Аляксандр Шугаль: работа з алімпіяднікам — рашэнне цікавай задачы, якое патрабуе пастаяннай імправізацыі

- 9:00Главная, Знак качества, Образование

Прадстаўнікі гімназіі № 2 Віцебска выдатна выступілі на 65­-й Міжнароднай матэматычнай алімпіядзе ў горадзе Бат (Вялікабрытанія). Уладальнікаў “золата” Івана Коршунава і “бронзы” Мацвея Арэшчанку падрыхтаваў настаўнік Аляксандр Шугаль. У вучня яго калегі Святланы Матросавай Максіма Манастырскага бронзавы медаль, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Адразу тры медалі

— Аляксандр Уладзіміравіч, у свае школьныя гады вы ўдзельнічалі ў алімпіядах?

— Парадаксальна на першы погляд, аднак зусім не. Ні ў школе, ні ў студэнцкія гады. Толькі калі ўпэўнена адчуў сябе ў педагагічнай прафесіі, прыйшоў у алімпіядны рух. Разумееце, у кожнага настаўніка стандартна наступае час, калі ён ужо настолькі валодае праграмным матэрыялам, што з лёгкасцю можа даваць вучням заданні па падручніку, не зазіраючы ў яго. Тое ж самае з асноўнымі дапаможнікамі, у больш шырокім значэнні — з любой тэмай па праграме. Бо ты іх з некаторымі варыяцыямі, у залежнасці ад класа і канкрэтнай задачы на ўроку, паўтараеш дзень пры дні, з году ў год. Работа ператвараецца ў руціну. На гэтым этапе я і ўсвядоміў неабходнасць рухацца далей, інакш прафесійнае выгаранне непазбежнае. Паколькі, вобразна кажучы, немагчыма стаць майстрам спорту па спорце, то найперш я вызначыў напрамак развіцця. Выбраў для сябе алімпіядны рух.

— Калі педагог штогод стабільна рыхтуе пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і, тым больш, міжнародных алімпіяд, то здаецца, што ён раскрыў недасяжны для большасці калег прафесійны сакрэт. Ці так насамрэч?

— Некалі я спрабаваў знайсці інгрэдыент, здольны вокамгненна перавесці падрыхтоўку на прынцыпова іншы ўзровень і чарадзейным чынам адкрыць нам з вучнямі шлях да высокіх вяршынь. Толькі потым стаў разумець: ніякага сакрэту проста няма. Ёсць сур’ёзная, структурная, вельмі карпатлівая праца, якая паступова пачынае прыводзіць да пэўнага станоўчага выніку. Яна займае велізарную колькасць часу. Калі ўзяць прыкладны час падрыхтоўкі да звычайнага ўрока і да работы з алімпіяднікамі, то прапарцыянальныя суадносіны будуць 1:10 і вышэйшыя. Каб правесці заняткі па зададзенай тэме для вучняў названай мэтавай групы, я магу напярэдадні патраціць 3—4 тыдні. Прычым не паўгадзіны ў дзень пасядзець, а больш. Між тым мае алімпіяднікі гатовы матэ­рыял праглынаюць за ўмоўныя 3—4 гадзіны і чакаюць яшчэ. Паспяховай падрыхтоўцы алімпіяднікаў-міжнароднікаў у значнай ступені спрыяе супрацоўніцтва нашай гімназіі з факультэтам інфарматыкі і прыкладной матэматыкі БДУ. Многа каштоўнага на зборах навучэнцы даведваюцца ад трэнераў і асабліва ад запрошаных пераможцаў папярэдніх міжнародных алімпіяд па матэматыцы. Мы ў гімназіі таксама маем падобны вопыт. Зразумела, я на гэтых занятках прысутнічаў і пераканаўся, што на іх неацэнныя не столькі методыка з тэматыкай (бо ўсе рэчы, якія даваліся, мы з вучнямі разбіралі раней), колькі непасрэдны інфармацыйны абмен: куды пагля­дзець, дзе знайсці, з якімі цікавымі артыкуламі азнаёміцца. Адназначна гэта было карысна як для маіх вучняў, так і для мяне, нават у фармаце тыднёвага інтэнсіву. Велізарнае значэнне мае выбудаваная ў гімназіі пры вядучым удзеле дырэктара Канстанціна Леанідавіча Кісялёва адметная сістэма работы з высокаматываванымі і адоранымі навучэнцамі. Галоўны складнік — штодзённая праца вучня з настаўнікам плюс дадаткова самастойная падрыхтоўка кожнага.

— Чаму ў юнацтве вы вырашылі стаць выкладчыкам матэматыкі?

— Матэматыка падабалася са школы, мне хацелася звязаць з ёй сваю будучыню. А на тое, што стаў настаўнікам, паўплывала сацыяльная абстаноўка ў краіне. У 90-я гады мінулага стагоддзя многія прадпрыемствы прастойвалі, вытворчасць спынялася, людзей масава скарачалі. Мой баць­ка — інжынер, я знутры быў знаёмы з сітуацыяй, якая складвалася. Таму на незапатрабаваныя інжынерныя спецыяльнас­ці свядома не нацэльваўся. Прагматычна выбраў педагагічную, разважаючы: “Як бы там ні было, школьныя настаўнікі патрэбны заўсёды, без работы не застануся”. Скончыў ВДУ імя П.М.Машэрава, па размеркаванні трапіў у знакамітую Лужаснянскую гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці. Потым зацягнула, сапраўды зацікавіла — і застаўся ў настаўніцкай прафесіі. І будзем лічыць, што ў мяне больш-менш паспяхова атрымліваецца.

— Каго ў прафесіі вы лічыце сваімі настаўнікамі?

У Лужасне быў моцны педагагічны калектыў і эфектыўна выбудаваная сістэма работы з навучэнцамі на ўсіх узроўнях, што давала фенаменальныя вынікі. Дарэчы, аналагічную па маштабах з’яву мы цяпер можам назіраць у гімназіі № 2 Віцебска, куды я перайшоў працаваць у 2014 го­дзе. У пачатку ж настаўніцкага шляху сярод вопытных калег мяне асабліва прыцягвала асоба легендарнага Міхаіла Мікалаевіча Волкава. Яго прыклад быў не апошнім аргументам на карысць таго, што я выбраў алімпіядны рух як адзін з варыянтаў развіцця. Здавалася, што гэты настаўнік ведае нешта сакрэтнае і таму ў яго такія супервынікі, а астатнія іх мець не могуць, бо не валодаюць сакрэтам. Як я раней казаў, у жыцці ўсё больш проста і складана адначасова: трэба поўнасцю прысвяціць сябе рабоце. Яшчэ я вельмі ўдзячны Лідзіі Леанідаўне Горбаль, яна выключны прафесіянал і цудоўны чалавек. Канечне, было многа іншых калег, якія ўнеслі свой уклад у маё педагагічнае станаўленне. Але, калі называць тых, хто даў мне вызначальныя арыенціры, дзякуючы каму я той, хто зараз ёсць, то вылучу гэтых дваіх людзей. Тое, чым яны шчодра са мной падзяліліся, я паступова “падкручваў” пад свой тэмперамент, узровень, успрыманне таго ці іншага матэрыялу. Так набывала абрысы ўласная сістэма выкладання.

— Работа з адораным навучэнцам больш нагадвае рашэнне задачы ці гэта пераважна імправізацыя?

— Скажам так: рашэнне цікавай задачы, якое патрабуе пастаяннай імправізацыі. Найперш я працую на якасць адукацыі ўсіх сваіх вучняў, каб яны засвоілі пэўны аб’ём ведаў і норм, здалі экзамены, паступілі ва ўніверсітэт, паспяхова рэалізаваліся ў жыцці. Гэта асноўная мэта любога педагога. Ра­зам з тым я адказваю на запыт часткі вучняў на дадатковае вывучэнне матэматыкі. Тут індывідуальны складнік пераважае. Калі шчыра, то, бадай, самае складанае — як мага раней убачыць свайго будучага алімпіядніка і потым матываваць яго да дадатковых заняткаў. Бо трэба не 45 мінут адпрацаваць на ўроку, а часцей 4—6 гадзін штодня ў гімназіі і мінімум гадзіну-дзве дома, інакш высокі вынік апрыёры недасягальны. Спачатку да матывацыі падключаецца ўся магчымая цяжкая артылерыя: аўтарытэт настаўніка, дырэктара, класнага кіраўніка, бацькоў. Калі дзіця ўцягваецца ў працэс, то ў яго з’яўляюцца зацікаўленасць і першыя поспехі. Пасля перамог на абласным этапе алімпіяды, як правіла, працаваць становіцца намнога прасцей. Знешняя матывацыя перарастае ва ўнутраную. І, нарэшце, наступае, магчыма, самы шчаслівы і адказны момант для настаўніка: вучань яго пераўзыходзіць.

— Са Святланай Матросавай у вас здаровая канкурэнцыя або супрацоўніцтва?

— У тым, што адносіцца да работы, не прымаю ніякай канкурэнтнасці ў прынцыпе. Мы ўсе працуем на карысць адной установы адукацыі, яе прэстыж і развіццё. Ніколі не стаўлю сябе так, маўляў, гэта — мае алімпіяднікі, а гэта — чужыя. Ёсць камандны вынік, ён дасягаецца агульнымі намаганнямі. Таму мы са Святланай Георгіеўнай дзейнічаем у тандэме, абменьваемся матэрыяламі і напрацоўкамі, з нашымі вучнямі рэгулярна займаемся сумесна.

— Такім чынам вынікі памнажаюцца ўдвая?

— Тут варта гаварыць не пра множанне, а пра нарастаючую геаметрычную прагрэсію.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара