“Навучанне настаўнікі непарыўна звязваюць з выхаваннем. Прыярытэтную ўвагу ўдзяляем прывіццю вучням любові да Радзімы, павагі да гісторыі, беларускіх культурных традыцый і нацыянальных каштоўнасцей”, адзначыла ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” начальнік аддзела па адукацыі Краснапольскага райвыканкама Алеся Шапавалава.
— Для мяне патрыятызм і грамадзянскасць — гэта не толькі пра ўнутраныя перакананні. Упэўнена, што гэтыя якасці трэба праяўляць не на словах, а на справе — канкрэтных учынках на карысць роднага краю.
Дваццаць гадоў назад, атрымаўшы педагагічную спецыяльнасць, мэтанакіравана вярнулася жыць і працаваць на малую радзіму. Працяглы час займалася настаўніцтвам, пасля была дырэктарам школы, з нядаўняга часу ўзначальваю сістэму адукацыі раёна. Мяняліся пасады, але ў прафесійнай дзейнасці нязменна прытрымліваюся аднолькавых прынцыпаў. Лічу, што трывалыя веды патрэбны, але выхаванне дзіцячай асобы — важней. Для сваіх вучняў заўсёды старалася быць прыкладам для пераймання. Бо педагог шмат у чым адказны за тое, якім чалавекам вырасце вучань.
Як кіраўнік адукацыйнай сферы цяпер усе гэтыя прыярытэты транслірую краснапольскаму настаўніцтву. Прыемна ўсведамляць, што педагагічныя калектывы поўнасцю падзяляюць мае падыходы да працы. Нашы педагогі знаходзяцца ў пастаянным прафесійным развіцці. У навучальных установах рэалізуюцца інавацыйныя праекты, у вучэбны працэс укараняюцца перадавыя методыкі і тэхналогіі. Для кожнага дзіцяці настаўнікі распрацоўваюць індывідуальную адукацыйную траекторыю.
Адзначу каласальную дзяржаўную падтрымку ў плане матэрыяльнага забеспячэння ўстаноў адукацыі. Нягледзячы на тое, што Краснапольшчына — аддалены рэгіён, сёння нашы школы і дзіцячыя сады ні ў чым не саступаюць у тэхнічным аснашчэнні ўстановам буйных гарадоў. Усюды створаны неабходныя ўмовы для атрымання дзецьмі якаснай адукацыі. У сукупнасці з прафесіяналізмам педагогаў гэта прыносіць адпаведныя вынікі. Навучэнцы дэманструюць дастаткова высокі ўзровень ведаў, паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, спартыўных спаборніцтвах, творчых і даследчых конкурсах.
Навучанне настаўнікі непарыўна звязваюць з выхаваннем. Прыярытэтную ўвагу ўдзяляем прывіццю вучням любові да Радзімы, павагі да гісторыі, беларускіх культурных традыцый і нацыянальных каштоўнасцей. Прычым фарміраваць у дзяцей патрыятычныя арыенціры пачынаем з дашкольнага ўзросту. Ужо на этапе школьнай адукацыі істотны ўпор робім на прафарыентацыю. Педагогі імкнуцца разглядзець схільнасці навучэнцаў, дапамагчы ім з выбарам прафесійнага шляху. У нас функцыянуе шырокая сетка профільных класаў. Загадзя арыентуем вучняў на запатрабаваныя ў раёне спецыяльнасці, на вяртанне дадому пасля заканчэння вучобы. Аказваем усебаковую дапамогу моладзі. Сёння дзяржава дапамагае з прадастаўленнем жылля, забяспечвае стымулюючыя выплаты, дае магчымасці для кар’ернага росту. Гэта становіцца ключавым фактарам для замацавання на першых працоўных месцах. Калі гаварыць пра педагогаў, то апошнія гады 100% маладых спецыялістаў застаюцца ў раёне.
Напярэдадні значнай грамадска-палітычнай падзеі — выбараў Прэзідэнта — калектывы навучальных устаноў праяўляюць неабыякавасць і адзінства. Настаўнікі згуртавана праводзяць асветніцкую работу з насельніцтвам, прымаюць актыўны ўдзел у перадвыбарнай кампаніі. Тлумачым жыхарам Краснапольшчыны, што ў студзені свой грамадзянскі абавязак павінны выканаць усе. Бо ад таго, хто стане нацыянальным лідарам, залежыць будучыня краіны. Зараз Беларусь — мірная, квітнеючая, суверэнная рэспубліка. Такой нашу родную зямлю хочацца бачыць і далей. Асабіста я планую галасаваць менавіта за гэта.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара