Ажыццявілася тое, да чаго Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі рыхтаваўся цэлы год, — у амерыканскім філіяле БДУІР (штат Ілінойс) адбыўся першы набор студэнтаў. З гэтай нагоды ў панядзелак быў арганізаваны тэлемост Мінск — Чыкага, у ходзе якога рэктар універсітэта Міхаіл Батура і выкладчыкі, якія задзейнічаны ў праекце, пазнаёміліся са сваімі амерыканскімі першакурснікамі і далі старт вучэбнаму працэсу.
Адметна, што ідэя выхаду БДУІР на амерыканскі адукацыйны рынак належала выпускніцы гэтай установы Эле Зібіцкер. Пасля таго, як яна скончыла МРТІ ў 1970 годзе і 10 гадоў адпрацавала на радыёзаводзе, яе сям’я эмігрыравала ў ЗША. Там Эла зрабіла выдатную кар’еру і зараз узначальвае Інстытут камп’ютарных сістэм (Чыкага, штат Ілінойс), дзе вучыцца каля 4 тысяч студэнтаў.
Ведаючы ўзровень адукацыі ў БДУІР, Эла Зібіцкер прапанавала беларускім калегам аб’яднаць намаганні і арганізаваць навучанне жыхароў ЗША ў дыстанцыйнай форме ў БДУІР (на англійскай мове). Ужо вясной гэтага года на базе Інстытута камп’ютарных сістэм быў адкрыты філіял кафедры праектавання інфармацыйна-камп’ютарных сістэм БДУІР і прынята рашэнне аб правядзенні набору жыхароў ЗША на навучанне.
У выніку абмеркаванняў пад гэты праект была адкрыта новая спецыяльнасць “Мабільныя сістэмы, якія праграмуюцца”. Яе стандарт і вучэбныя планы былі ўзгоднены як беларускім, так і амерыканскім бокам. (Дарэчы, сёлета набор на гэтую спецыяльнасць быў і для беларускіх студэнтаў. На 15 бюджэтных месцаў прэтэндавалі больш за 60 чалавек, а прахадны бал быў 341 і вышэй. Такім чынам, спецыяльнасць аказалася вельмі запатрабаванай не толькі ў ЗША, але і ў Беларусі).
— Інстытут камп’ютарных сістэм у ЗША правёў шырокую рэкламную кампанію, — заўважыў рэктар БДУІР Міхаіл Паўлавіч Батура. — Можна толькі ўявіць, які там выбар устаноў для атрымання адукацыі, абітурыентам прапаноўваюцца тысячы розных магчымасцей. Выбіраючы, людзі ўзважваюць усе “за” і “супраць”, і мы павінны былі зрабіць такую прапанову, каб яна аказалася прывабнай.
Як паведамілі амерыканскія партнёры, беларускай адукацыяй цікавіліся вельмі многія, а рэальны намер паступіць у БДУІР выказалі 57 чалавек. Аднак далёка не ўсе з іх былі дапушчаны да субяседавання.
— Мы адказваем за якасць падрыхтоўкі, а таму, калі ў суіскальнікаў не было патрэбных дакументаў, то да субяседавання яны не дапускаліся, — тлумачыць рэктар БДУІР. — Зараз мы ўносім у свой парадак прыёму магчымасць залічэння на вучобу замежных студэнтаў 4 разы на год: у кастрычніку, студзені, красавіку і ліпені. І калі такі парадак будзе хутка зацверджаны, то многія з тых, напрыклад, хто спазніўся падрыхтаваць дакументы восенню, змогуць прыступіць да вучобы ў студзені. Так, на працягу года з’явяцца яшчэ некалькі груп.
На сёння прайшлі адбор і прыступілі да заняткаў 10 жыхароў ЗША. Спецыялісты БДУІР спецыяльна ляталі ў Чыкага, каб правесці субяседаванне па матэматыцы, фізіцы і англійскай мове. Усё даволі сур’ёзна, бо якасць адукацыі БДУІР пачынаецца ўжо на этапе адбору.
Сярод залічаных студэнтаў ёсць выхадцы з розных краін, якія зараз жывуць у ЗША, маюць права на часовую працу і жадаюць атрымаць вышэйшую адукацыю. Гэта прадстаўнікі Філіпін, Казахстана, Кіргызстана, Нігерыі і іншых краін. Вядома, некаторыя з іх ведаюць рускую мову, і калі з іх боку будзе прапанова вучыцца па-руску, выкладчыкі пойдуць ім насустрач. Але афіцыйна мовай навучання заяўлена англійская.
— Асноўная катэгорыя нашых студэнтаў — тыя, хто мае права на часовую працу, але не мае грамадзянства ЗША ці віда на жыхарства. А гэта значыць, што ў іх няма магчымасці атрымаць крэдыты на вучобу, — гаворыць Міхаіл Паўлавіч. — У той жа час яны жадаюць атрымаць якасную вышэйшую адукацыю, што выступіць важкім аргументам, калі яны будуць прэтэндаваць на грамадзянства ці від на жыхарства. Такія людзі вучацца ў рэжыме эканоміі, а таму наша прапанова — дыплом, які прызнаецца ў ЗША, і адносна невысокі кошт навучання — для іх досыць прывабная.
Усё гэта добра разумеюць і амерыканскія партнёры. Так, яны ўжо прапанавалі адкрыць яшчэ адзін філіял БДУІР у Бостане (штат Масачусетс), дзе Інстытут камп’ютарных сістэм таксама мае свой філіял і праводзіць навучанне студэнтаў.
— Мы зараз толькі ў самым пачатку, — заўважыў Міхаіл Паўлавіч. — Рэкламная кампанія ў ЗША працягваецца, і я думаю, што працэс будзе імкліва развівацца. Мы плануем да 2015 года адкрыць новыя спецыяльнасці, запатрабаваныя ў ЗША, і разлічваем, што да таго часу зможам набіраць на вучобу да тысячы чалавек. І гэта будзе поспех!
Сёння ўсе выкладчыкі БДУІР, якія будуць ажыццяўляць камунікацыю з амерыканскімі студэнтамі, забяспечаны сучаснымі планшэтамі, што дазволіць ім кансультаваць сваіх падапечных у зручны для абодвух бакоў час. Відавочна, што па прычыне аддаленасці часавых паясоў (напрыклад, калі ў Ілінойсе 9 гадзін раніцы, то ў Мінску 17 гадзін) камунікацыя будзе адбывацца пераважна ўвечары.
Такім чынам, першая група амерыканскіх студэнтаў распачала навучанне ў БДУІР. І гэта сапраўдны прарыў беларускага ўніверсітэта — сведчанне таго, што яго дыплом каціруецца не толькі ў роднай краіне, але і далёка за акіянам.