Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Мы здольны ўзняцца яшчэ на адну ступень у развіцці нашых адносін”

- 9:38Інфармацыйная гадзіна

Беларусь і Турцыя здольны ўзняцца на новую ступень у развіцці адносін, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на перагаворах з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам у вузкім складзе.

“Упэўнены, што ў выніку вашага візіту мы здольны ўзняцца яшчэ на адну ступень у развіцці нашых адносін”, — падкрэсліў беларускі лідар.

“У нас практычна няма палітычных рознагалоссяў. У нас адзіны погляд на міжнародны парадак дня. Вельмі добрыя адносіны па дыпламатычных каналах, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Так, гандлёва-эканамічныя адносіны ў нас крыху адстаюць ад нашых асабістых, міждзяржаўных адносін. Але нават у гэтай частцы таксама дынаміка дадатная, і існуе добры прагрэс”.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў Рэджэпа Таіпа Эрдагана ў шчырым стаўленні Беларусі да дружалюбнай Турцыі. “Нашы дружба і адносіны прайшлі выпрабаванне часам. І вы можаце быць упэўнены ў надзейнасці нашых адносін. З боку Беларусі мы заўсёды будзем прадказальныя для Турцыі, і наша палітыка заўсёды будзе адпавядаць таму курсу, які вы праводзіце ўжо не першы год”, — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што ў міждзяржаўных адносінах немалую ролю адыгрываюць асабістыя. “Калі браць пад увагу гэты фактар, то ў нас з вамі склаліся вельмі даўнія адносіны. Іх тэрмін — ужо больш за дзясятак гадоў”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён выказаў удзячнасць Прэзідэнту Турцыі за тое, што ў складзе турэцкай дэлегацыі ў Мінск прыехала амаль 200 прадстаўнікоў і кіраўнікоў найбуйнейшых кампаній гэтай краіны. “Мы адкрыем беларуска-турэцкі бізнес-форум, на які зарэгістравалася каля 300 беларускіх кампаній. Гэта, відаць, самы буйны форум па колькасці кампаній у гісторыі незалежнай Беларусі”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Рэджэп Таіп Эрдаган наведвае Беларусь упершыню, але выказаў упэўненасць, што, нягледзячы на непагоду, краіна яму спадабаецца.

Рэджэп Таіп Эрдаган, у сваю чаргу, сказаў, што шчаслівы наведаць Беларусь, і звярнуў увагу: Турцыя была першай дзяржавай, якая прызнала незалежнасць Беларусі.

“Што тычыцца нашых будучых адносін, то ёсць шмат сфер, асабліва ў эканоміцы, каб працаваць разам”, — адзначыў Прэзідэнт Турцыі. Ён таксама канстатаваў, што з улікам дзесяцімільённага насельніцтва Беларусі і васьмідзесяцімільённага насельніцтва Турцыі атрымліваецца 90 млн чалавек — гэта нямала. Паводле слоў Рэджэпа Таіпа Эрдагана, гэтая лічба сведчыць, што разам можна вельмі шмат зрабіць, асабліва для эканамічнага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Турцыяй.

Нягледзячы на некаторы спад беларуска-турэцкага тавараабароту за апошнія тры гады, Прэзідэнт Турцыі ўпэўнены ў добрых перспектывах яго нарошчвання.

***

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган прынялі ўдзел у цырымоніі ўрачыстага адкрыцця Саборнай мячэці ў Мінску.

На мерапрыемства таксама былі запрошаны кіраўнікі органаў дзяржкіравання, кіраўнікі і прадстаўнікі рэлігійных і нацыянальна-культурных грамадскіх аб’яднанняў, пасольстваў, замежныя госці і вернікі.

Будаўніцтва Саборнай мячэці, якая знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Грыбаедава і Ігнаценкі, было пачата ў лютым 2004 і завершана ў чэрвені 2016 года.

З самага пачатку работы фінансаваліся Лігай ісламскага свету. Завяршыліся яны за кошт турэцкага боку ў адпаведнасці з заключаным у 2015 годзе дагаворам паміж Упраўленнем па справах рэлігіі Турцыі і генпадрадчыкам турэцкай кампаніяй “Айсспрынт”.

У час цырымоніі адкрыцця Саборнай мячэці Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яе з’яўленне ў сталіцы Беларусі — гэта, безумоўна, знакавая падзея як для мусульманскай абшчыны краіны, так і для ўсіх грамадзян рэспублікі. “Беларусь спрадвеку славіцца традыцыямі верацярпімасці і ўзаемнай павагі паміж людзьмі розных канфесій і нацыянальнасцей. У гэтым наша гордасць, наша сіла, у гэтым залог нашай жыццеўстойлівасці”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што мусульмане з’явіліся ў Беларусі яшчэ ў XIV стагоддзі. Яны хутка і без праблем сталі часткай народа, разам з усімі абаранялі краіну ад знешніх ворагаў, уносілі значны ўклад у яе матэрыяльную культуру і традыцыі. “Наглядным сведчаннем духоўнага ўзаемапранікнення, напрыклад, з’яўляюцца старажытныя кнігі — кітабы, якія з XVI стагоддзя беларускія мусульмане пісалі арабскай графікай, але на беларускай мове”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

“Беларусь — краіна з міралюбным характарам. Мы цэнім мір і спакой, таму будуем храмы для ўсіх канфесій. Мы прытрымліваемся аднаго лозунга: любы грамадзянін нашай краіны мае права знайсці сваю дарогу да свайго храма, і ніхто не мае права і не павінен яго прымушаць рабіць інакш. Таму мы сёння адкрываем гэты вялікі храм, які будзе не проста домам для мусульман, а прыўнясе вялікі ўклад у развіццё культуры нашай Беларусі”, — сказаў прэзідэнт.

“Перакананы, што Саборная мячэць, узведзеная пры асабістай падтрымцы Прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана, майго добрага сябра і таварыша, стане для мусульман Беларусі і ўсяго беларускага народа важным духоўным цэнтрам, крыніцай асветы і распаўсюджвання гуманістычных ідэй і сапраўдных мэт ісламу”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

“Мы з вамі з’яўляемся сведкамі сапраўды гістарычнага моманту — прысутнічаем на цырымоніі адкрыцця мінскай мячэці, будаўніцтва якой было завершана пры садзейнічанні фонду Упраўлення па справах рэлігіі Турэцкай Рэспублікі”, — адзначыў, у сваю чаргу, Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган, звяртаючыся да гасцей. Ён выказаў радасць у сувязі з тым, што адкрыццё такога значнага аб’екта яму давялося ажыццявіць з дарагім сябрам і калегам — Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

“Асабіста ад сябе і ад імя свайго народа ўдзячны ўсім, хто мае дачыненне да будаўніцтва мячэці і яе адкрыцця. Яна ў тым ліку стане сімвалам дружбы беларускага і турэцкага народаў”, — перакананы Рэджэп Таіп Эрдаган.

Ён таксама выказаў удзячнасць беларускаму боку за добрыя адносіны да мусульман, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі.

Кіраўнікі дзяржаў азнаёміліся з добраўпарадкаваннем рэлігійнага збудавання, а таксама пакінулі запісы ў Кнізе пачэсных гасцей Саборнай мячэці Мінска.

***

Па праграме афіцыйнага візіту Прэзідэнта Турцыі ў Беларусь Аляксандр Лукашэнка і Рэджэп Таіп Эрдаган прынялі таксама ўдзел у беларуска-турэцкім бізнес-форуме. На мерапрыемстве разглядаліся перспектыўныя напрамкі развіцця двухбаковага гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Беларускія ўдзельнікі атрымалі магчымасць правесці перагаворы з кіраўнікамі турэцкіх кампаній, зацікаўленых у развіцці супрацоўніцтва ў сферах прамысловасці, гандлю, інвестыцый, будаўніцтва, турызму і іншых. Форум праводзіўся Беларускай гандлёва-прамысловай палатай сумесна з Саветам па знешнеэканамічных сувязях Турцыі (DEIK).