпэўнены, што з іх вырастуць цудоўныя педагогі. Мы гэтага і жадаем, каб з універсітэта выходзілі педагогі самага высокага ўзроўню, самага высокага класа, як пераможца конкурсу “Настаўнік года — 2014” Віктар Жук, наш выпускнік, настаўнік 11-й школы Маладзечна.

Між іншым, асобная сустрэча рэктара з першакурснікамі і супрацоўнікамі педуніверсітэта адбылася пазней, а свята ведаў у БДПУ 1 верасня не закончылася, яно прадоўжылася спектаклем “Паўлінка” ў актавай зале ўніверсітэта.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.