Андрэй Іванец: «За лічбамі павінен стаяць вынік»

- 10:03Актуально, Образование

За лічбамі павінен стаяць вынік. Такое меркаванне выказаў міністр адукацыі Андрэй Іванец падчас рэспубліканскага семінара ў Віцебску, дзе разглядалі пытанні навуковай, навукова-­тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

 Прарэктары па навуковай рабоце і кіраўнікі навукова-даследчых падраз­дзяленняў устаноў вышэйшай адукацыі наведалі ВДУ імя П.М.Машэрава, дзе азнаёміліся з вучэбнымі і навуковымі лабараторыямі, матэрыяльна-тэхнічнай базай і спецыяльнасцямі, выставачнымі пляцоўкамі і музеямі ўніверсітэта, а таксама даведаліся, якімі навуковымі распрацоўкамі займаюцца выкладчыкі і студэнты.

Разам з дацэнтам кафедры выяўленчага мастацтва Гена­дзем Ісакавым госці паглыбіліся ў яркую гісторыю станаўлення мастацка-графічнага факультэта ў кантэксце развіцця краіны, рэгіёна і Віцебскай мастацкай школы. Супрацоўнікі факультэта матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій на чале з дэканам Аленай Залескай расказалі пра дзейнасць навукова-інавацыйнай IT-лабараторыі, лабараторый віртуальнай і дапоўненай рэальнасці, штучнага інтэлекту.

Сярод пытанняў, якія выклікалі асаблівую цікавасць прарэктараў, — узаемадзеянне з ІТ-кампаніямі, практычнае прымяненне навуковых распрацовак, арганізацыя падрыхтоўкі студэнтаў па спецыяльнасці “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у ахове здароўя)”.

На факультэце хіміка-біялагічных і геаграфічных навук удзель­нікі семінара-нарады ацанілі сучаснае высокадакладнае абсталяванне. Яно актыўна выкарыстоўваецца ў лабараторыях ІТ-тэхналогій і метадаў навучання хіміі, структурна-функцыянальных даследаванняў. Тут размова найперш была скіравана на выкананне заданняў дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, кантакты з фармацэўтычнымі прадпрыемствамі.

Знаёмства з інавацыйнымі распрацоўкамі Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта пачалося з Навукова-тэхналагічнага парка. Яго дзейнасць нацэлена на аптымізацыю супрацоўніцтва навуковай супольнасці, таленавітай студэнцкай моладзі з прадстаўнікамі рэальнага сектара эканомікі для больш дынамічнага ўкаранення ўніверсітэцкіх распрацовак. Стэнд навуковых дасягненняў ВДТУ поўны найноўшых, актуальных і запатрабаваных распрацовак, многія з іх ужо знайшлі прымяненне ў лёгкай прамысловасці. У вучэбна-даследчай лабараторыі абутковай вытворчасці, вучэбна-навукова-вытворчай лабараторыі “Цэнтр адытыўных тэхналогій”, навукова-даследчай лабараторыі выпрабаванняў тэкстыльных валокнаў і нітак і электрафармавання нанавалакністых матэрыялаў была прадстаўлена інфармацыя аб плённай працы калектыву ўніверсітэта, ідэі якога вынікова ўкараняюцца ў вытворчы працэс.

У ходзе рабочай паездкі Андрэй Іванец таксама наведаў Віцебскую ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны і прыняў удзел у выязным пасяджэнні савета маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі Беларусі.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў семінара-нарады, Андрэй Іванец сканцэнтраваў увагу на задачах развіцця навукова-даследчай і інавацыйнай дзейнасці ў сістэме вышэйшай адукацыі краіны:

Важна ў рабочым рэжыме разгле­дзець тыя ключавыя пытанні, якія сёння нас насцярожваюць і патрабуюць сур’ёзнай актывізацыі. Трэба канструктыўна і прадметна абмеркаваць сумесныя дзеянні і меры, якія будуць садзейнічаць больш эфектыўнай рабоце, узмацненню інтэграцыі ўніверсітэцкай навукі і нацыянальнай эканомікі.

У сістэме Міністэрства адукацыі дзейнічаюць 35 навуковых арганізацый, 21 універсітэт, 7 навукова-тэхналагічных паркаў, 3 зарэгістраваныя цэнтры трансферу тэхналогій, 35 галіновых навукова-тэхнічных лабараторый. Як падкрэсліў Андрэй Іванец, неабходна, каб за кожнай з гэтых лічбаў быў вынік. Навуковымі арганізацыямі выконваецца больш за 1100 праектаў у рамках 12 дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, некалькі дзясяткаў заданняў дзяржаўных і галіновай навукова-тэхнічнай праграм.

Сярод найбольш знакавых і рэзанансных вынікаў работы ўніверсітэцкіх вучоных, атрыманых у бягучым годзе, — паспяховы запуск нанаспадарожніка BSUSat-2 з касмадрома “Усходні”, увядзенне ў эксплуатацыю вытворчага ўчастка па выпуску арыгінальных біярэзарбіруемых поліфункцыянальных лекавых прэпаратаў у адпаведнасці з патрабаваннямі GMP на прадпрыемстве “Унітэхпрам БДУ”, сістэма арыентацыі відэаспектральнай апаратуры “САВА”, распрацаваная Інстытутам прыкладных фізічных праб­лем імя А.Н.Сеўчанкі БДУ і ўстаноўленая на ілюмінатарах расійскага сегмента Міжнароднай касмічнай станцыі.

Разам з тым міністр адукацыі выказаў глыбокае перакананне, што патэнцыял універсітэцкай навукі ў поўнай меры не раскрыты. Навука павінна працаваць на краіну, на эканоміку. Дадатковую значнасць пытанню надае факт стварэння Савета па стратэгічных праектах, адной з асноўных задач якога з’яўляецца каардынацыя работ па ўкараненні распрацовак акадэмічнай, універсітэцкай і галіновай навукі ў вытворчасць. У шэрагу прыярытэтных задач — распрацоўка буйных і знакавых інавацыйных праектаў згодна з пералікам запланаваных да будаўніцтва або мадэрнізацыі да 2030 года стратэгічна важных аб’ектаў. Пастаўленая мэта — выкрышталізаваць па адным праекце ад кожнага ўніверсітэта, які ў тым ліку будзе вызначаць аблічча ўстановы.

Імпартазамяшчэнне ў сучасных рэаліях стала важным элементам нацыянальнай бяспекі, таму ўніверсітэтам тэхнічнага профілю неабходна яшчэ раз вярнуцца да аналізу магчымасцей супрацоўніцтва з прамысловымі прадпрыемствамі, больш маштабна далучацца да работы, уключаючы новыя напрамкі.

Выразны акцэнт быў зроблены на фарміраванні праграм Саюзнай дзяржавы: кіраўнік ведамства даручыў інтэнсіфікаваць супрацоўніцтва і шукаць новыя падыходы да папулярызацыі адукацыйных паслуг на рынку Расійскай Федэрацыі. На сённяшні дзень прадэманстраваць высокі ўзровень навукова-даследчых распрацовак можна ў беларускім павільёне на Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве.

На асаблівым кантролі міністэрства і задачы па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця на 2021—2025 гады, па нарошчванні эфектыўнасці выканання паказчыкаў экспарту навукова-тэхнічнай прадукцыі (тавараў, паслуг). Андрэй Іванец асобна спыніўся на распрацаваных універсітэтамі летась па ініцыятыве ведамства стратэгіях навуковай і інавацыйнай дзейнасці ўстаноў вышэйшай адукацыі да 2025 года. Вызначаны канкрэтныя мэты, задачы, а таксама штогадовыя значэнні 23 прагнозных індыкатараў навуковай і інавацыйнай дзейнасці ва УВА, выкананне якіх кантралюецца. Адсочваецца дзей­насць галіновых лабараторый, у тым ліку распрацоўваюцца змяненні ў існуючую нарматыўна-­прававую базу аб гэтых структурных падраздзяленнях УВА, звязаныя з ацэнкай эфектыўнасці іх работы.

У бягучым годзе Міністэрствам адукацыі ініцыіравана стварэнне новага інструмента падтрымкі навукова-тэхнічнай дзейнасці ўстаноў вышэйшай адукацыі — цэнтраў кампетэнцый пры ўніверсітэтах.

Прадугледжана штогод выдзяляць на конкурснай аснове сродкі на іх развіццё. З мэтай прасоўвання навуковай прадукцыі УВА выдадзены каталог інавацыйных распрацовак устаноў вышэйшай адукацыі і навуковых арганізацый Міністэрства адукацыі, які накіраваны ва ўсе органы дзяржаўнага кіравання для распаўсюджвання падведамасным арганізацыям і прадпрыемствам. У гэтым плане вельмі важна, каб каталог быў у рабоце, меў эфектыўны вынік.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара