Андрэй Іванец: павышаная ўвага — падрыхтоўцы педагогаў-псіхолагаў

- 15:24Актуально, Образование

Пытанні правядзення прафілактычнай работы ва ўстановах адукацыі, прафілактыкі насілля ў дачыненні да непаўналетніх абмеркавалі ў Міністэрстве адукацыі на пасяджэнні калегіі ведамства, перадае карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

 Ва ўзаемадзеянні з бацькамі

Па словах намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая, арганізацыя прафілактычнай работы з навучэнцамі з’яўляецца адным з найважнейшых напрамкаў дзейнасці ўстаноў адукацыі, органаў кіравання адукацыяй усіх узроўняў і складае абавязковы кампанент планамернай і мэтанакіраванай выхаваўчай работы.

За 2022 год у рамках праграмы бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі толькі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі рэалізавана больш за мільён мерапрыемстваў па 18 напрамках. Прыярытэтнымі з’яўляліся ідэалагічнае, грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне навучэнцаў, а таксама выхаванне культуры бяспечнай жыццядзейнасці і здаровага ладу жыцця. Так, паспяхова рэалізоўваўся пілотны праект па наведванні дзяржаўных музеяў у рамках устаноўленага Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам культуры адзінага бясплатнага дня. У перыяд з верасня па снежань мінулага года 152 дзяржаўныя музеі наведалі 101 229 навучэнцаў.

У планы выхаваўча-прафілактычнай работы ва ўстановах вышэйшай адукацыі ўключаны масавыя, групавыя мерапрыемствы, індывідуальная работа са студэнтамі.

Рэалізацыя Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх” ажыццяўляецца ў сістэме адукацыі ў межах выяўлення і ліквідацыі прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць здзяйсненню непаўналетнімі супрацьпраўных дзеянняў, для чаго ва ўсіх установах адукацыі дзейнічаюць парады па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх.

На працягу 2022 года прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі, НІА, АПА праводзіўся пастаянны маніторынг стану прафілактычнай работы па недапушчэнні ўключэння навучэнцаў ва ўжыванне і распаўсюджванне наркотыкаў, арганізавана вывучэнне работы ў складзе міжведамасных рабочых груп.

З улікам рэкамендацый Міністэрства адукацыі перад планаваннем індывідуальнай прафілактычнай работы вывучаюцца асаблівасці сямейнага выхавання непаўналетніх, іх статус у класе або ў вучэбнай групе, кола сяброў, рызыкі і схільнасць да паўторных супрацьпраўных дзеянняў.

Намеснік міністра адукацыі таксама адзначыў, што ўзаемадзеянне з бацькамі пры правядзенні прафілактычнай работы можа стаць дзейсным механізмам кантролю за паводзінамі падлетка, папярэджання ўключэння яго ў супрацьзаконную дзейнасць. Міністэрствам адукацыі распрацавана дарожная карта развіцця праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”, у якой адлюстравана работа з бацькамі непаўналетніх, у дачыненні да якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа.

 Пазбавіцца фармалізму

Асноўныя моманты, на якія неабходна звярнуць увагу, — супрацьдзеянне нарказбыту (нягледзячы на тое, што за першы квартал гэтага года назіраецца станоўчая дынаміка — памяншэнне колькасці такіх злачынстваў). Але ёсць рост іншых злачынстваў, у якія былі ўцягнуты непаўналетнія. Гэта сведчыць пра тое, што ў гэтым кірунку нам трэба будзе істотна ўзмацніць работу, — адзначыў міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Другі аспект, які разглядаўся на калегіі, — насілле ў дачыненні да непаўналетніх як у сям’і, так і ва ўстановах адукацыі.

“Штогод, на жаль, мы назіраем прырост такіх злачынстваў. Нам неабходна выпрацоўваць новыя нарматыўна-прававыя механізмы ўзаемадзеяння як устаноў адукацыі, так і ўсіх зацікаўленых органаў. Вядома, немалаважную ролю тут адыгрывае і кадравае забеспячэнне. Мы бачым, што ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі пытанне камплектавання педагогамі-псіхолагамі стаіць вельмі востра. І асноўнае — гэта ўзровень іх падрыхтоўкі. Таму мы будзем праводзіць комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне менавіта ўзроўню падрыхтоўкі такіх спецыялістаў. У сувязі з гэтым да канца навучальнага года будзе праведзены рэспубліканскі семінар-практыкум “Аб аказанні псіхалагічнай дапамогі ўдзельнікам адукацыйнага працэсу”, — дадаў міністр адукацыі.

Сярод тэм, якія абмяркоўваліся на калегіі, і захаванне законных правоў і інтарэсаў дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

“Тут мы, на жаль, бачым, што фармалізм і крыху нядбалае стаўленне супрацоўнікаў устаноў адукацыі прыводзяць да фактаў з непапраўнымі наступствамі. Лічым, трэба цалкам перафамаціраваць работу і памяняць стаўленне кожнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу да такіх дзяцей”, — падкрэсліў Андрэй Іванец.

Намеснік старшыні Следчага камітэта Сяргей Аземша зазначыў, што ўсе найбольш небяспечныя сітуацыі для жыцця і здароўя, у тым ліку псіхічнага, фарміруючага чалавека, становяцца прадметам вывучэння органаў папярэдняга следства.

“У працэсе расследавання крымінальных спраў, якія звязаны з замахамі ў дачыненні да непаўналетняга альбо здзяйсняюцца непаўналетнімі, мы старанна высвятляем прычыны і ўмовы, якія спрыялі ўчыненню гэтых правапарушэнняў. Нам ёсць што прапанаваць, каб зрабіць умовы фарміравання дзіцяці больш бяспечнымі, каб дзеці выраслі законапаслухмянымі, адказнымі грамадзянамі, захавалі сваё здароўе, дабрабыт і далей годна развіваліся. Адна з асноўных прапаноў — больш актыўны і нефармальны ўдзел педагогаў-псіхолагаў у працэсе фарміравання асобы дзяцей, больш актыўнае вывучэнне ўмоў станаўлення непаўналетніх грамадзян. Тут неабходна звяртаць увагу на пытанні выхавання ў сям’і, на ўмовы не толькі матэрыяльныя, але і псіхалагічныя”, — падкрэсліў Сяргей Аземша.

Як адзначалася, для папярэджання развіцця негатыўных тэндэнцый Міністэрствам адукацыі ва ўзаемадзеянні з усімі зацікаўленымі ведамствамі ў 2023 годзе будзе працягнута работа па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў непаўналетніх, насілля над дзецьмі, абароне іх правоў і законных інтарэсаў. Плануецца далейшае нарматыўна-прававое рэгуляванне дзейнасці раённых каардынацыйных саветаў па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях, механізмаў рэагавання на паведамленні Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі.

Ва ўзаемадзеянні з НІА, нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтрам “Зубраня” будуць унесены змяненні ў праграмы выхавання дзяцей, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у вучэбнай і грамадскай дзейнасці, выхавання дзяцей, якія маюць патрэбу ў аздараўленні, выхавання дзяцей, якія маюць патрэбу ў асаблівых умовах выхавання.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота прадастаўлена прэс-цэнтрам Міністэрства адукацыі