Аляксандр Храмы: «Важна, каб вучань у музеі не проста пабачыў гістарычны прадмет, а зразумеў яго значэнне»

- 14:18В гостях у «Настаўніцкай»

Аб увасобленых у мінулым годзе і запланаваных сёлета выставачных праектах, узвядзенні новага будынка музея і асаблівасцях работы з дзіцячай аўдыторыяй гутарым з дырэктарам Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Храмым.

Каб мінулае стала бліжэй

— Падводзячы вынікі 2024 года, што ў рабоце музея і яго філіялаў вы б адзначылі ў першую чаргу?

Год быў насычаным і цікавым. Усе знакавыя для краіны падзеі знайшлі адлюстраванне ў мерапрыемствах Нацыянальнага гістарычнага музея і яго філіялаў. Калі Беларусь стала ў поўным сэнсе слова кас­мічнай дзяржавай, мы адразу ж зрабілі выставу, прысвечаную дасягненням краіны ў касмічнай галіне. Да 30-годдзя прэзідэнцкай формы праўлення ажыццявілі выставачныя праекты ў Александрыі і Мінску. І, вядома ж, у цэнтры ўвагі былі такія знакавыя даты, як 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзе ўз’яднання беларускага народа. Зладзілі тэматычныя выставы, а таксама выдалі двухтомнік каталогаў. Гэтую маштабную работу мы ажыццявілі дзякуючы гранту Прэзідэнта Беларусі.

У 2024 годзе краіна адзначыла яшчэ адну важную дату — 100-годдзе беларускага кіно. Сярод філіялаў нашага музея ёсць музей гісторыі беларускага кіно, і мы таксама былі на вастрыі падзей. Зрабілі новую экспазіцыю, ажыццявілі серыю праектаў. Ездзім па рэспубліцы з тэматычнай перасовачнай выставай, каб з гісторыяй нашага кінематографа змаглі азнаёміцца як мага больш людзей.

Хачу адзначыць і выставу, прымеркаваную да 55-годдзя ансамбля “Песняры”. На ёй былі не толькі прадстаўлены ўнікальныя экспанаты, звязаныя з творчасцю легендарнага калектыву, але і змешчаны QR-коды, дзякуючы якім наведвальнікі змаглі паслухаць эксклюзіўныя запісы “Песняроў”. Праект правезлі па некалькіх гарадах, прэзентавалі ў тым ліку ў Маскве, у Расійскім нацыянальным музеі музыкі. Выстава атрымала з боку масквічоў самую высокую ацэнку. У сваю чаргу мы ў Мінску азнаёміліся з выставай, прысвечанай вялікаму расійскаму кампазітару Сяргею Рахманінаву.

— Раскажыце, па якіх вектарах будуецца сёння міжнародная камунікацыя? 

Перш за ўсё гэта Расія. Напрыклад, мы ўдзельнічалі з праектам у Днях культуры Беларусі ў Новасібірску. У сябе прынялі выставу Новасібірскага дзяржаўнага краязнаўчага музея, Нацыянальнага музея Рэспублікі Татарстан. Пры гэтым хачу адзначыць добрую тэндэнцыю: да нас пачалі прывозіць больш арыгінальных гістарычных прадметаў, а мы больш актыўна выстаўляем свае.

Актывізуем камунікацыю з Кітайскай Народнай Рэспублікай. На гэты год вялікія планы па супрацоўніцтве з Нацыянальным музеем Кітая. У верасні ў Пекіне плануецца правесці форум Міжнароднага саюза музеяў Шаўковага шляху, у якім мы таксама прымем удзел. Дарэчы, Нацыянальны гістарычны музей Беларусі ўваходзіць не толькі ў склад гэтага саюза, але і ў яго савет дырэктараў, у якім прадстаўлена ўсяго 10 сусветных музеяў.

Таксама сёлета плануем прыняць удзел у вялікай канферэнцыі ў Салтанаце Аман і прадставіць там новы выставачны праект. Прыемна адзначыць, што з Нацыянальным музеем Амана, які падчас нядаўняга візіту наведаў Прэзідэнт Беларусі, у нашага музея з 2018 года падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні. Мы ўжо прадстаўлялі там некалькі нашых праектаў. Так, выстава “Беларусь на скрыжаванні цывілізацый” паказала, як праз шлях “з варагаў у грэкі” арабская культура ўплывала на гандаль і эканоміку нашых зямель. Яшчэ адзін праект азнаёміў аманцаў з беларускай этнаграфіяй. Дарэчы, вельмі зацікавіў наведвальнікаў Аль-Кітаб XIX стагоддзя, напісаны арабскай вяззю на беларускай мове. Хоць сэнс напісанага аманскім гледачам быў не зразумелы, але яны змаглі ўявіць, як гучыць наша мова.

— Якія яшчэ контуры дзейнасці прагледжваюцца ў 2025 годзе?

Галоўная падзея — 80-годдзе Вялікай Перамогі. Рыхтуем серыю выставачных праектаў. Расказваючы пра вайну, мы знайшлі свой уласны шлях і ні ў якім разе не дубліруем падыходы калег з Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Нашы выставы эмацыянальныя, мы паказваем вайну перш за ўсё праз псіхалогію чалавека, пачуццё радасці ад Перамогі і жаданне вярнуцца да мірнага жыцця.

Працягнем традыцыю праводзіць выставы з жывым гукам. З нагоды 100-гадовага юбілею беларускага радыё плануем ажыццявіць выставачны праект, падчас якога можна будзе пачуць галасы эпохі. У прыватнасці, даведацца, хто і як у розныя гады вымаўляў усім знаёмыя словы “гаворыць Мінск”.

Будзем далей абменьвацца выставамі з Расійскім нацыянальным музеем музыкі ў Маскве. Іх праект будзе прымеркаваны да юбілею вядомага рускага кампазітара Пятра Чайкоўскага, наш прысвяцім жыццю і творчасці беларускага харавога дырыжора і фалькларыста Рыгора Шырмы.

Запланавана шмат чаго, усе тайны раскрываць не буду. Зробім усё магчымае, каб музей заставаўся цікавым для наведвальнікаў.

У Мінску пачалося ўзвядзенне новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея — вялікага, сучаснага. Дарэчы, яго будаўніцтва, як і стварэнне побач Парку народнага адзінства, аб’яўлена Усебеларускай маладзёжнай будоўляй — 2025. Наколькі важны такі дзейсны ўдзел з боку маладога пакалення? І як рыхтуецеся да наваселля?

Супрацоўнікі музея заўсёды разумелі, што рана ці позна новы будынак будзе пабудаваны, таму што ён сапраўды патрэбны. Нам прыемна, што кожны год у краіне адкрываюцца новыя музеі, турыстычныя аб’екты і нас у той ці іншай меры падключаюць да гэтай работы. Вельмі добра, што падчас вандровак па Беларусі людзі могуць атрымліваць шматбаковае ўяўленне аб яе гістарычным шляху. Але перш за ўсё ў цэнтры сталіцы павінен быць вялікі зборны музей, які будзе паглыбляць наведвальнікаў у агульную канцэпцыю, бачанне беларускай гісторыі. Работа ў гэтым кірунку ішла дастаткова даўно. А цяпер, калі справа распачата пад патранажам Прэзідэнта Беларусі, ёсць упэўненасць, што яна будзе даведзена да лагічнага завяршэння. 

Мы сур’ёзна працуем над стварэннем будучай экспазіцыі. Сумесна з вядучымі гісторыкамі краіны распрацавалі канцэпцыю і вядзём работу над тэматыка-экспазіцыйным планам — усім тым, што можна будзе пабачыць у музеі. Такім чынам, ствараюцца ўмовы, каб мы ўжо зараз маглі музейныя прадметы групаваць, весці рэстаўрацыю, набываць новыя экспанаты, рабіць неабходныя муляжы, інсталяцыі, галаграмы, рыхтаваць інфармацыю для інфакіё­скаў.

Выдатна, што гэты знакавы аб’ект аб’яўлены маладзёжнай будоўляй і што дапамагаць прафесійным будаўнікам бу­дуць студ­атрады. Кожны малады чалавек, які прыме ўдзел ва ўзвядзенні новага будынка, зможа сказаць, што гэта наш музей ва ўсіх сэнсах слова. І, вядома ж, ён з большай цікавасцю наведае экспазіцыю, асэнсуе яе важныя пасылы. Гэта сур’ёзны выхаваўчы момант.

Гісторыя на далоньках

— Апошняя серада кожнага месяца ў беларускіх музеях — дзень бясплатнага наведвання навучэнцамі. Чым ён адрозніваецца ад іншых дзён?

Шчыра кажучы, мы не рэкамендуем дарослым наведвальнікам ісці ў музей у гэты дзень. Да нас прыязджае вельмі шмат дзіцячых груп са школ сталіцы і іншых населеных пунктаў. Ведаеце, калі я іду праз музейны дворык і бачу прыпаркаваныя аўтобусы з нумарамі рэгіёнаў, я радуюся. Гэтыя дзеці самыя ўдзячныя, бо яны не маюць, як мінчане, магчымасці часта наведваць культурныя аб’екты сталіцы. 

Лічу, гэта добры фармат супрацоўніц­тва музеяў і школ, які пашырае кругагляд дзяцей, дае ім новыя веды. Аднак не магу не сказаць і аб адной праблеме. Пагадненне паміж міністэрствамі культуры і адукацыі прадугледжвае правядзенне ў музеі ўрокаў па тэматыцы, якую навучэнцы вывучаюць па школьнай праграме. Гэты крок зроблены ў дапамогу настаўнікам гісторыі, геаграфіі, біялогіі, літаратуры і іншых прадметаў. Але часам бывае, што настаўнікі імкнуцца замяніць урок у музеі звычайным наведваннем музея. Магчыма, не да ўсіх дайшла патрэбная інфармацыя аб сутнасці такога фармату.

— Зацікавіць і ўтрымаць увагу сучасных дзяцей да музейнай экспазіцыі, нават самай унікальнай, няпроста. Як спраўляецеся з гэтай задачай?

Наш музей мэтанакіравана працуе ў інтарэсах сістэмы адукацыі. Тыя экспазіцыі, якія мы ствараем, заўсёды робім з арыен­цірам на школьныя падручнікі. Каб настаўнікам, якія прыводзяць свае класы, усё было зразумела і ўрок атрымаўся наглядным. Каб дзеці пабачылі і нават дакрануліся да таго, пра што ўжо чыталі ў падручніках, гэта павышае цікавасць да экспазіцыі. 

Дзеці любяць рух, і часам ім цяжка пастаяць і паслухаць аповед экскурсавода, бо гэта здаецца ім манатоннай прамовай. Ім больш даспадобы фармат квеста. І тут дзецям трэба растлумачыць, што, каб было больш цікава правесці гульню, трэба спачатку паслухаць, што гэта быў за чалавек ці прадмет, у чым мастацкая каштоўнасць партрэта… Галоўная задача музея — інтэлектуальнае выхаванне. Важна, каб вучань не проста пабачыў гістарычны прадмет, а зразумеў яго значэнне. Гэты працэс складаны, і только праз гульню ўсё не зробіш. Неабходна, каб кожны школьнік з музея вынес для сябе штосьці важнае і каштоўнае, што фарміруе чалавека як асобу. 

Вядома ж, сучаснае пакаленне любіць атрымліваць інфармацыю ў розных інтэр­актыўных фарматах. Мы будзем уліч­ваць гэта і пры стварэнні будучай экспазіцыі ў новым будынку. Але сусветны вопыт сведчыць аб тым, што кожны музей імкнецца паказаць багацце сваіх калекцый, арыгінальныя гістарычныя прадметы. І наша задача — навучыць дзяцей усведамляць каштоўнасць гэтых кавалачкаў сапраўднай гісторыі народа.

Каб зрабіць наведванне музея больш запамінальным, прапаноўваем школьнікам пазнавальныя актыўнасці. Напрыклад, у нас працуе спецыяльная інтэрактыўная зала для археалагічных заняткаў “Жывая археалогія. Палескі падворак II тысячагоддзя да нашай эры”. Расказваем дзецям, чым займаюцца людзі гэтай прафесіі, як ідуць раскопкі. А потым прапаноўваем на пляцоўцы з кварцавым пяском самім, згодна з правіламі правядзення раскопак, знайс­ці нейкі прадмет. Дазваляем вучням забраць сваю знаходку з сабой — іх радасці няма мяжы. Яшчэ ў нас ёсць друкарскі станок, зроблены па падабенстве з тым, што быў у Францыска Скарыны. Наведвальнікі мо­гуць зрабіць паперу па тэхналогіі XVI стагоддзя і надрукаваць на гэтай паперы першую старонку скарынаўскай Бібліі. Гэта цікава і дзецям, і дарослым. Падобны станок ёсць не толькі ў нас, але папрацаваць на ім — унікальная магчымасць.

— Ці часта прыходзяць дзеці не ў складзе арганізаваных груп, а з бацькамі, бабулямі і дзядулямі?

— Так, у нас бываюць і сем’ямі. Першы панядзелак месяца — ільготны дзень для сямейнага наведвання, і ў залах асабліва шмат бабуль і дзядуляў, якія прыходзяць з унукамі. Дарэчы, яны вельмі любяць выставы, звязаныя з савецкай эпохай. З асабістага вопыту расказваюць унукам пра падзеі, традыцыі, прадметы тых часоў. Шчыра радуешся за такія сем’і, дзе сувязь пакаленняў не перарываецца і ў дзяцей закладваецца зерне цікавасці да гісторыі свайго роду і народа.

— Апошнім часам ва ўстановах адукацыі актыўна ствараюцца і аднаўляюцца школьныя музеі, музейныя экспазіцыі. Наколькі важная гэтая дзейнасць? І што б вы пажадалі педагогам, якія ёй займаюцца?

Гэта справа вельмі важная і патрэбная. Створаны сапраўды цікавыя школьныя музеі, якія дзейнічаюць як у сценах устаноў адукацыі, так і ў віртуальнай прасторы. Нашым музеем і Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства рэалізаваны сумесны праект, накіраваны на папулярызацыю дзейнасці школьных музеяў. Лепшыя з іх былі прадстаўлены ў “Гасцёўні Уладзіслава Галубка”, дзе з імі маглі азнаёміцца ўсе жадаючыя. Дарэчы, ёсць задума аб далейшым супрацоўніцтве ў гэтым кірунку.

Настаўнікам, якія займаюцца школьнымі музеямі, хачу пажадаць цярпення, педагагічнай мудрасці і заўсёды памя­таць, што адна з галоўных задач стварэння і папаўнення такіх экспазіцый — каб навучэнцы самі, як юныя следапыты, правялі даследаванне і нешта знайшлі. Магчыма, для прафесійнага музея такія знаходкі не з’яўляюцца нечым важным і ўнікальным, але яны з’яўляюцца такімі для школьнага музея і вартыя размяшчэння ў яго экспазіцыі. Таму што з гэтага прадмета ці факта пачалася гісторыя аднаго даследчыка, малады чалавек, дзякуючы педагогу, адчуў імкненне да пошуку, што вельмі каштоўна. І ў гэтым вялікая заслуга школы.

Таксама педагог

— Крыху аб асабістым. А ці памятаеце вы свой першы паход у музей?

— Так. Я нават у школе яшчэ не вучыўся. Маці была настаўніцай, і калі яна павезла свой клас на экскурсію, узяла мяне з сабой. Мы наведалі мемарыяльны комплекс “Хатынь” і Дом-музей І з’езда РСДРП у Мінску. Вядома ж, я тады і падумаць не мог, што пройдуць гады і я стану дырэктарам Нацыя­нальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, адным з філіялаў якога з’яўляецца Дом-музей І з’езда РСДРП. І што буду названы адным з лаўрэатаў прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за ўдзел у стварэнні музея ў Хатыні. Вось такія цікавыя паралелі лёсу.

— Ці шанцавала вам у жыцці на муд­рых і шчырых настаўнікаў? За што ім асабліва ўдзячны?

— Да педагогаў у мяне асаблівае стаўленне. Шмат гадоў прысвяцілі рабоце ў школе і мая маці, і бабуля. Сам я па першай адукацыі таксама педагог. Скончыў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Гісторыя і сацыяльна-палітычныя дысцыпліны”, таксама аспірантуру. За плячыма 15 гадоў педагагічнай дзейнасці. Дарэчы, “Настаўніцкую газету” добра ведаю яшчэ з дзіцячых гадоў, лічу, што гэтае выданне — добрая і патрэбная дапамога педагогам у іх рабоце.

Многіх сваіх школьных настаўнікаў і ўніверсітэцкіх выкладчыкаў згадваю з цеплынёй і ўдзячнасцю. Кожны з іх дапамог мне сфарміравацца як асобе і знайсці сваё месца ў прафесіі і жыцці.

Аксана МЫЦЬКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА