Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “У нас няма закрытых тэм, мы супрацоўнічаем і будзем супрацоўнічаць па ўсіх напрамках”

- 12:15Інфармацыйная гадзіна

Азербайджан можа разлічваць на Беларусь як на самага блізкага сябра. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на афіцыйных перагаворах з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым у фармаце адзін на адзін.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што, прыязджаючы ў Баку, заўсёды здзіўляецца таму, як у горадзе сучасныя збудаванні гарманіруюць з гістарычнымі будынкамі. Прэзідэнт таксама павіншаваў Ільхама Аліева з пераканаўчай падтрымкай грамадзянамі Азербайджана прапанаваных канстытуцыйных змяненняў, звязаных з павелічэннем прэзідэнцкага тэрміну да сямі гадоў.

“Засталося самае малое — рухацца такім жа чынам, як гэта было дасюль, дзякаваць свайму народу вось такімі поспехамі ў развіцці народнай гаспадаркі Азербайджана. Зразумела, вы можаце на нас разлічваць як на самых блізкіх сяброў. Калі мы чымсьці можам быць карысныя вам у Азербайджане, мы заўсёды гэта зробім. Нашы магчымасці вы добра ведаеце, вы вялікі сябар Беларусі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“У нас няма закрытых тэм, мы супрацоўнічаем і будзем супрацоўнічаць па ўсіх напрамках. Мы нікому не шкодзім нашым супрацоўніцтвам, мы адкрытыя і далей будзем адкрытыя, публічныя пры абмеркаванні самых злабадзённых пытанняў нашай рэчаіснасці”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў заявіў: “Нашы сустрэчы маюць рэгулярны характар. Гэта сведчыць аб тым, што адносіны паміж нашымі дзяржавамі самыя блізкія і дружалюбныя. Мы настроены на актыўнае прадаўжэнне супрацоўніцтва з Беларуссю па ўсіх напрамках. Сёння двухбаковы фармат ахоплівае практычна ўсе сферы нашага жыцця, ідзе нарошчванне супрацоўніцтва ў традыцыйных сферах. Мы таксама вызначаем новыя напрамкі”.

Прэзідэнт Азербайджана падкрэсліў, што за апошнія гады краіны вырашылі вельмі шмат пытанняў у двухбаковым супрацоўніцтве. “Мы сябры, партнёры. Заўсёды адно аднаго падтрымлівалі і падтрымліваем ва ўсіх пытаннях, — звярнуў увагу ён. — Упэўнены, што сённяшні візіт дасць новы штуршок развіццю нашага супрацоўніцтва”.

Пасля размовы прэзідэнтаў адзін на адзін перагаворы прадоўжыліся ў пашыраным фармаце.

“Калі ў вас ёсць інтарэс на рынку ў Еўропе, ды і не толькі ў Еўропе, давайце сядзем і дамовімся. Мы гатовы на доўгую перспектыву працаваць з Азербайджанам у выпадку дамоўленасці”, — сказаў на перагаворах Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў лідару Азербайджана за нядаўнюю пастаўку нафты ў Беларусь: у кастрычніку на Мазырскі НПЗ паступіла каля 85 тысяч тон нафты. “Вы не першы раз нас падтрымліваеце, але гэта была разавая падтрымка. Я разумею, што любы вытворца нафты павінен мець стратэгію. Мы гатовы ў гэтым плане рухацца наперад настолькі далёка, наколькі гэта ў інтарэсах Азербайджана”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што партнёрства ў нафтавай сферы — гэта не галоўнае ў адносінах і перагаворах паміж Беларуссю і Азербайджанам. “Але гэта важны напрамак нашага супрацоўніцтва. Ёсць жаданне і зацікаўленасць — калі ласка. У нас два самыя магутныя, самыя сучасныя нафтаперапрацоўчыя заводы. Мы завяршаем іх мадэрнізацыю, выходзім на больш як 90 працэнтаў глыбіні перапрацоўкі нафты. Мы гатовы разгледзець на гэты момант і давальніцкія пастаўкі вашай нафты”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“Вельмі правільна, з майго пункту гледжання, Азербайджан узяў курс на развіццё баваўнаводства, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці будзе такое, што мы можам разлічваць на 25—30 тысяч тон, а можа, і 40 тысяч тон баваўнянага валакна. Я прапанаваў разгледзець пытанне магчымай кааперацыі ў плане нашага Баранавіцкага баваўнянага камбіната. У нас ёсць магчымасць там сумесна супрацоўнічаць. Мы не супраць, калі Азербайджан увойдзе ў капітал гэтага прадпрыемства”.

Яшчэ адным напрамкам супрацоўніцтва можа стаць вытворчасць азербайджанскіх дываноў у Беларусі. “Давайце разам ствараць гэтую вытворчасць — і вы атрымаеце не толькі беларускі рынак, але і рынак суседніх дзяржаў, якія не выпускаюць дывановых вырабаў такой якасці”, — адзначыў прэзідэнт.

Краіны таксама разглядаюць супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі і фармацэўтыкі. Беларусь гатова будаваць у Азербайджане сельгаспрадпрыемствы і адкрываць сумесныя вытворчасці лякарстваў.

“Мы рады таму, як складваюцца адносіны. Але ўзровень узаемнага гандлю нас радаваць не можа. Мы сёння ўжо абмяняліся думкамі, як пашырыць дыяпазон супрацоўніцтва, наменклатуру і павялічыць тавараабарот. Для гэтага ёсць вельмі добры патэнцыял. Мы можам павялічыць узаемны экспарт за вельмі кароткі час, правільна арганізаваўшы работу”, — заявіў у сваю чаргу Ільхам Аліеў.

Прэзідэнт Азербайджана прапанаваў развіваць супрацоўніцтва ў сферы транспарту. “Мной было ўзнята пытанне аб тым, што трэба пачаць кансультацыі. Мы ажыццяўляем буйныя праекты ў нашым рэгіёне па стварэнні новых транспартных калідораў. Геаграфічнае становішча Азербайджана і Беларусі прадугледжвае, што мы павінны вельмі актыўна ўзаемадзейнічаць у гэтым напрамку, выкарыстоўваючы свае магчымасці і кантакты з рознымі краінамі”, — сказаў ён.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што Беларусь і Азербайджан з’яўляюцца надзейнымі партнёрамі не толькі адно для аднаго, але і для трэціх краін. “На міжнароднай арэне нашы краіны карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам з-за прынцыповай палітыкі і сумленнасці ў адносінах”, — падкрэсліў ён.

Па выніках перагавораў прэзідэнты прынялі сумесную заяву.

***

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў узнагародзіў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку ордэнам Гейдара Аліева.

Узнагароджанні ордэнам Гейдара Аліева робяцца рэдка. Замежным грамадзянам гэтая ўзнагарода ўручаецца за выдатныя заслугі перад Азербайджанам, за асаблівыя заслугі ў справе ажыццяўлення азербайджанскай ідэі, умацавання салідарнасці азербайджанцаў усяго свету, за асаблівыя заслугі ў наладжванні палітычных, эканамічных, навуковых і культурных сувязей Азербайджана з іншымі краінамі.

Ордэн Гейдара Аліева таксама прысвоены былому Прэзідэнту Францыі Жаку Шыраку, былым прэзідэнтам Украіны Віктару Юшчанку і Віктару Януковічу, былому Прэзідэнту Польшчы Леху Качыньскаму, Прэзідэнту Турцыі Рэджэпу Таіпу Эрдагану, шэрагу іншых кіраўнікоў дзяржаў і грамадскіх дзеячаў.

***

У ходзе візіту ў Азербайджан Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў таксама сустрэчу з Прэм’ер-міністрам Азербайджана Артурам Расі-задэ, у ходзе якой абмеркаваў перспектывы развіцця беларуска-азербайджанскіх адносін.

Перад сустрэчай з Артурам Расі-задэ Аляксандр Лукашэнка наведаў Цэнтр Гейдара Аліева, які быў створаны ўказам Прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева і адкрыты ў 2012 годзе.

Цэнтр прызначаны садзейнічаць вывучэнню філасофіі дзяржаўнага будаўніцтва і ідэалогіі азербайджанства Гейдара Аліева, гісторыі краіны, яе мовы, культурных, нацыянальных і духоўных каштоўнасцей.

Комплексны будынак, які ўключае вялікае збудаванне, глядзельную залу, музей, выставачныя залы і адміністрацыйныя памяшканні, узведзены ў постмадэрнісцкім стылі. Канцэпцыя яго форм уяўляе сабой хвалепадобнае імкненне ўвышыню і плаўнае зліццё з зямлёй. Белы колер збудавання сімвалізуе светлую будучыню. У 2014 годзе праект будынка атрымаў прэмію “Дызайн года”, заснаваную Лонданскім музеем дызайну. Гэтая ўзнагарода з’яўляецца адной з самых аўтарытэтных у галіне архітэктуры.

Збудаванне лічыцца адным з сімвалаў сучаснага Баку.

***

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўсклаў вянок да магілы агульнанацыянальнага лідара Азербайджана Гейдара Аліева на Алеі ганаровага пахавання ў Баку.

Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама ўсклаў кветкі да магіл жонкі, дзядзькі і брата былога Прэзідэнта Азербайджана.

Пахаваны на Алеі ганаровага пахавання грамадска-палітычныя выдатныя дзеячы Азербайджана. Гейдар Аліеў быў пахаваны тут у снежні 2003 года.

У першую гадавіну яго смерці на магіле адкрылі манумент, які ўяўляе сабой штучны ўзгорак. Ён сімвалізуе горную радзіму палітыка — горад Нахічэвань. Ля падножжа гары знаходзіцца выкладзены гранітам пастамент, на якім стаіць помнік прэзідэнту.

Згодна з традыцыяй, усе замежныя дэлегацыі, якія прыбываюць з візітам у Азербайджан, наведваюць магілу Гейдара Аліева і ўскладаюць вянкі.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у цырымоніі ўскладання вянка да манумента на Алеі шахідаў.