ЛУКША Вольга Васільеўна,
настаўніца англійскай мовы Браслаўскай гімназіі.
Скончыла ВДУ імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці “Англійская і нямецкая мовы”, педагагічны стаж — 11 гадоў. Сваім педагагічным крэда лічыць словы: “Ідзі як мага далей у пошуках. Не бойся рызыкаваць. Не стаў сабе абмежаванняў. Толькі так ты станеш асаблівым, непараўнаным” (Б.Вербер).
Намінацыя “Замежная мова”
Галоўнай задачай вывучэння замежнай мовы з’яўляецца пераадоленне моўнага бар’ера, навучанне слухачоў гаварыць свабодна і правільна, таму на сваіх уроках Вольга Васільеўна стварае сітуацыі, набліжаныя да рэальных, дзе навучэнцы могуць прымяніць свае веды, працуючы ў парах, групах. Але часта зносіны на англійскай мове абмяжоўваюцца толькі рамкамі вучэбных заняткаў, а ў рэальных жыццёвых сітуацыях дзеці бянтэжацца, не ведаюць, як весці размову, сутыкаюцца з цяжкасцямі ў спантанным гаварэнні і ўспрыманні іншамоўнага маўлення на слых.
Настаўніца сваю работу будуе на развіцці пазнавальнай актыўнасці і камунікатыўнай кампетэнцыі за кошт выкарыстання на ўроках інтэрнэт-тэхналогій, якія дазваляюць арганізаваць непасрэдныя зносіны з носьбітам мовы. У цяперашні час інфармацыйныя тэхналогіі з’яўляюцца неад’емнай часткай нашага жыцця, у тым ліку і інтэрнэт, які можа быць выкарыстаны творча, стваральна, з карысцю для чалавека, яго асобаснага развіцця. Адным са спосабаў, які дазваляе пашырыць творчае адукацыйнае асяроддзе ў інтэрнэце, з’яўляецца ўключэнне навучэнцаў у адукацыйныя праекты. Паспяховая рэалізацыя такіх праектаў робіць інтэрнэт унікальным сродкам маральнага, эстэтычнага выхавання і развіцця навучэнцаў.
Інтэрнэт-праекты з’яўляюцца якасна новай формай адукацыйнай дзейнасці, паколькі яны ўяўляюць сабой сумесную вучэбна-пазнавальную, даследчую, творчую або гульнявую дзейнасць навучэнцаў і педагогаў, дзе ўдзельнікі выступаюць у якасці партнёраў. Такая дзейнасць, арганізаваная на аснове камп’ютарнай тэлекамунікацыі, мае агульную праблему, мэту, узгодненыя метады, спосабы і накіравана на дасягненне сумеснага выніку.
Выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у спалучэнні з метадам праектаў дазваляе навучэнцам прымяняць свае веды, уменні і навыкі на практыцы, таму што дзеці самастойна выбіраюць матэрыялы па той ці іншай тэме на розных вэб-сайтах. Такі спосаб арганізацыі вучэбнага і даследчага ўзаемадзеяння на ўроку дазваляе вучню стаць актыўным суб’ектам уласнай пазнавальнай дзейнасці і дае выдатны шанс для свабоднага выказвання свайго меркавання.
Для развіцця навыкаў зносін на англійскай мове найбольш прадукцыйным Вольга Васільеўна лічыць выкарыстанне міжнародных інтэрнэт-праектаў сеткі iEARN (www. iearn.org). З 2010 года пры арганізацыі і правядзенні ўрокаў яна далучае навучэнцаў гімназіі ў якасці ўдзельнікаў сеткі праектаў iEARN. Кожнае дзіця ў залежнасці ад сваіх здольнасцей і інтарэсаў можа выбраць праект з прапанаваных на сайце www.iearn.org.
У адрозненне ад вучэбных праектаў, якія часта выкарыстоўваюць настаўнікі замежнай мовы на ўроках, інтэрнэт-праекты прадугледжваюць выхад на больш высокі ўзровень, дзе абмеркаванне адбываецца паміж удзельнікамі з розных краін свету. Менавіта гэта дазваляе навучэнцам выйсці за рамкі “закрытай прасторы” ўрока і атрымаць экспертную ацэнку сваёй дзейнасці ад замежных равеснікаў, што асабліва каштоўна, калі тэмай раздзела або ўрока з’яўляецца вывучэнне культуры або традыцый краін свету.
Асабліва гімназістам падабаецца ўдзельнічаць у праекце па абмене паштоўкамі Holiday Cards Exchange. Гэта не проста магчымасць расказаць пра сябе ўсяму свету, але і ўнікальны шанс даведацца, як адзначаюць тыя ці іншыя святы ў далёкіх краінах, ад людзей, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у іх, паколькі паштоўкі ўяўляюць сабой паўнацэнныя інфармацыйныя месэджы. Як вынік удзелу ў гэтым праекце, штогод арганізоўваецца выстава, дзе кожны жадаючы можа паглядзець, пачытаць паштоўкі і, канечне, далучыцца да ўдзельнікаў праекта.
Вельмі добра ўпісваецца ў праграму вывучэння англійскай мовы і праект One Day in the Life (“Адзін дзень з жыцця”). Акрамя таго, што дзеці апісваюць тое, як яны праводзяць свой школьны дзень або выхадны, яны маюць магчымасць далучыцца да сусветнай кампаніі Your day. Your city. Your future (“Твой дзень. Твой горад. Твая будучыня”) і расказаць пра сваё жыццё і мары на сайце http:// www. onedayonearth.org/.
Праект Teddy Bear (“Плюшавы мішка”) матывуе навучэнцаў на вывучэнне тэм “Падарожжа”, “Рэспубліка Беларусь”, “Турызм”, “Традыцыі”. У працэсе работы над праектам створаны блог http://braslav-teddy.blogspot.com. by/, удзельнічаючы ў якім, навучэнцы ўдасканальвалі сваю камунікатыўную кампетэнцыю праз анлайн-зносіны з равеснікамі з ЗША, а таксама развівалі сацыякультурную кампетэнцыю і ўменне прадстаўляць Браслаўшчыну і яе традыцыі ў рамках міжнародных зносін.
Лагічным працягам вучэбных заняткаў з’яўляецца пазаўрочная дзейнасць, якая дазваляе ўдасканальваць і замацоўваць атрыманыя на ўроку веды і набываць новыя, пры гэтым не адчуваючы націску адзнакі. Паспяховым прыкладам выхаду за рамкі ўрока з’яўляецца надпрадметны характар дыскусій пра тое, як зрабіць свет вакол нас лепшым (на англійскай і рускай мовах), а таксама той факт, што гэта адзін з нямногіх праектаў, створаных у Беларусі і зарэгістраваных у сетцы iEARN. З 2010 года педагог з’яўляецца каардынатарам гэтага міжнароднага праекта. У бягучым навучальным годзе яго ўдзельнікамі з’яўляюцца школьнікі Беларусі, Тайваня, ЗША, Расіі і іншых краін.