Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Чалавек, які можа працаваць, павінен працаваць, зарабляць на сябе і сваю сям’ю і прыносіць карысць краіне”

- 10:30Інфармацыйная гадзіна

Дэкрэт Прэзідэнта Беларусі ад 2 красавіка 2015 года № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” захаваюць, але ліквідуюць выяўленыя недахопы. Удасканаленне мер у гэтай сферы абмяркоўвалася на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.

Прэзідэнт адзначыў, што ў народзе адпаведны дакумент назвалі дэкрэтам супраць дармаедаў. “Напэўна, у гэтым штосьці ёсць. Не будзем спрачацца з народам, — сказаў ён. — Дэкрэт быў накіраваны на ліквідацыю вельмі складанай праблемы — сацыяльнага ўтрыманства. Вырашэнне гэтай праблемы бачылася ў стымуляванні працаздольных грамадзян, якія могуць і павінны працаваць, да легальнай працоўнай дзейнасці і забеспячэння выканання канстытуцыйнага абавязку па ўдзеле ў фінансаванні дзяржрасходаў”.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб даручэнні дасканала маніторыць прымяненне дэкрэта на практыцы і працэсы ў гэтай сферы. “Былі прапановы ледзь не адмовіцца ад гэтага дэкрэта: шмат крытыкі, цяжка адміністраваць і многія іншыя пытанні”, — канстатаваў прэзідэнт.

Адпаведная тэматыка неаднаразова абмяркоўвалася ў час дакладаў кіраўніку дзяржавы Марыяны Шчоткінай, якая раней займала пасаду міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі. “Тады я сказаў, што, якія б ні былі размовы, каб прымаць дадатковыя рашэнні, трэба пажыць, папрацаваць. Прайшло больш за год. Мы цяпер ужо больш-менш бачым, што даў гэты дэкрэт, якія станоўчыя бакі гэтага дакумента. Недахопы ёсць? Ну што ж, давайце выпраўляць”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў гэтым пытанні яго больш за ўсё непакоіць нават не тое, што грамадзяне, якія падпадаюць пад нормы дэкрэта, атрымліваюць пэўнае бясплатнае абслугоўванне або льготы. “Мяне больш за ўсё хвалюе рэакцыя людзей на гультаёў. Чалавек, які можа працаваць, не інвалід, не абмежаваны ў нейкіх здольнасцях і магчымасцях, павінен працаваць, зарабляць на сябе і сваю сям’ю і прыносіць карысць краіне, выплачваючы падаткі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён прапанаваў разабрацца, якія праблемы ўзніклі ў ходзе рэалізацыі дэкрэта, наколькі надзейна пастаўлена заслона сацыяльнаму ўтрыманству, ці ўздзейнічае распрацаваны механізм на тых людзей, якія не хочуць працаваць або працуюць нелегальна. Прэзідэнт таксама пацікавіўся, якая рэальная практыка прымянення дэкрэта на месцах, наколькі якасна і дакладна складаюцца спісы плацельшчыкаў гэтага збору. “Мне дакладваюць, што нярэдка паведамленні на выплату збору паступаюць ад падатковых інспекцый грамадзянам, якія не абавязаны плаціць гэты збор і не павінны былі ўключацца дзяржаўнымі органамі ў спісы плацельшчыкаў: студэнтам, жанчынам, якія знаходзяцца ў дэкрэтных водпусках, нават салдатам тэрміновай службы”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

“У гэтай сітуацыі заўсёды будуць нейкія хібы. Галоўнае, каб мы бачылі гэтыя недахопы і своечасова іх устаранялі”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама запатрабаваў далажыць аб выніках выканання ўрадам даручэння аб стварэнні дастатковай колькасці рабочых месцаў для працаўладкавання беспрацоўных грамадзян і выніках маніторынгу ўзроўню беспрацоўя па ўсіх рэгіёнах рэспублікі.

Як далажыла віцэ-прэм’ер Наталля Качанава, урадам ва ўзаемадзеянні з Адміністрацыяй прэзідэнта праведзены маніторынг рэалізацыі дэкрэта. Галоўны вывад — дэкрэт з’яўляецца актуальным, аб’ектыўным і неабходным, аказвае станоўчае ўздзеянне на сферу працы і занятасці, уключэнне ў легальную эканамічную дзейнасць незанятага насельніцтва.

На нарадзе віцэ-прэм’ер прывяла даныя, у адпаведнасці з якімі пасля прыняцця дэкрэта адзначаны рост колькасці зваротаў за садзейнічаннем у працаўладкаванні і колькасці зарэгістраваных беспрацоўных. Пры гэтым на 1 лістапада 2016 года колькасць вакансій на 1,3 тысячы перасягнула колькасць беспрацоўных у Беларусі.

Цяпер падатковымі органамі праводзіцца работа па арганізацыі выплаты збору за 2015 год. Грамадзянам ужо накіравана 73 тысячы паведамленняў, выплацілі збор 9,5 тысячы чалавек на суму Br2,8 млн.

Як патлумачыла па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы віцэ-прэм’ер Наталля Качанава, змяненні ў дэкрэт аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства плануецца ўнесці да канца года.

“Прыняты некаторыя навацыі, якія будуць унесены як папраўкі ў гэты дэкрэт. Перш за ўсё гэта пытанні, якія тычацца цяжкіх жыццёвых сітуацый і прадастаўлення права мясцовым органам улады прымаць рашэнне аб вызваленні ад збору грамадзян, у якіх склаліся непрадбачаныя жыццёвыя сітуацыі”, — сказала віцэ-прэм’ер.
Плануецца, што адпаведным правам будуць надзелены мясцовыя саветы дэпутатаў і выканаўчыя органы. Працэс прыняцця рашэнняў у гэтай сферы аддадуць на кантроль кіраўнікам рэгіёнаў.

Наталля Качанава таксама паведаміла аб пашырэнні катэгорый грамадзян, якія будуць вызваляцца ад выплаты збору. Гэта, напрыклад, тыя, хто праходзіць альтэрнатыўную службу, спартсмены, якія знаходзяцца ў спісачным складзе нацыянальнай або зборнай каманды Беларусі па тым ці іншым відзе спорту і не атрымліваюць нейкага даходу.

Акрамя таго, падтрымана прапанова ў якасці выплачанага падаходнага падатку з фізічных асоб улічваць таксама сумы такога падатку, на якія ён быў зменшаны ў выніку прымянення ўстаноўленых заканадаўствам падатковых вылікаў, як, напрыклад, у выпадку аказання дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі пры будаўніцтве жылля або атрыманні адукацыі.

Яшчэ адно змяненне будзе тычыцца пераносу тэрмінаў выдачы паведамленняў і выплаты збору за 2015 год на 20 студзеня і 20 лютага 2017 года адпаведна. Гэта зроблена з улікам неабходнасці ўдасканалення сфарміраванай інфармацыйнай базы даных плацельшчыкаў збору.

“Дэкрэт працуе. Упэўнена, што гэтае рашэнне было правільна прынята, — заявіла віцэ-прэм’ер. — Людзі пачалі думаць, што трэба не проста працаваць, а прымаць удзел у тых расходах, якія нясе сёння дзяржава. Гэта і адукацыя, і ахова здароўя, і праваахоўныя органы”.

Наталля Качанава таксама адзначыла, што беларускім вопытам прымянення дэкрэта ўжо зацікавіліся ў іншых краінах і актыўна абмяркоўваюць магчымасць прыняцця аналагічных мер.