Аляксандр Лукашэнка: сістэму адукацыі трэба ўдасканальваць на аснове дасягненняў, без рэформ і неабдуманых рашэнняў

- 14:42Апошнія запісы

Удасканаленне сістэмы адукацыі павінна праходзіць на аснове існуючых дасягненняў, без рэформ і неабдуманых рашэнняў. На гэта звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на праведзенай 1 красавіка нарадзе, прысвечанай актуальным пытанням развіцця сістэмы адукацыі.

У нарадзе прынялі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Бузоўскі, міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Генадзь Пальчык.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць тэмы развіцця адукацыі ў сучасных умовах. Разам з тым прэзідэнт адзначыў, што гэта першае набліжэнне да разгляду важнейшых пытанняў, якія ў нас сфарміраваліся яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў і актуалізаваліся, у тым ліку пытанне адукацыі, пасля выбараў.
Адносна асноўнай тэмы нарады — адукацыі — прэзідэнт заявіў, што адно з пытанняў, якое стаяла яшчэ да выбараў, але пакуль канчаткова не вырашана, тычыцца сферы адукацыі. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што пры назначэнні новага кіраўніцтва Міністэрства адукацыі была пастаўлена канкрэтная задача — удасканаленне сістэмы, заснаванае на ўжо існуючых дасягненнях, а не рэфармаванне і ломка. “Нам з савецкіх часоў дасталася нядрэнная сістэма адукацыі, мы яе пераўтварылі. Мы да гэтага вярталіся не адзін раз, рыхтавалі новыя падручнікі. Тым не менш там яшчэ хапае праблем”, — упэўнены кіраўнік дзяржавы.
“Мы выйшлі на шэраг праблемных пытанняў, і па іх былі дадзены канкрэтныя даручэнні: разабрацца з актуальнымі праблемамі, якія стаяць перад усімі намі, перад грамадствам”, — падкрэсліў прэзідэнт. Паводле яго слоў, гэтыя пытанні хвалююць усіх, яны вельмі сур’ёзна звернуты ў будучыню.
Віцэ-прэм’ер Наталля Качанава праінфармавала аб выкананні даручэнняў прэзідэнта, якія былі дадзены ўраду па пытаннях адукацыі. Яна расказала аб праведзеных у розных рэгіёнах краіны сустрэчах з педагагічнымі калектывамі, выхавальнікамі дзіцячых дашкольных устаноў, дырэктарамі навучальных устаноў. Віцэ-прэм’ер бліжэй азнаёмілася з работай многіх дзіцячых садоў, школ, сярэдніх спецыяльных, прафесійна-тэхнічных устаноў, ВНУ і пабывала на ўроках. Наталля Качанава запэўніла, што ва ўстановах адукацыі сёння стабільная абстаноўка. Яна таксама падкрэсліла: “Мы адышлі ад усялякіх рэформ і неабдуманых эксперыментаў. Нам сёння не трэба штосьці кардынальна ламаць”.
Прэзідэнт краіны адзначыў, што сістэма адукацыі павінна адпавядаць сучасным выклікам і патрабаванням. Пры гэтым асноўная задача педагогаў усіх узроўняў — не толькі вучыць, але і выхоўваць.
Прэзідэнт падрабязна цікавіўся ўсімі аспектамі будучых навацый. Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі па ўсіх пытаннях, дзе плануецца ўдасканаленне, у прыватнасці, аб павышэнні даступнасці дашкольнай адукацыі. Каб поўнасцю вырашыць праблему забяспечанасці месцамі ў дзіцячых садах, запланавана ў тым ліку будаўніцтва 70 дзіцячых садоў, стварэнне 275 груп кароткачасовага знаходжання. Галоўнае патрабаванне прэзідэнта — нагрузкі для школьнікаў павінны быць разумнымі, іх ні ў якім разе нельга перавышаць.
Размова ішла таксама аб скарачэнні дакументаабароту, выключэнні неўласцівых функцый з абавязкаў настаўніка. Міністэрствам адукацыі ўжо зацверджаны пералік абавязковай дакументацыі ў школе, які ўключае мінімальную колькасць неабходных для работы настаўніка і класнага кіраўніка дакументаў.
Асаблівая ўвага была ўдзелена арганізацыі шостага школьнага дня. На думку Аляксандра Лукашэнкі, у час шостага школьнага дня акцэнт усё ж павінен рабіцца на фізкультурна-аздараўленчыя, спартыўна-масавыя мерапрыемствы, працоўнае выхаванне вучняў і іх прафарыентацыю.
Прэзідэнта таксама праінфармавалі аб тым, што ўрадам вызначаны меры па далейшай аптымізацыі ў сістэме адукацыі. У прыватнасці, прадугледжана аптымізацыя на рэспубліканскім і рэгіянальным узроўнях, перш за ўсё так званых каляадукацыйных устаноў і структур.
Была таксама закранута тэма працаўладкавання выпускнікоў. Патрабаванне прэзідэнта — прыняць неабходныя меры па прадастаўленні першага працоўнага месца ўсім, хто навучаўся за кошт сродкаў бюджэту, а таксама пры жаданні і тым, хто навучаўся на платнай аснове.
Асаблівая ўвага на нарадзе была ўдзелена павышэнню якасці агульнай сярэдняй адукацыі. Аляксандр Лукашэнка засяродзіў увагу на неабходнасці стварэння такіх падручнікаў, матэрыял у якіх выкладзены зразумелай і даступнай для разумення школьнікаў мовай, пры гэтым быў добра праілюстраваны. Прэзідэнт даручыў падключыць да вырашэння гэтага пытання высокапрафесійных спецыялістаў з розных галін, каб атрымаць сучасныя і якасныя вучэбныя кнігі для школьнікаў.
“Падручнікі — гэта галоўнае, і грошай на іх шкадаваць не трэба. Гэта найпершае, чым трэба займацца”, — перакананы кіраўнік дзяржавы.
На нарадзе размова таксама ішла аб удасканаленні якасці падрыхтоўкі кадраў ва ўстановах вышэйшай, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Закраналася таксама тэма ўдасканалення правіл паступлення ў навучальныя ўстановы. Акрамя таго, вялікая ўвага была ўдзелена павышэнню эканамічнай эфектыўнасці функцыянавання ўстаноў адукацыі. Міністэрства адукацыі павінна працаваць ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам эканомікі, Міністэрствам працы і сацабароны. Патрабаванне прэзідэнта — падрыхтаваныя кадры павінны быць запатрабаваны і задзейнічаны ў сістэме народнай гаспадаркі краіны.
Напрыканцы Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў выканання ўсіх дадзеных ім даручэнняў у гэтай сферы да маштабнай нарады, якую плануецца правесці на ўзроўні прэзідэнта напярэдадні новага навучальнага года.
Па выніках нарады ў Прэзідэнта Беларусі па актуальных пытаннях развіцця сістэмы адукацыі міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў паведаміў журналістам, што профільнае навучанне пачнуць пашыраць у беларускіх школах з новага навучальнага года.
Паводле слоў міністра, сістэма адукацыі ў школах павінна будавацца так, каб да 10 класа кожны вучань вызначыўся, як ён хоча далей удасканальваць свае веды: па інжынерным, прыродазнаўчанавуковым, медыцынскім або іншым напрамку. “Інакш кажучы, мы будзем ісці па шляху паглыблення і пашырэння профільнага навучання, разумеючы пад гэтым, што сюды ўкладваецца і паняцце прафесійна-тэхнічнага навучання таксама”, — сказаў Міхаіл Жураўкоў.
Галоўнай задачай профільнага навучання будзе падрыхтаваць вучня да здачы цэнтралізаванага тэсціравання і паступлення ў ВНУ. “Па профільных педагагічных класах унесены прапановы, каб іх выпускнікі мелі перавагі перад іншымі абітурыентамі пры паступленні ў педагагічныя ВНУ”, — дадаў міністр.
Што тычыцца прапаноў па развіцці вышэйшых навучальных устаноў, якія прапрацоўваюцца ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі, кіраўнік ведамства адзначыў, што прэзідэнт даручыў яшчэ раз узгадніць усе навацыі з усімі зацікаўленымі структурамі.
“Мы яшчэ раз уважліва прапрацуем прапановы, якія тычацца бакалаўрыята, магістратуры, новых падыходаў да вызначэння статусу вышэйшай навучальнай установы. Калі ўсё будзе гатова, падрабязна данясём шырокай грамадскасці аб тым, што засталося ў новай рэдакцыі Кодэкса”, — растлумачыў міністр.
Паводле слоў міністра, адным з пытанняў, якое ўзнімалася на нарадзе ў прэзідэнта, была аптымізацыя ў сістэме адукацыі. “Асабліва аптымізацыя структур, якія абслугоўваюць сістэму адукацыі. Гэта нашы навукова-даследчыя інстытуты, Нацыянальны інстытут адукацыі. Мы расказалі аб планах, што будзем рабіць, прэзідэнт іх адобрыў”, — адзначыў Міхаіл Жураўкоў.
Акрамя таго, на нарадзе разглядалі аптымізацыю саміх устаноў адукацыі. Напрыклад, плануецца аб’ядноўваць у населеным пункце некалькі прафесійна-тэхнічных вучылішчаў, калі яны паасобку функцыянуюць неэфектыўна.
“Вельмі перспектыўная, на наш погляд, схема — стварэнне такіх холдынгаў або ўключэнне каледжаў і прафесійна-тэхнічных вучылішчаў у склад ВНУ для інтэграванага навучання, каб навучэнцы атрымлівалі спецыяльную адукацыю ў каледжы і мелі магчымасць прадоўжыць навучанне ва ўніверсітэтах”, — растлумачыў міністр.

Па матэрыялах БелТА.