Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Беларусь адбылася як суверэнная дзяржава і праводзіць знешнюю і ўнутраную палітыку вельмі ўзважана”

- 10:19Інфармацыйная гадзіна

Беларусь усё больш успрымаецца як полюс стабільнасці ў рэгіёне. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з дэлегацыяй Камітэта па палітыцы і бяспецы Савета ЕС.

Прэзідэнт на сустрэчы расказаў аб найбольш важных момантах палітыкі Беларусі, заснаванай на прынцыпах шматвектарнасці супрацоўніцтва, міралюбнасці і добрасуседства. “Асаблівую актуальнасць ім надае сучасная абстаноўка як у глабальным, так і ў рэгіянальным маштабе, — адзначыў беларускі лідар. — За апошнія гады свет не стаў больш стабільным. Усе востра адчуваюць, як праблемы, што ўзнікаюць у адной яго частцы, нечакана праяўляюцца на іншым канцы кантынента”.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што значна змяніўся міжнародны кантэкст і вакол Беларусі, якая апынулася ў зоне прамога сутыкнення рознанакіраваных геапалітычных інтарэсаў сусветных гульцоў. “На гэтым фоне мы змаглі захаваць стабільнасць і парадак, прадэманстраваць, што Беларусь адбылася як суверэнная дзяржава і праводзіць знешнюю і ўнутраную палітыку вельмі ўзважана”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Знешняя палітыка нашай краіны паслядоўная і прадказальная. Мы наладжваем узаемавыгаднае супрацоўніцтва з многімі дзяржавамі свету. Для нас аднолькава важныя стратэгічныя адносіны з Расіяй і Кітаем, устойлівае ўзаемадзеянне з ЕС і ЗША, развіццё двухбаковых сувязей з краінамі Блізкага Усходу, Лацінскай Амерыкі, Сярэдняй Азіі і Афрыкі, — заявіў прэзідэнт. — Пры гэтым перад намі не стаіць і не можа стаяць выбар паміж Усходам і Захадам”.

“Беларусь усё больш успрымаецца як полюс стабільнасці ў рэгіёне. І ў гэтым няма нічога дзіўнага. Наша краіна — адзіная з шасці ўдзельніц “Усходняга партнёрства”, дзе адсутнічаюць ваенныя і замарожаныя канфлікты, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мне здаецца, што гэта вельмі цікава для Еўрапейскага саюза, і вельмі выгадна, і вельмі патрэбна”.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што як непасрэдны сусед ЕС з агульнай граніцай амаль 1 тысячы 200 км Беларусь уносіць важкі ўклад у барацьбу з арганізаванай злачыннасцю, нелегальнай міграцыяй, гандлем людзьмі. “Канструктыўныя ініцыятывы з нашага боку садзейнічалі таму, што Мінск стаў, па сутнасці, ідэальнай перагаворнай пляцоўкай па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу. Упэўнены, што ў сучасных умовах каштоўнасць Беларусі як стабілізуючага фактару ў Еўропе будзе толькі ўзрастаць. І гэта вельмі патрэбна для Еўропы. Еўропа заўсёды можа гэтым скарыстацца”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Не магу не сказаць аб нашай заклапочанасці нарастаючым антаганізмам паміж Еўрасаюзам і Расіяй. Нам у Беларусі назіраць за гэтым і балюча, і трывожна, разумеючы, што ні вам, ні Расіі, тым больш нам, гэта не патрэбна пры тых вялікіх праблемах, якія сёння існуюць у свеце і якія трэба вырашаць разам”, — сказаў у ходзе сустрэчы кіраўнік дзяржавы.

“Я не хачу ў гэтым пытанні стаць на чый-небудзь бок. Хапае памылак і з боку Усходу, і з боку Захаду, ды, напэўна, і з нашага боку. І наша задача — устараніць гэтыя недахопы, пралікі і памылкі”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

“У свой час для разрадкі ў адносінах паміж Захадам і Усходам спатрэбіўся Хельсінкскі працэс, які ў выніку прывёў да стварэння АБСЕ. Давайце, каб палепшыць атмасферу ўзаемаадносін дзяржаў, падумаем аб абнаўленні Хельсінкскага працэсу і паспрабуем запусціць міратворчы працэс, магчыма, “Мінскі працэс”, — заявіў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, гэта ідэя вылучаецца зыходзячы са станоўчага эфекту мерапрыемстваў “нармандскага фармату”, што праводзіліся ў Мінску.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгледзець магчымасць правядзення сустрэчы ключавых міжнародных экспертаў у беларускай сталіцы з мэтай абмену думкамі аб урэгуляванні адносін паміж Усходам і Захадам. “У далейшым, напэўна, спатрэбіцца выпрацоўка дамоўленасцей паміж лідарамі найбуйнейшых дзяржаў аб будучым светаўладкаванні. Прапаноўваючы гэта, я маю на ўвазе, што мы павінны спрацаваць на апярэджанне, а не цягнуцца потым у хвасце падзей, калі раптам нешта адбудзецца, як гэта было з Украінай”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“Упэўнены, што ніхто не зацікаўлены ў чарговай халоднай вайне. Неабходна пакласці пачатак працэсу асэнсавання новых правіл міжнародных адносін, заснаваных на шматпалярнасці і павазе інтарэсаў адно аднаго”, — падкрэсліў прэзідэнт.

У ходзе сустрэчы прэзідэнт адзначыў, што бачыць унікальны шанс для Беларусі ў развіцці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з ЕС.

“З адменай у лютым 2016 года Еўрасаюзам у адносінах да Беларусі большасці абмежавальных мер склалася зусім новая спрыяльная сітуацыя для нашага супрацоўніцтва. Мы маем унікальны шанс зрабіць яго сапраўды ўзаемавыгадным, працуючым на эканамічнае развіццё, на карысць народаў нашых краін”, — заявіў прэзідэнт.

Паводле яго слоў, першыя пазітыўныя вынікі рознабаковага ўзаемадзеяння ўжо ёсць. Створана каардынацыйная група Беларусь — ЕС, якая з’яўляецца новым фарматам вядзення палітычнага дыялогу.

Наладжаны таксама ўстойлівыя кантакты паміж галіновымі міністэрствамі Беларусі і профільнымі дэпартаментамі Еўракамісіі ў галіне экалогіі, эканомікі і фінансаў. Пачата абмеркаванне пытанняў узаемнага гандлю. “На чарзе — энергетыка, сельская гаспадарка, мытня, стандартызацыя, навуковыя даследаванні і інавацыі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў таксама адабрэнне мандата Еўрапейскага інвестыцыйнага банка на супрацоўніцтва з Беларуссю, зацвярджэнне новай стратэгіі Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця па Беларусі.

Акрамя таго, падпісана дэкларацыя аб партнёрстве дзеля мабільнасці для ўмацавання ўзаемадзеяння ў сферы міграцыі, актывізавана супрацоўніцтва па лініі міжнароднай тэхнічнай дапамогі.

“Мы ўсе гэтыя крокі вітаем. На жаль, у сваіх адносінах Беларусь і Еўрасаюз па-ранейшаму кіруюцца прававымі асновамі, якія закладзены больш як чвэрць стагоддзя назад і не ўлічваюць новыя геапалітычныя рэаліі. Давайце разам падумаем, як мы можам рушыць наперад у гэтым пытанні”, — прапанаваў беларускі лідар.

“Значным укладам ЕС ва ўмацаванне эканамічнай незалежнасці Беларусі могуць стаць устараненне абмежаванняў у гандлі, забеспячэнне рэальнага доступу беларускіх тавараў на рынак Еўрасаюза, аказанне садзейнічання ў выбудоўванні адносін з МВФ і павышэнні пазіцыі Беларусі ў крэдытным рэйтынгу Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, актывізацыя перагавораў аб уступленні Беларусі ў СГА”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што нават у тыя часы, калі з боку ЕС былі ўведзены эканамічныя і іншыя санкцыі, Беларусь прапарцыянальна на іх не адказвала.

“Мы заўсёды падтрымлівалі вас, што тычылася вашых інтарэсаў у Беларусі і ва ўсходнім напрамку”, — заўважыў беларускі лідар.

У сваю чаргу старшыня Камітэта па палітыцы і бяспецы Савета Еўрапейскага саюза Уолтэр Стывенс адзначыў, што ў мінулым годзе адносіны Еўрасаюза і Беларусі актывізаваліся па шэрагу ініцыятыў, у тым ліку ў палітычнай і гандлёва-эканамічнай сферах. “Мы жадаем вызначыць прыярытэты партнёрства, якія стануць новай главой у нашых адносінах”, — падкрэсліў Уолтэр Стывенс.

Старшыня камітэта дадаў, што ў ЕС чакаюць, калі Беларусь прыме старшынства ў Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятыве ў 2017 годзе. “Гэта будзе магчымасцю для далейшага развіцця канструктыўнага супрацоўніцтва”, — адзначыў ён.

Дыпламат падзякаваў кіраўніку беларускай дзяржавы за магчымасць сустрэцца і абмяняцца думкамі аб развіцці адносін паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. “Дазвольце мне ад імя ўсёй дэлегацыі сказаць, што мы вітаем пазітыўныя тэндэнцыі ў адносінах з Беларуссю, — сказаў старшыня камітэта. — Мы сапраўды суседзі. Беларусь мяжуе з трыма краінамі ЕС, вы з’яўляецеся вельмі важным членам “Усходняга партнёрства”. Мы хацелі б далей развіваць адносіны з Беларуссю”.

Дыпламат таксама адзначыў важную ролю краіны ва ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту. “Мы цэнім тое, што Беларусь прыняла амаль 200 тысяч украінскіх мігрантаў і бежанцаў. Лічым, што поўная рэалізацыя мінскіх пагадненняў з’яўляецца ключавой умовай для нармалізацыі сітуацыі ва Украіне”, — дадаў ён.

Дэлегацыя Еўрапейскага саюза, у склад якой увайшлі прадстаўнікі Камітэта па палітыцы і бяспецы Савета ЕС, Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў і Еўракамісіі, наведала Беларусь 20—21 лістапада. Дыпламаты правялі шэраг сустрэч для абмеркавання стану і перспектыў узаемадзеяння паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.

Камітэт па палітыцы і бяспецы — пастаянная структура Савета Еўрапейскага саюза. У яго склад уваходзяць паслы краін ЕС, якія працуюць у Бруселі. Задача ведамства заключаецца ў адсочванні міжнароднай сітуацыі ў сферах, на якія распаўсюджваецца агульная знешняя палітыка і палітыка бяспекі ЕС, і інфармаванні Савета Міністраў Еўрасаюза. Камітэт адыгрывае ключавую ролю ў палітычным дыялогу ЕС.