Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Беларусь гатова супрацоўнічаць з Курганскай вобласцю па ўсіх пытаннях”

- 9:59Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам Курганскай вобласці Аляксеем Какорыным.

Аналізуючы тавараабарот з Курганскай вобласцю, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на фоне паказчыкаў узаемнага гандлю з іншымі расійскімі рэгіёнамі ён пакуль невялікі: па выніках 2015 года яго аб’ём ледзь перавысіў $20 млн. “Нам трэба нямала папрацаваць, каб ён выглядаў дастойна. Мы для гэтага маем усе падставы, і ў нас ёсць такія магчымасці, — сказаў прэзідэнт. — Таму мы разлічваем, што ваш візіт надасць добры дадатковы імпульс развіццю двухбаковага супрацоўніцтва. Нам трэба выкарыстоўваць існуючы эканамічны патэнцыял для таго, каб тавараабарот быў істотным. Беларусь гатова супрацоўнічаць з Курганскай вобласцю па ўсіх пытаннях”.

“Ведаю аб важкай дзяржаўнай падтрымцы вашага аграпрамысловага комплексу, маштабных планах па яго мадэрнізацыі. Курганская вобласць — гэта, можна сказаць, жытніца, адна з асноў сельскай гаспадаркі Расійскай Федэрацыі. Таму мы гатовы да супрацоўніцтва, каб дапамагчы ў вырашэнні тых пытанняў, якія вы намецілі ў агракомплексе”, — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Беларусь дасягнула высокіх вынікаў у сельскай гаспадарцы. “З вялікім задавальненнем нядаўна пачуў з вуснаў майго калегі і сябра, Прэзідэнта Расіі, што ў Расіі трэба пераходзіць да стварэння нармальных умоў для вяскоўцаў. Гэта абсалютна правільна, таму што, не стварыўшы ўмоў, ніякую праблему не вырашыш. Таму мы гатовы з вамі тут працаваць разам. Думаю, мы можам нешта запазычыць адзін у аднаго і ў абнаўленні машынна-трактарнага парка, развіцці сельскіх паселішчаў, аграрнай навуцы. Але самае галоўнае — разам мы можам прыйсці да нейкіх новых адкрыццяў, вынікаў, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Калі Курганская вобласць хоча з намі ў гэтым плане супрацоўнічаць і азнаёміцца з нашай аграрнай навукай, метадамі, структурай, сістэмай, якая ў нас існуе, мы гатовы вам, як родным людзям, паказаць усё, чаго мы дасягнулі”.

Яшчэ адным перспектыўным напрамкам супрацоўніцтва, паводле слоў прэзідэнта, можа быць узаемадзеянне будаўнічых арганізацый. “Калі трэба і ў вас ёсць свабодныя заказы, мы можам аказаць вам падтрымку ў будаўніцтве. Вядома, пажадана (калі гэта гарадское будаўніцтва), каб вы нам квартал выдзелілі і мы пабудавалі яго як беларускі квартал і пад ключ. Калі гэта прамысловыя прадпрыемствы ці аграрныя, мы таксама хацелі б іх будаваць пад ключ. Гатовы рэалізаваць любы заказ — або самі, або разам з вашымі будаўнікамі”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Беларусь таксама гатова развіваць супрацоўніцтва з Курганскай вобласцю ў сферы прамысловай кааперацыі, ствараючы сумесныя прадпрыемствы на тэрыторыі любога з бакоў. “Калі будуць якія-небудзь прапановы з вашага боку, мы будзем толькі ўдзячныя. Думаю, што мы на іх можам адказаць адразу ж у ходзе вашага візіту. Калі спатрэбіцца канкрэтызацыя і прапрацоўка, абавязкова гэта зробім”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што чакае ад сённяшняй сустрэчы канкрэтных рашэнняў. Для гэтага неабходна вызначыцца як мінімум з некалькімі праектамі, якія можна хутка рэалізаваць. “Чым раней мы нешта зробім, тым лепш будзе для ўсіх. Таму мы гатовы да вельмі аператыўнай работы разам з вамі на карысць нашых рэгіёнаў”, — сказаў на заканчэнне беларускі лідар.

Курганская вобласць і Беларусь могуць супрацоўнічаць у аграпрамысловым комплексе, прамысловасці і медыцыне, заявіў у сваю чаргу губернатар Курганскай вобласці Расіі Аляксей Какорын.

“У нас значна прасеў рынак збыту вашых трактароў. Нас гэта не задавальняе, таму што яны вельмі запатрабаваны нашымі аграрыямі і мы закуплялі даволі вялікую колькасць трактароў. Але апошнім часам поўнасцю адсутнічае сэрвіснае абслугоўванне, у сувязі з гэтым ёсць некаторыя цяжкасці. З нашага боку ёсць прапанова нашым прадпрыемствам на дагаворных умовах адкрыць сэрвіснае абслугоўванне ў вобласці. Тым самым мы закрылі б патрэбнасць Уральскай федэральнай акругі і аднавілі рэалізацыю трактароў “Беларус”, — сказаў Аляксей Какорын.

Паводле яго слоў, ёсць перспектывы ў супрацоўніцтве Мінскага аўтамабільнага завода з Варгашынскім заводам проціпажарнага і спецыяльнага абсталявання. “У асноўным мы пакуль камплектуем на шасі “Урал” і КамАЗ. Хацелася б, вядома, папрацаваць з шасі МАЗ. Тым самым у нас рэалізацыя і вашых машын, і нашага абсталявання была б значна павялічана”, — упэўнены губернатар.

Аляксей Какорын адзначыў, што даўно наладжана ўзаемадзеянне паміж Расійскім навуковым цэнтрам артапедыі і траўматалогіі імя акадэміка Г.А.Ілізарава і Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтрам траўматалогіі і артапедыі.

Развіваць партнёрства, лічыць губернатар, могуць і фармацэўтычныя прадпрыемствы Курганскай вобласці і Беларусі. “Нам хацелася б, каб некаторыя найменні прадукцыі, якая выпускаецца, не канкурыравалі паміж сабой, а ішлі паралельна, па ўзаемнай дамоўленасці”, — растлумачыў Аляксей Какорын.