Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Наспела аб’ектыўная неабходнасць умацавання нашай Садружнасці як самадастатковага і эфектыўнага аб’яднання”

- 10:52Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступіў на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у Ашхабадзе.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў актуальнасць падрыхтаванай да саміту Дэкларацыі аб стратэгічным эканамічным супрацоўніцтве. “Падзеі ў свеце паказваюць, што наспела аб’ектыўная неабходнасць умацавання нашай Садружнасці як самадастатковага і эфектыўнага аб’яднання. А эканоміка была і застаецца фундаментам нашага ўзаемадзеяння. І вельмі важна, што гэты дакумент яшчэ раз пацвердзіў імкненне да кансалідацыі эканамічных патэнцыялаў краін Садружнасці, да паглыблення вытворча-кааперацыйных і гандлёвых сувязей”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў аб падтрымцы актывізацыі супрацоўніцтва па ключавых напрамках, у першую чаргу ў галіне транспарту, энергетыкі, прамысловай кааперацыі, узаемных інвестыцый і гандлю.

“Магутны рэзерв бачыцца ў пашырэнні ўнутранага рынку нашых краін, павышэнні яго ёмістасці. Перш за ўсё за кошт далейшай лібералізацыі гандлю як таварамі, так і паслугамі. Дадатковыя магчымасці можа даць вяртанне да поўнамаштабнай прамысловай кааперацыі, да стварэння новых сумесных канкурэнтаздольных вытворчасцей”, — лічыць беларускі лідар.

Ён канстатаваў, што бакі фактычна выйшлі на завяршальную стадыю падрыхтоўкі Стратэгіі эканамічнага развіцця СНД на перыяд да 2030 года. Прэзідэнт прапанаваў дапоўніць яе канкрэтнымі прарыўнымі праектамі, якія могуць стаць агульнымі перспектыўнымі кропкамі эканамічнага росту. “Прапаную даручыць Выканкаму сумесна з урадамі яшчэ раз папраца­ваць над гэтай тэмай і ўнесці адпаведныя прапановы”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, найважнейшай задачай эканамічнага парадку дня застаецца фарміраванне паўнацэннай зоны свабоднага гандлю. “Мы зацікаўлены ў хуткім завяршэнні работы над праектам Пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі. Выкарыстанне патэнцыялу гэтага сектара адпавядае інтарэсам усіх дзяржаў Садружнасці. Але трэба прызнаць, што працэс падрыхтоўкі пагаднення на экспертным узроўні неапраўдана зацягнуўся. Думаю, мэтазгодна ўстанавіць строгія часавыя рамкі для канчатковай дапрацоўкі дакумента”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

“Давайце, паважаныя калегі, не будзем адзін аднаго падманваць, хітрыць, мудраваць. Чым далей мы зацягваем гэты працэс нашага эканамічнага яднання, тым больш з’яўляецца магчымасцей, падстаў і прычын глядзець нам усім (дзяржавам) у іншы бок, недзе шукаць шчасця, як я гаварыў на пасяджэнні ЕАЭС. Толькі незразумела навошта”, — прадоўжыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён адзначыў, што краіны, якія ўваходзяць у СНД, фарміруюць велізарнейшы рынак. “Давайце бліжэй працаваць адзін з адным. Давайце будзем выбудоўваць нашы эканамічныя адносіны больш цесна, ствараць інтарэс для кожнай дзяржавы”, — заклікаў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што чалавека або дзяржаву трэба дабром падцягваць бліжэй да сябе або ў якую-небудзь арганізацыю. “Спрабаваць сёння нахіліць, паставіць на калені, неяк прынізіць дзяржаву… Не той час. Паглядзіце, што адбываецца ў свеце. Кожны з кожным пачынае ваяваць. Нам трэба аб’яднацца цясней, каб выступаць адзіным фронтам. Гэта вельмі важна сёння, напярэдадні 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Тады ніхто не дзяліўся. Усе ваявалі ў адным страі, бачылі адзіную мэту”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Перамога савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне адзіная і непадзельная, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адзначаючы падрыхтаваны для прыняцця на саміце зварот у сувязі з 75-годдзем Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

“У гэтым годзе мы адсвяткавалі 75-годдзе вызвалення Бела­русі. Наш народ заплаціў высокую цану за сваю свабоду — у барацьбе з фашызмам загінуў кожны трэці беларус.
Наступствы той страшэннай вайны мы адчуваем па гэты дзень”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў і аб агульнай праблеме катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, ад якой больш за ўсё пацярпела Беларусь. “Вось нашы цяжкія грузы — наступствы Вялікай Айчыннай вайны і ў дадатак гэта, не кажучы аб іншых пытаннях”, — падкрэсліў ён.

“Перамогу ў гэтай вайне падарыў нам вялікі савецкі народ! Паміраючы ў асаджанай Брэсцкай крэпасці і блакадным Ленінградзе, змагаючыся пад Сталінградам і Курскам, вызваляючы Еўропу і штурмуючы Берлін, рускія, беларусы, украінцы, казахі, армяне, азербайджанцы, малдаване, грузіны, кіргізы, таджыкі, туркмены і ўзбекі, іншыя народы не думалі аб сваёй нацыянальнай прыналежнасці. Яны былі адзіныя, узнімаючы Сцяг Перамогі над рэйхстагам. Значыць, і наша Перамога павінна быць адзінай і непадзельнай!” — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што, падпісваючы зварот, бакі зноў дэманструюць сваю з’яднанасць і дружбу, беражлівае стаўленне да агульнай вялікай гісторыі. “Адзіным фронтам супрацьстаім спробам яе скажэння і фальсіфікацыі. Разам выс­тупаем за аднаўленне шырокага міжнароднага дыялогу па ўмацаванні сістэмы глабальнай бяспекі і мер даверу”, — падкрэсліў беларускі лідар.

На саміце Прэзідэнт Беларусі заклікаў падтрымаць беларускую ініцыятыву аб фарміраванні пояса лічбавага добрасуседства.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што пагрозы бяспецы дамінуюць у спісе сучасных выклікаў чалавецтву і іх колькасц­ь хутка расце. Адной з прычын кіраўнік дзяржавы бачыць усё большую страту даверу ў адносінах паміж краінамі. “Таму сёння, як ніколі, неабходны пошук аб’яднальнага парадку дня, новых ідэй, якія падзяляюцца шырокім колам дзяржаў і арганізацый”, — лічыць беларускі лідар.

Праблему тэрарызму прэзідэнт назваў найбольш вост­рай, адзначыўшы, што ні адна краіна свету не можа адна з ёй справіцца. “Ключ да поспеху ляжыць у цеснай каардынацыі дзеянняў на ўсіх узроўнях. Таму наша праграма супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД у барацьбе з тэрарызмам і іншымі насільнымі праявамі экстрэмізму сёння з’яўляецца як мага больш запатрабаванай і актуальнай, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Яна вельмі важная. Нам нельга спыняцца толькі на гэтай праграме. Трэба яе паглыбляць і пашыраць. Апошнім часам сфарміраваліся новыя тэрарыстычныя рызыкі і пагрозы. Найбольшую небяспеку ўяўляюць кіберзлачыннасць і кібертэрарызм”.

Прэзідэнт у сувязі з гэтым нагадаў аб нядаўняй атацы з дапамогай дронаў у Саудаўскай Аравіі, адзначыўшы, што з’явілася новая зброя, даступная тэрарыстам.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што інтэрнэт і сацыяльныя платформы адкрываюць экстрэмістам неабмежаваныя магчымасці для прапаганды, вярбоўкі прыхільнікаў і каардынацыі злачыннай дзейнасці. “Зноў жа, я назіраю за Прэзідэнтам Расіі: колькі Расія і Кітай (трэба аддаць належнае) робяць для таго, каб у інтэрнэце ад асобных тэндэнцый абараніцца, — адзначыў беларускі лідар. — А чаму мы разам не можам аб’яднацца і неяк урэгуляваць пытанні ў інтэрнэце? Гэта ж абуральна — тэрарысты адкрыта не толькі агітуюць, а расказваюць, што рабіць і дзе. Тут нам трэба сур’ёзна падумаць”.

Ён нагадаў, што ў верасні ў Мінску была праведзена міжнародная канферэнцыя высокага ўзроўню па барацьбе з тэрарызмам з выкарыстаннем новых і ўзнікаючых тэхналогій, на якой Беларусь выступіла з названай ініцыятывай аб поясе лічбавага добрасуседства. “У якасці механізма яе рэалізацыі мы бачым заключэнне пагадненняў аб забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі. Іх ключавымі элементамі маглі б стаць ідэі лічбавага суверэнітэту і нейтралітэту, што будзе гарантаваць неўмяшанне краін у інфармацыйныя рэсурсы адно аднаго”, — канкрэтызаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць урэгуляваць адпаведныя пытанні. “Так званыя гібрыдныя войны, і складнік іх — інфармацыйныя тэхналогіі. І нам тут трэба дамаўляцца, каб мы хаця б у СМІ не вялі гэтую інфармацыйную вайну адзін супраць аднаго”, — сказаў ён.

Прэзідэнт папрасіў удзельнікаў саміту падтрымаць беларускую ініцыятыву, каб эфектыўна супрацьдзейнічаць тэрарыстычным і іншым пагрозам у кіберпрасторы. “Пры вашай згодзе мы маглі б даручыць Выканкаму пачаць распрацоўку адпаведнага праекта пагаднення”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў у час выступлення на саміце, што важным крокам у зніжэнні напружанасці ў свеце магло б стаць прыняцце дэкларацыі адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што беларускім бокам была вылучана ініцыятыва аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе. “Пасля спынення дзеяння адпаведнага дагавора становіцца вельмі верагодным з’яўленне такіх узбраенняў у еўрапейскай частцы кантынента. А гэта непазбежна прыводзіць да пагрозы новага вітка ваеннай канфрантацыі”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

“Уладзімір Уладзіміравіч (Пуцін), тут мы абсалютна падтрымліваем. Мы падрыхтуем і накіруем вам пісьмо ў адказ на вашу заяву, якую вы разаслалі па ўсім свеце. Нам трэба сур’ёзна на гэта звярнуць увагу. Гэта не толькі праблемы Расіі, якая спрабуе неяк аднавіць статус-кво і пакінуць кантроль над асабліва небяспечнымі ўзбраеннямі. Нельга дапусціць, каб у Еўропе з’явіліся такія ракеты”, — заявіў беларускі лідар.

Ён падкрэсліў, што Беларусь як паўнапраўная ўдзельніца дагавора не выходзіла з яго і ў далейшым не мае намеру гэтага рабіць, калі не будзе пагроз бяспецы краіны.

Мінск прапануе распрацаваць дэкларацыю адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе. “Прыняцце такога дакумента стала б важным крокам у зніжэнні напружанасці, аднаўленні даверу і ўмацаванні міжнароднай бяспекі”, — рэзюмаваў прэзідэнт.