Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Моц і сілу дзяржавы, непахіснасць яе суверэнітэту вызначае народ — сваёй працай, адзінствам і адданасцю роднай зямлі”

- 10:15Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці, прыняў удзел у патрыятычным шэсці “Беларусь памятае!”.

Разам з кіраўніком дзяржавы ў шэсці прынялі ўдзел яго сыны, ветэраны, воіны-інтэрнацыяналісты, кіраўнікі дзяржаўных органаў, прадстаўнікі культуры, спорту, медыйнай супольнасці, выхаванцы Мінскага кадэцкага вучылішча і піянеры, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, моладзі, працоўных калектываў і духавенства.

Па праспекце Незалежнасці ўдзельнікі шэсця ішлі да плошчы Перамогі, дзе да падножжа манумента — да Вечнага агню — усклалі гірлянду кветак.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў прамове ў час цырымоніі ўскла­дання кветак заявіў, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны беларускі народ зрабіў гістарычны выбар — паставіў сваю свабоду вышэй за жыццё.

“Тут, на гэтым свяшчэнным месцы, мы аддаём даніну памяці героям, якія змагаліся за нашу зямлю і набліжалі дзень Вялікай Перамогі. У гады Вялікай Айчыннай вайны беларускі народ зрабіў гістарычны выбар — паставіў сваю свабоду тады вышэй за сваё жыццё. Іншага выбару і не магло быць у нашчадкаў старажытнага славянскага народа — моцнага, гордага і незалежнага. Народа, які ніколі і нікога не прыгнятаў. Народа, які сам ніколі не быў рабом”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Партызаны, падпольшчыкі, мірныя жыхары, якія дапамагалі ім, — мільёны лю­дзей свядома ішлі на смерць, не жадаючы слу­жыць нацыстам.

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што цяпер менавіта той час, калі трэба, каб яшчэ гучней гучалі імёны беларускіх партызан і падпольшчыкаў: Івана Кавалёва, Ісая Казінца, Дзмітрыя Караткевіча, Ула­дзіміра Амелья­нюка, Івана Кабушкіна і многіх іншых. “Гэта сапраўдныя патрыёты, рэальныя, непрыдуманыя героі. Нашы суайчыннікі, якія так мала жылі, але так шмат зрабілі для Айчыны, — падкрэсліў ён. — Разам з імі мы страцілі ў той вайне кожнага трэцяга жыхара краіны. Не стамляюся гэта паўтараць для тых, хто робіць выгляд, што не ведае, якую вялікую цану заплаціў наш народ за жыццё і свабоду будучых пакаленняў — нас з вамі”.

Асаблівыя словы ўдзячнасці Аляксандр Лукашэнка адрасаваў ветэранам. “Дзякуй вам, дарагія нашы, за тое, што выстаялі і абаранілі Радзіму! Вашы бязмежная мужнасць, стойкасць і патрыятызм сталі для нас тым арыенцірам, які дапамагаў і дапамагае трымаць нам любыя ўдары”, — сказаў прэзідэнт.

“Мы разам будуем нашу незалежную дзяржаву. Мы ганарымся сваёй гісторыяй і беражом памяць аб гераічным мінулым. Беларусь — міралюбівая дзяржава і заўсёды будзе такой. Мы выступаем за дыялог краін і народаў, за ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва на раўнапраўнай аснове”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сучасны свет становіцца ўсё больш складаным і небяспечным, і сёння многія задаюцца пытаннем: што будзе заўтра? “Адказ просты. Наша будучыня зале­жыць толькі ад нас саміх. Ніхто не можа звонку пахіснуць тую стабільнасць і незалежнасць, якія сёння ў Беларусі. Толькі мы можам вяршыць лёс свайго народа на гэтай зямлі. Усё залежыць толькі ад нас. Моц і сілу дзяржавы, непахіснасць яе суверэнітэту вызначае народ — сваёй працай, адзін­ствам і адданасцю роднай зямлі”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што 3 ліпеня — сімвалічны дзень. На яго думку, усё жыццё чалавека і тым больш дзяржавы створана з сімвалаў. “Гэта вялікі сімвалізм, які сёння мы назіраем па ўсёй краіне. Тут у гэтай тысячнай калоне разам са старымі, ветэранамі, пакаленнем пасляваенных гадоў наша моладзь. І гэта галоўны сімвал сённяшняга дня. Памятайце: пакуль мы разам са сваімі дзецьмі прыходзім да мемарыялаў і абеліскаў, Гасподзь будзе з намі, ён нас заўсёды зможа абараніць ад бур і нягод. Але як толькі мы забудзем народную сцежку да гэтых велічных месцаў у гісторыі нашай краіны, чакайце бяды”, — сказаў прэзідэнт.

Пасля заканчэння патрыятычнага шэсця “Беларусь памятае!” ён з цеплынёй паразмаўляў з ветэранамі, прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса, жыхарамі Мінска, якія прыйшлі на ўрачыстасць.

Словы ўдзячнасці кіраўнік дзяржавы адрасаваў не толькі тым, хто прынёс Перамогу на палях бітваў, але і тым, хто аднаўляў краіну і гарады ў цяжкія пасляваенныя гады.

“Усё будзе добра, мы нікому нічога свайго не аддадзім, але і чужое нам не па­трэбна”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандра Лукашэнку віталі шматлікія жыхары сталіцы, якія прыйшлі на ўрачыстасць. Кіраўнік дзяржавы таксама прывітаў іх, павіншаваў са святам, пажадаў шчасця, удачы і здароўя.

“Беражыце краіну, гэта галоўнае”, — падкрэсліў беларускі лідар.