Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “У адзінстве залог усіх нашых поспехаў”

- 10:48Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на Каляды прыехаў у храм у гонар абраза Божай Маці “Дзяржаўная” на тэрыторыі Свята-Лісавецінскага жаночага манастыра ў Мінску.

У храме кіраўніка дзяржавы віталі выхаванцы нядзельнай школы манастыра, якія паднеслі яму букет кветак. Прэзідэнт у сваю чаргу ўручыў ім калядныя падарункі — кнігі аб праваслаўных святах і ласункі.

Затым Аляксандр Лукашэнка па традыцыі запаліў калядную свечку.

Прэзідэнт у сваёй прамове звярнуўся не толькі да тых, хто прыйшоў у храм, але і да ўсіх, хто святкуе Нараджэнне Хрыстова. “Светлае, добрае свята, якое ўсяляе ў нашы сэрцы веру, надзею, любоў і дабрыню. Мне здаецца, што гэты храм, гэта святыня, у якіх мы знаходзімся, і ёсць увасабленне гэтых добрых і светлых слоў”, — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што 2019 год быў няпростым для краіны, і для кожнага чалавека паасобку ён склаўся па-рознаму. “Але ў цэлым усе вы гаворыце, што гэта быў нядрэнны год. Гэта быў складаны перыяд нашага жыцця. І, як я заўсёды гавару, што самае — тое, што выклікае ў нас насцярожанасць (нават не небяспеку), — гэта эканоміка. Таму што гэта жыццё нашых людзей”, — сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз нагадаў аб сваім навагоднім звароце, канкрэтызаваў яго: “Гаварыў я аб тым, што год будзе няпростым. Год будзе для кагосьці цяжкім, для кагосьці не вельмі. Але будзе вельмі няпросты год. І нам трэба шмат зрабіць для таго, каб гэтак жа дастойна прайсці яго, захаваўшы нашу краіну, сваю незалежнасць”.

“Але самае галоўнае, што было ў мінулым годзе, гэта вялікі наш здабытак і дасягненне — мы захавалі мір і спакой на нашай зямлі. Мір міжканфесійны і міжнацыянальны — гэта тое, чым ганарыцца любая дзяржава, і перш за ўсё наша Беларусь”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт нагадаў, што ў жыцці краіны быў няпросты час. “Знахо­дзіліся мы і ў блакадзе, і ў ізаляцыі, і санкцыі ўводзілі супраць нас. Мы — не Расія і іншыя вялікія дзяржавы, не Еўрасаюз. І нам было няпроста. Але толькі дзякуючы нашай еднасці мы выстаялі. У адзінстве залог усіх нашых поспехаў. І ў гэтым адзінстве вельмі вялікую ролю адыграла наша Царква — усе канфесіі (наша вялікая Царква), не толькі праваслаўныя, не толькі католікі (я маю на ўвазе хрысціян) — усе канфесіі нашай краіны”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу падзякаваў праваслаўным пастырам як прадстаўнікам самай масавай канфесіі ў Беларусі за мір і спакой, які пануе ў краіне. “Вы ўнеслі вялікі ўклад у імя таго, каб мы жылі спакойна, гадавалі сваіх дзяцей. Усюды няпроста. Хто б як ні ўзносіў свае поспехі, заслугі і іншае (я аб’ехаў увесь свет), паверце, усюды няпроста. Гінуць людзі, гінуць дзеці. У нас таксама гэтага хапае. Але толькі па нашай бесклапотнасці, а не таму, што намі кіруюць звонку і ствараюць звонку канфлікты і тыя сітуацыі, у якіх гінуць дзеці. Толькі па нашай бесклапотнасці. Толькі таму, што мы маем пэўныя заганы, якія вядуць да таго, што гінуць людзі і, на вялікі жаль, дзеці”, — звярнуў увагу беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім галоўнага — здароўя, і папрасіў людзей берагчы сябе і сваіх дзяцей. “Кажуць, там (на тым свеце. — Заўвага БелТА.) таксама ёсць жыццё. На жаль, мы гэтага не ведаем, будзем верыць у гэта. Але аб гэтым жыцці, зямным, мы дасведчаны добра. Таму давайце да таго жыцця пажывём дастойна тут”, — заклікаў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы перадаў у дар храму абраз “Нараджэнне Хрыстова”. Гэты маляваны абраз беларускага аўтара Андрэя Шчарбініна перадае найвялікшую падзею — прыход на зямлю Сына Божага ў Віфлеемскай пячоры — Нараджэнне Хрыстова, свята вялікага абнаўлення свету, дзень выратавання і ўсеагульнай радасці. “Няхай ён будзе ў гэтым храме. Але абяцаю вам, што я ў гэты храм вярнуся ў бягучым годзе. На вялікі жаль, я не ведаў, што тут створаны такі вялікі здабытак. Хачу падзякаваць усім за тое, што вы робіце тут. Ведаю, што вы працуеце, дапамагаеце тым, хто мае патрэбу ў гэтай дапамозе, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — У знак таго, што я своечасова не звярнуў увагі на гэтае месца, я абавязкова прыеду і пагляджу, што тут можна зрабіць. Таму што гэта тое, што мне падабаецца асабліва ў царкве, калі прыходзяць у храм, манастыр людзі па сваёй волі — прыйшлі і робяць добрыя справы”.

Дарэчы, першае, пра што спытаў прэзідэнт, калі выйшаў з аўтамабіля пасля прыезду да храма, — гэта чым можна дапамагчы. Асабліва дзяржава будзе гатова ўдзельні­чаць у падтрымцы дабрачыннай работы — дапамозе пажылым і адзінокім, нямоглым — усім, хто мае патрэбу ў асаблівым клопаце і ўвазе.

У сваю чаргу настаяцель храма протаіерэй Андрэй Лемяшонак адзначыў асаблівую радасць у вялікі і радасны дзень Каляд сустракаць у храме кіраўніка дзяржавы: “Яна сапраўды асаблівая, таму што прадстаяцель нашага народа, наш прэзідэнт, наведвае наш храм і гаворыць вельмі важныя словы. Не фармальна, а ад сэрца. Дзякуй вам”.

“Мы разумеем, наколькі цяжка вам сёння весці нас наперад, даваць нам надзею на светлую будучыню. Яна ў нас ёсць і будзе. Таму, вядома, хацелася б пажадаць вам шмат сіл, здароўя. Таму што, як вы сказалі, нельга чакаць, што ўсё бу­дзе паднесена на талерачцы. Усё трэба зарабляць, трэба праца­ваць. І ўсё гэта перажыванне ў вашым сэрцы за ўвесь народ. Мы сапраўды молімся за вас і шчыра хочам, каб у нас быў мір. Гэта самае галоўнае — каб было мірнае неба. Каб на нашай зямлі людзі адчувалі сябе свабодна, каб ім было добра, каб былі вялікія сем’і, шмат дзяцей, і ў гэтых сем’ях была любоў”, — сказаў настаяцель у адрас Аляксандра Лукашэнкі.

Протаіерэй Андрэй Лемяшонак перадаў у дар кіраўніку дзяржавы абраз святой прападобнай Ефрасінні, ігуменні Полацкай. “У знак нашай любові, нашай малітвы. Гэта зрабілі нашы майстры”, — сказаў настаяцель храма.

На заканчэнне мерапрыемства кіраўнік дзяржавы цёпла прывітаў людзей, якія сабраліся каля храма, і пажадаў ім здароўя.