Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Наладзіць мост эканамічнага супрацоўніцтва. І гэта галоўнае на перспектыву”

- 11:24Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў кастрычніку плануе зрабіць візіт у Пакістан, у ходзе якога правядзе перагаворы з прэм’ер-міністрам гэтай краіны Навазам Шарыфам. Аб гэтым ішла размова на сустрэчы беларускага лідара з дзяржаўным міністрам па замежных справах спецыяльным памочнікам Прэм’ер-міністра Пакістана Саідам Тарыкам Фатэмі.

“Мне прыемна сустракаць вас, прадстаўніка майго добрага сябра. Я вельмі рад, што мы ў свой час не проста пазнаёміліся з Навазам Шарыфам, але нас звязваюць вельмі добрыя, цесныя адносіны. У нас няма ніякіх асабістых рознагалоссяў. Пры абмеркаванні многіх пытанняў — палітычных, эканамічных — у нас таксама поўнае супадзенне пунктаў гледжання. Мы заклалі з ім фундамент на будучыню адносін паміж Пакістанам і Беларуссю”, — адзначыў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі ганарацца дружалюбнымі адносінамі з такой магутнай і ўплывовай дзяржавай, як Пакістан. “Для мяне ў Пакістане няма чужых, не сваіх пытанняў. Мы перажываем за тое, якая абстаноўка ў Пакістане, як вы развіваецеся. Гэтак жа Наваз Шарыф мне гаварыў, што для яго Беларусь неабыякавая”, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. “З ім мы сустрэнемся ў кастрычніку”, — заявіў прэзідэнт, адзначыўшы, што гэтая сустрэча павінна быць глыбокай, на ёй плануецца прапрацаваць многія пытанні, у тым ліку на перспектыву.

“Мы хацелі б, і Наваз мне аб гэтым гаварыў, каб пад нашы палітычныя, асабістыя адносіны была падведзена магутная гандлёва-эканамічная база. Мы ўзаемадапаўняльныя дзяржавы. Трэба наладзіць мост эканамічнага супрацоўніцтва. І гэта галоўнае на перспектыву”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на неабходнасць абмеркавання адносін Пакістана і Беларусі з трэцімі краінамі. “Напрыклад, з КНР у вас бліскучыя адносіны і ў нас. З Расіяй. У вас з імі добрыя адносіны, у нас наогул выдатныя. Тут таксама можна атрымаць вялікія выгады і прынесці карысць гэтым дзяржавам у тым ліку”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Саід Тарык Фатэмі вельмі цёпла вітаў Прэзідэнта Беларусі. Дыялог вёўся на рускай мове без дапамогі перакладчыка. “Прэм’ер-міністр Наваз Шарыф паважае вас. Магу нават сказаць, любіць вас. І ён мне спецыяльна сказаў, каб я перадаў вам яго самыя добрыя пажаданні. Ваш візіт будзе важнай гістарычнай падзеяй у нашых адносінах. Мы ўпэўнены, што ён дапаможа вывесці нашы адносіны на яшчэ больш высокі ўзровень”, — сказаў ён.

Беларусь і Пакістан дасягнулі высокага ўзроўню палітычнага ўзаемадзеяння. У 2014—2015 гадах адбылося ўзаемнае адкрыццё пасольстваў. У маі 2015 года Аляксандр Лукашэнка наведаў Пакістан з афіцыйным візітам. У жніўні гэтага ж года з афіцыйным візітам у Беларусі пабываў Прэм’ер-міністр Пакістана. Ажыццяўляецца абмен візітамі па лініі міністэрстваў і ведамстваў.

У 2015 годзе значна пашырана дагаворна-прававая база двухбаковых адносін. У ходзе візітаў на найвышэйшым узроўні падпісана 58 дакументаў, у тым ліку ісламабадская дэкларацыя беларуска-пакістанскага партнёрства, дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве і дарожная карта двухбаковага супрацоўніцтва на пяцігадовы перыяд. Праведзены дзелавыя і інвестыцыйныя форумы, падпісаны кантракты на суму звыш $95 млн. Па выніках мінулага года аб’ём двухбаковага гандлю склаў $56,3 млн з дадатным для Беларусі сальда ў памеры $31,1 млн.