Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Трэба актывізаваць работу па мадэрнізацыі Садружнасці, зрабіць яе больш моцнай і прывабнай для дзяржаў-удзельніц, адаптаваць да сучасных рэалій”

- 11:43Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый 40-га пасяджэння Савета кіраўнікоў органаў бяспекі і спецыяльных службаў краін СНД (СОРБ) выказаўся за тое, каб больш актыўна займацца вырашэннем праблем Прыднястроўя, Нагорнага Карабаха і іншых актуальных для Садружнасці пытанняў.

У гэтым годзе Беларусь прымала юбілейнае, 40-е, пасяджэнне СОРБ. На думку Аляксандра Лукашэнкі, гэта магчымасць больш адкрыта абмеркаваць праблемы, на якія “хварэе” сёння СНД: сітуацыю ў Прыднястроўі, Нагорным Карабаху, Украіне.

“Калі мы іх не будзем бачыць, лячыць гэтыя хваробы, мы загонім іх углыб”, — перасцярог прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што СНД неабходна імкнуцца да дыялогу па гэтых і іншых вострых пытаннях. “Трэба дамаўляцца. Мы нікуды не дзенемся, мы ў адной лодцы, ніхто нас, асабліва там, на іншых берагах, не чакае. Трэба ўладкоўваць сваё жыццё”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, дапамогай у гэтым стане блізкі менталітэт народаў краін СНД. “Мы ведаем адзін аднаго і як уладкаваць гэтае жыццё”, — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт дадаў, што ў СНД усведамляюць рэальную пагрозу, якую ўяўляюць для яе краін міграцыйная абстаноўка ў Еўропе, што пагаршаецца, крызісныя з’явы ў сусветнай эканоміцы, барацьба за энергетычныя, водныя, іншыя рэсурсы. “На гэтай глебе ўзнімае галаву радыкальны экстрэмізм, нарастаюць пагрозы з боку міжнародных тэрарыстычных структур. Таксама на парадку дня — праблемы транснацыянальнай злачыннасці, наркатрафіку, гандлю людзьмі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Усё гэта ўскладае асаблівую адказнасць на органы дзяржаўнай бяспекі і спецыяльныя службы дзяржаў Садружнасці.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць развіцця СНД як унікальнай інтэграцыйнай і перагаворнай пляцоўкі. Пры гэтым трэба актывізаваць работу па мадэрнізацыі Садружнасці, зрабіць яе больш моцнай і прывабнай для дзяржаў-удзельніц, адаптаваць да сучасных рэалій, перакананы прэзідэнт. “Я ўпэўнены, што Украіна не сёння, дык заўтра прыйдзе да нас. У яе вельмі шмат тут інтарэсаў. Думаю, што і Грузія”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Трэба зрабіць так, каб яны вярнуліся. Вельмі шмат там людзей, якія гатовы з намі супрацоўнічаць”, — дадаў прэзідэнт. Пры гэтым, на думку кіраўніка дзяржавы, неабходна “не тое, каб іх прымушаць, а клікаць да сябе”. “Не павінны мы страчваць гэтыя рэспублікі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар канстатаваў, што за гады існавання СНД было нямала зроблена. У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў зону свабоднага гандлю. Калі Украіна аказалася ад яе адсечана, яна панесла немалыя страты, нагадаў прэзідэнт. Многае зроблена таксама для грамадзян, якія ў асноўным могуць свабодна перамяшчацца па тэрыторыі былога Савецкага Саюза, працаўладкоўвацца ў краінах СНД. “Вялікіх бар’ераў няма. Трэба гэта захоўваць і добрае развіваць, каб людзі цанілі Садружнасць”, — падагульніў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што сёння перад Садружнасцю ўзнікаюць новыя выклікі, якія патрабуюць салідарнага, сумеснага рэагавання. “Вобласць нестабільнасці вакол нас, на жаль, пашыраецца. Даводзіцца канстатаваць размыванне механізмаў забеспячэння як міжнароднай, так і рэгіянальнай бяспекі. Асобныя знешнія палітычныя сілы дэманструюць вяртанне да блокавага мыслення часоў халоднай вайны. Робяцца спробы ўцягвання цэлых рэгіёнаў у процістаянне і новую гонку ўзбраенняў. Для нас гэта абсалютна непрымальна”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на міграцыйную абстаноўку, якая пагаршаецца, на тое, што ў выніку нестабільнасці на Блізкім Усходзе сапраўдную гуманітарную катастрофу перажывае Еўропа. Пры гэтым прэзідэнт канстатаваў, што такая праблема існуе вельмі даўно, у прыватнасці, Беларусь вырашае яе не менш як 10 гадоў. “Мы з гэтым пастаянна змагаемся. Дарэчы, за гэта нам ніхто не плаціць”, — адзначыў прэзідэнт.

“Мы з гэтай праблемай знаёмы даўно, у нас ёсць пэўны вопыт работы ў такім напрамку, але адна Беларусь, у тым ліку і матэрыяльна, справіцца не можа”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.