Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на далейшы рост прафесіяналізму парламента. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімірам Андрэйчанкам.
У 2016 годзе ў краіне павінны прайсці парламенцкія выбары. Прэзідэнт звярнуў увагу, што дэпутаты цяперашняга склікання павінны прыняць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да выбарчай кампаніі, якая мае адбыцца. На думку кіраўніка дзяржавы, неабходна ўзмацніць работу ў акругах з насельніцтвам, аказаць мясцовым уладам дадатковую дапамогу ў вырашэнні рэгіянальных праблем. Такія меры павінны пасадзейнічаць таму, каб у новы парламент прыйшлі актыўныя і падрыхтаваныя людзі, якія змогуць вырашаць праблемы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта работа на дзяржаву, у такім выпадку няма патрэбы гуляць у нейкую незразумелую дэмакратыю.
“Адказнасць наша найвышэйшая, таму што нас выбірае народ. Ён бачыць нас перш за ўсё”, — падкрэсліў прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка выказаў задавальненне работай парламентарыяў бягучага склікання. Разам з тым ён дадаў, што будзе рабіць усё для таго, каб у парламент выбіраліся яшчэ больш прафесійныя дэпутаты.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што плануе прыняць удзел у заключным пасяджэнні парламента пятага склікання.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што хацеў бы на гэтым пасяджэнні абмеркаваць з парламентарыямі надзённыя праблемы. Прэзідэнт заклікаў Уладзіміра Андрэйчанку не знімаць з парламенцкага кантролю актуальныя пытанні, падключаць да іх вырашэння дэпутатаў, нягледзячы на тое, што Нацыянальны сход цяперашняга склікання ў гэтым годзе завяршае сваю работу. Парламенту таксама трэба будзе завяршыць пачатае ў заканадаўчай дзейнасці і прыняць неабходныя краіне ў першую чаргу дакументы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што парламент у Беларусі заўсёды быў своеасаблівай шкалой кадраў. “Людзі тут на працягу чатырох гадоў атрымліваюць вельмі моцную падрыхтоўку. Страціць такі кадравы патэнцыял недапушчальна”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што найбольш здольных, прафесійна адораных парламентарыяў пасля завяршэння дэпутацкіх паўнамоцтваў неабходна прыцягваць у народную гаспадарку, у органы кіравання і г.д.