Перадаць навучэнцам прафесійныя веды і вопыт, сфарміраваць іх асобу, падрыхтаваць да працоўнага жыцця — ключавыя задачы ўладальніка звання “Майстар года” з Магілёўскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа Аляксандра Ваўчкова. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
З прафесійнай адукацыяй Аляксандр Сяргеевіч трывала звязаны ўжо даволі доўгі час. Рабоце з падрастаючым пакаленнем ён прысвяціў звыш дзесяці гадоў, прычым у яго працоўнай кніжцы ўсяго адзін запіс. Увесь гэты час Аляксандр Ваўчкоў з’яўляецца майстрам вытворчага навучання ў электратэхнічным каледжы.
— Я і сам тут атрымліваў прафесію. Мой бацька — электраманцёр, ён і параіў гэтую ўстанову. Вучыўся я з энтузіязмам, быў у ліку выдатнікаў. Калі атрымліваў дыплом, кіраўніцтва каледжа прапанавала застацца працаваць на пасадзе майстра. Так і распачаўся мой педагагічны шлях, — расказаў Аляксандр Сяргеевіч.
Зараз Аляксандр Ваўчкоў выкладае спецыяльнасці “Электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання” і “Электрамантажнік па сілавых і асвятляльных сістэмах”. У ліку яго выхаванцаў звыш 500 маладых людзей. На занятках у Аляксандра Сяргеевіча яны спасцігаюць азы прафесіі: вучацца працаваць з бытавымі і прамысловымі электрычнымі прыборамі.
Каб вытворчае навучанне было эфектыўным, Аляксандр Ваўчкоў вялікую ўвагу ўдзяляе стварэнню належных умоў. Цалкам самастойна ён аформіў майстэрню па мантажы асвятляльных электраўстановак.
— Акцэнт зрабіў на адпаведнасці стандартам Profskills. Рабочыя месцы ў майстэрні персаналізаваныя. На стэндах прадстаўлены праграмуемыя лагічныя кантролеры і іншае абсталяванне, якое выкарыстоўваецца для аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў на прадпрыемствах, — паведаміў Аляксандр Сяргеевіч.
Па яго меркаванні, галоўная мэта майстра — навучыць. Навучыць падлетка працаваць рукамі, якасна і адказна выконваць сваю справу, каб у далейшым атрымліваць ад выбранай прафесіі не толькі матэрыяльнае, але і маральнае задавальненне.
— Заняткі будую так, каб яны стымулявалі дапытлівасць вучняў, матывавалі іх на самаадукацыю. Прафесійным уменням вучу праз уласны прыклад і сумесную дзейнасць. Да кожнага навучэнца шукаю свой падыход, імкнуся заўважыць моцныя бакі, — расказаў Аляксандр Сяргеевіч.
Асаблівую ўвагу педагог удзяляе развіццю здольнасцей навучэнцаў. Яго выхаванцы паспяхова праяўляюць сябе ў конкурсным руху, з’яўляюцца неаднаразовымі пераможцамі спаборніцтваў Profskills, прычым як рэспубліканскага, так і міжнароднага ўзроўню.
— Масава далучаю навучэнцаў да навукова-тэхнічных конкурсаў. Для іх гэта добрая магчымасць навучыцца нестандартна і крэатыўна мысліць. Хлопцы займаюцца вынаходніцтвам і часта прыдумваюць незвычайныя механізмы або нават новыя тэхналогіі. Напрыклад, навучэнцы Антон Бяганскі, Міхаіл Веранкоў і Мікіта Фіялкоўскі пад маім кіраўніцтвам распрацавалі трэнажор па праграмаванні лагічных кантролераў і макет разумнага дома, аснашчанага альтэрнатыўнымі крыніцамі энергіі. Праекты сабралі шэраг пераможных дыпломаў, — адзначыў Аляксандр Сяргеевіч.
Разам з прафесійнай падрыхтоўкай моладзі ў прыярытэце педагога і яе выхаванне. Па суботах і на канікулах разам са сваімі навучэнцамі ён наведвае музеі, памятныя месцы рэгіёна і краіны.
— Рэгулярна арганізоўваю выхаваўчыя мерапрыемствы. Падчас нефармальных зносін шмат увагі ўдзяляю гутаркам пра такія важныя паняцці, як патрыятызм, грамадзянскасць, імкнуся закладваць у навучэнцах правільныя каштоўнасці і арыенціры, — расказаў Аляксандр Сяргеевіч.
Сёння Аляксандр Ваўчкоў — майстар першай кваліфікацыйнай катэгорыі. Але, нягледзячы на гэта, ён бесперапынна знаходзіцца ў творчым пошуку.
— Пастаянна ўкараняю ў адукацыйны працэс прагрэсіўныя формы навучання. Стараюся, каб навучэнцы атрымлівалі дакладную, сучасную, актуальную інфармацыю. Фармірую ў іх тыя навыкі і ўменні, якія дазволяць ім быць запатрабаванымі на рынку працы спецыялістамі, — падкрэсліў Аляксандр Сяргеевіч.
Для павышэння прафесійнай кампетэнцыі Аляксандр Ваўчкоў прымае ўдзел у разнастайных конкурсах, фестывалях, канферэнцыях. Нядаўна стаў лепшым у краіне на рэспубліканскім конкурсе “Майстар года”.
— Высокае званне стала для мяне чарговым штуршком да прафесійнага росту. Хочацца рабіць заняткі яшчэ больш выніковымі, яшчэ больш укладваць у сваіх вучняў, — заўважыў Аляксандр Сяргеевіч. — Менавіта гэта ў планах на найбліжэйшую перспектыву.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара