Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Прытрымлівацца той палітыкі, якую мы абяцалі народу ў перадвыбарную кампанію”

- 12:02Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не бачыць неабходнасці мяняць курс, якога прытрымліваецца дзяржава. Аб гэтым ён заявіў на нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця эканомікі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўрад ставіць шэраг пытанняў, якія патрабуюць прыняцця рашэнняў на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнт падкрэсліў, што абдумваў прапановы ўрада не адзін дзень і не адзін тыдзень.
“І я не знаходжу магчымасці і неабходнасці мяняць курс (калі ў кагосьці ёсць такія прапановы) у гэтай сітуацыі. Курс, па якім мы атрымалі незалежнасць, стварылі сваю дзяржаву. І сёння нешта ламаць, прытым залішне напружваючы людзей і безвынікова, — я на гэта не тое што не магу пайсці, я катэгарычна супраць гэтага”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Прашу прытрымлівацца той палітыкі, якую мы абяцалі народу ў перадвыбарную кампанію. Хлусіць людзям нельга. У адваротным выпадку мы будзем праводзіць так званыя рэформы для сябе, якія будуць не прыняты народам. Гэта не толькі ўнясе неразбярыху ў розумы людзей, але і дэстабілізуе абстаноўку, і тады нам спатрэбіцца пры страце кіруемасці, магчыма, і аблічча ўлады, грошай значна больш, чым трэба, дапусцім, сёння для пагашэння знешняй пазыкі”, — адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што была створана маніторынгавая група, якая вывучыла гэтыя пытанні. Пры гэтым прэзідэнт падкрэсліў, што курс, вызначаны дзяржавай, з’яўляецца крытэрыем прыняцця сённяшніх рашэнняў.
У ходзе нарады прэзідэнт адзначыў, што лічыць недастатковай работу ўрада па абароне ўнутранага рынку. “Унутраны рынак не абаронены, я колькі разоў аб гэтым гавару, але сёння ідзе вывучэнне сітуацыі. Пакуль не на карысць урада. Паглядзім, як будзе далей”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Без мер абароны ўнутранага рынку, без выкарыстання магчымасцей нашага насельніцтва, няхай гэтыя магчымасці не такія гіганцкія, тым не менш аддаць свой рынак— гэта значыць нічога не рабіць унутры сваёй краіны, а гераічна пераадольваць гэтыя складаныя тэндэнцыі на знешніх рынках”, — лічыць прэзідэнт.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, “каб беларусы куплялі сваё, трэба прапанаваць якасны тавар і па цане нармальны”. “Усё гэта мы ўмеем рабіць, таму пытанне — за арганізацыяй справы”, — падкрэсліў прэзідэнт, звяртаючыся да членаў урада.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў высокай інтэнсіўнасці і выніковасці работы ўсіх кіраўнікоў. “Урад не павінен быць нейкай канторай. Ён павінен сёння (адкрыта аб гэтым трэба гаварыць у складанай сітуацыі) у ручным рэжыме кіраваць эканомікай там, дзе гэта трэба, на месцы дапамагаючы ўсім, чым мы можам, прадпрыемствам, губернатарам, старшыням райвыканкамаў, патрабуючы ад іх бездакорнага выканання прынятых рашэнняў і вельмі высокай напружанасці і інтэнсіўнасці”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што пры гэтым усе павінны даваць вынік.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што падставай для нарады стала прапанова ўрада абмеркаваць тэндэнцыі, якія адбываюцца апошнім часам на міжнародных рынках, перш за ўсё ў Расійскай Федэрацыі, звязаныя з няпэўнасцю з расійскім рублём і з цэнамі на нафту. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што Беларусь значна залежыць ад цэн на нафту, паколькі перапрацоўвае прыкладна 22—23 млн т нафты ў год.
Што датычыцца расійскага рубля, то для беларускай прадукцыі рынак Расійскай Федэрацыі застаецца асноўным. “Ад гэтага мы пакуль нікуды не адыдзем. Мы вымушаны глядзець, як развіваецца Расія, яе эканоміка, якія ў яе тэндэнцыі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Што датычыцца іншых знешніх рынкаў, на якіх мы працуем, — таксама сітуацыя нярадасная. Міжнародны валютны фонд, Сусветны банк, іншыя арганізацыі, якія займаюцца прагназаваннем эканомікі ў сусветным маштабе, таксама даюць негатыўныя прагнозы, з кожным месяцам пакуль паніжэнне на паўпрацэнта, на працэнт… Зразумела, усё гэта прагнозы, але яны так ці інакш у гэтай рыначнай эканоміцы ўплываюць не толькі псіхалагічна, але і фактычна на развіццё тых ці іншых галін, у тым ліку нашай эканомікі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.