Будучыя настаўнікі краіны павінны выступаць гарантамі захавання беларускай дзяржаўнасці, разумення гістарычнай пераемнасці ў яе развіцці. У гэтым перакананы рэктар БДПУ Аляксандр Жук.
Свядомы выбар
Палітычная і прававая асвета моладзі — адзін з прыярытэтаў выхаваўчай работы Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Яна садзейнічае фарміраванню грамадзянскай актыўнасці і адказнасці студэнтаў.
— Усіх нашых студэнтаў у межах сацыяльна-гуманітарных курсаў “Паліталогія” і “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці” мы знаёмім з заканадаўствам і прававымі асновамі нашай рэспублікі. Гэта дапамагае сфарміраваць неабходныя кампетэнцыі не толькі для ўласных палітычных паводзін, але і для правядзення выхаваўчых і ідэалагічных мерапрыемстваў ужо падчас самастойнай прафесійнай дзейнасці або ў статусе дыпламаванага спецыяліста. Аднак, акрамя тэорыі, важна, каб студэнты мелі і практычныя навыкі ў галіне права. Для гэтага ў БДПУ арганізоўваюцца конкурсы па прававых ведах, акцыі і віктарыны, праводзяцца семінарскія заняткі з мадэляваннем розных сітуацый, практыкуецца наведванне студэнтамі адкрытых судовых працэсаў, — расказаў рэктар БДПУ Аляксандр Жук.
Па яго словах, прававая дасведчанасць студэнтаў фарміруецца ва ўніверсітэце не толькі ў межах адукацыйнага працэсу, але і ў пазавучэбны час. Студэнты рэгулярна ўдзельнічаюць у ідэалагічных і грамадзянска-патрыятычных мерапрыемствах розных узроўняў. У БДПУ актыўна працуе інфармацыйна-прапагандысцкая група. Яе сіламі былі арганізаваны і праведзены дзясяткі дыялогавых пляцовак на ўсіх факультэтах,
у інстытутах, інтэрнатах і іншых структурных падраздзяленнях у рамках падрыхтоўкі да мінулага рэспубліканскага рэферэндуму. І зараз гэтая работа працягваецца.
Што тычыцца электаральнай культуры будучых настаўнікаў, то тут акцэнт зроблены на прадастаўленні аб’ектыўнай інфармацыі пра палітычную сістэму і выбарчы працэс у нашай краіне.
— Маладыя людзі павінны разумець, што ў тым ліку праз іх удзел у электаральных кампаніях ажыццяўляецца кіраванне дзяржавай. Ад зробленага імі выбару залежыць будучыня краіны, а значыць, і іх саміх. Безумоўна, сёння моладзь — сацыяльна і палітычна актыўная частка грамадства. Яна хоча быць пачутай, хоча ўдзельнічаць у вырашэнні важных грамадска-палітычных пытанняў. Наш універсітэт дае ёй гэтую магчымасць праз удзел у дзейнасці грамадскіх арганізацый (БРСМ, прафсаюз, маладзёжнае крыло “Белай Русі” і БСЖ) і органаў студэнцкага самакіравання, у валанцёрстве, сустрэчах з прадстаўнікамі органаў улады і дэпутацкага корпуса. Важна накіраваць намаганні моладзі ў стваральнае рэчышча, каб яе энергія дапамагала развіццю краіны. Для гэтага неабходна ўмела арганізаваць пазавучэбны час студэнтаў, каб яны не проста адвучыліся і пайшлі дадому, але і ўдзельнічалі ў грамадска-карыснай дзейнасці, — адзначыў Аляксандр Іванавіч.
У БДПУ працуе дэбат-клуб. У ім студэнты не толькі вучацца выступаць на публіцы, але і глыбей разбірацца ў грамадска-палітычных і эканамічных працэсах як Беларусі, так і ўсяго свету. Да будучай электаральнай кампаніі ва ўніверсітэце створаны штаб маладога выбаршчыка. Яго ўдзельнікі па прынцыпе “роўны вучыць роўнага” расказваюць пра будучы адзіны дзень галасавання, змяненні ў Выбарчым кодэксе, а таксама праводзяць прававыя гульні і віктарыны.
— Важна адзначыць, што дзейнасць па развіцці прававой і электаральнай дасведчанасці — гэта доўгатэрміновы працэс, які патрабуе пастаяннай увагі і сістэмнай работы. Для таго каб ён быў больш эфектыўным, неабходна ўдасканальваць існуючыя і ўводзіць новыя формы работы з моладдзю, — перакананы рэктар БДПУ.
Шлях стварэння і стабільнасці
Узаемадзеянне БДПУ з дэпутацкім корпусам — важны аспект сучаснага адукацыйнага працэсу. Універсітэт мае шырокія партнёрскія сувязі з народнымі выбраннікамі. Сёння ніводны законапраект у краіне не прымаецца без публічнага грамадскага абмеркавання. Так, у педуніверсітэце з удзелам дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (С.М.Клішэвіча, Л.Э.Макарынай-Кібак, І.С.Камароўскага, А.В.Гайдука) прайшлі дыялогавыя пляцоўкі па абмеркаванні праекта Канстытуцыі, законапраекта аб Усебеларускім народным сходзе, аб змяненні Выбарчага кодэкса. На такіх сустрэчах заўсёды прысутнічаюць супрацоўнікі і студэнты ўсіх факультэтаў і інстытутаў БДПУ. Да таго ж будучыя педагогі неаднаразова ўдзельнічалі ў маладзёжным форуме “Беларусь памятае”, які праходзіў у Палаце прадстаўнікоў.
— Узаемадзеянне паміж БДПУ і дэпутацкім корпусам садзейнічае абмену думкамі, ведамі і вопытам, стварае спрыяльныя ўмовы для развіцця і сталення грамадства ў цэлым. Нашы агульныя намаганні накіраваны на далейшае развіццё і росквіт Беларусі. Увогуле, без выхавання патрыятызму, пачуцця адказнасці за будучыню сваёй краіны немагчыма сфарміраваць і сацыялізаваць сучаснага грамадзяніна. Асабліва гэта актуальна для Беларусі, маладую дзяржаўнасць якой нам неабходна берагчы і ўмацоўваць. Педагогам нашай краіны трэба мець адпаведныя веды, практычныя навыкі і арганізацыйныя кампетэнцыі, якія дапамогуць супрацьстаяць дэструктыўным палітычным паводзінам, маральнаму і прававому нігілізму, — лічыць А.І.Жук.
Па яго словах, адзіны дзень галасавання, які ўпершыню пройдзе ў нашай дзяржаве, увойдзе ў гісторыю суверэннай Беларусі. Любая электаральная кампанія — гэта паказчык грамадзянскай сталасці і свядомасці.
— Мы чарговы раз выберам напрамак, па якім будзе развівацца наша дзяржава. І я лічу, што мы павінны выбраць шлях стварэння і стабільнасці. Захаванне нашай гісторыі і традыцый, адзінства беларускага грамадства, пераемнасць пакаленняў, настойлівая праца і прымнажэнне дасягненняў — вось што дазволіць нашай краіне эфектыўна развівацца. Для многіх студэнтаў-першакурснікаў гэта будуць першыя выбары ў іх жыцці. Нельга дапусціць павярхоўнага стаўлення да электаральнай кампаніі, знешняга маніпулятыўнага ўмяшання ў працэс волевыяўлення ўсіх, асабліва маладых грамадзян Беларусі, фарміравання ў выбаршчыкаў-пачаткоўцаў няправільнай трактоўкі палітычнага курсу краіны. Будучыя настаўнікі павінны выступаць гарантам захавання беларускай дзяржаўнасці, разумення гістарычнай пераемнасці ў яе развіцці, — дадаў Аляксандр Іванавіч.
Студэнтам БДПУ даносяць важнасць рэалізацыі выбарчага права, дадзенага ім Канстытуцыяй. Удзел у выбарах дае магчымасць не толькі выказаць сваё меркаванне, але і дзейсна паўплываць на фарміраванне будучыні як свайго регіёна, так і ўсёй краіны. Да таго ж удзел у выбарах дапамагае моладзі ўсвядоміць сваю ролю ў грамадстве і зразумець, што іх дзеянні маюць рэальнае значэнне.
На думку рэктара БДПУ, фарміраванне ў педагогаў актыўнай грамадзянскай пазіцыі, патрыятызму, маральных якасцей немагчыма без асабістага ўдзелу і прыкладу старэйшага пакалення. У гэтым кантэксце як ніколі актуальныя словы кіраўніка дзяржавы пра тое, што выхаваць патрыёта можа толькі патрыёт.
Важна разумець, што выбарчая кампанія — гэта ўнікальная магчымасць прыняць непасрэдны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны, далучыцца да палітычных каштоўнасцей, стаць неад’емнай часткай беларускага грамадства.
— Электаральная кампанія — гэта шанс сфарміраваць дэпутацкі корпус, праявіць сваю адказнасць за сучаснасць і будучыню дзяржавы, прадоўжыць лепшыя палітычныя традыцыі краіны. Усё вышэйсказанае з’яўляецца інтэгруючым фактарам для ўмацавання нацыянальнай ідэнтычнасці, што дазволіць забяспечыць устойлівае развіццё беларускага грамадства і дзяржавы нават перад шматлікімі выклікамі і пагрозамі, — рэзюмаваў А.І.Жук.
Вольга АНТОНЕНКАВА