Апошні шанс для бацькоў

- 14:54Рознае, Сацыяльны ракурс

Тэма сацыяльнага сіроцтва — адна з самых балючых у нашым грамадстве. Людзі востра рэагуюць на любы бок гэтай праблемы, актыўна абмяркоўваючы і паводзіны бацькоў, якім бутэлька засціць вочы, і адабранне малых у сацыяльныя прытулкі, і спагнанне сродкаў з бацькаў і маці на іх утрыманне і г.д. Я не раз бывала ў сацыяльных прытулках і добра ведаю, што любое дзіця, як бы цяжка яму ні жылося ў родным доме, марыць толькі аб адным — вярнуцца да маці, бо ў вачах дзіцяці лепей за яе няма і не можа быць нікога.

Камісія на выездзе

А, між тым, вельмі многія такія жанчыны нават не наведваюць сваіх малых у прытулках. Хаця ўсё адбываецца для іх зусім не нечакана, такі фінал можна было б папярэдзіць. Нездарма ў школах вядуць улік сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, працуюць інспекцыі і камісіі па справах непаўналетніх, сацыяльныя педагогі і псіхолагі, грамадскія арганізацыі. Шлях ад першых трывожных званочкаў да прыняцця крайніх мер з боку дзяржаўных органаў няпросты, і вывады па кожнай сям’і не робяцца раптоўна. У нядбайных бацькоў ёсць нямала часу адумацца, выправіць свае паводзіны, прыйсці да нармальнага жыцця, даўшы шанс сабе і дзецям. Не ўсе гэтым шансам карыстаюцца, безадказнасць і злачынная легкадумнасць нярэдка перамагаюць…

Нядаўна давялося прысутнічаць на выязным пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска на базе 126-й школы. Падобныя выяз-ныя пасяджэнні, трэба сказаць, прайшлі не толькі ў гэтай школе, але і ў іншых навучальных установах Мінска ў рамках спецыяльнага комплексу мерапрыемстваў ГУУС па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх. Адбыліся нават адкрытыя выязныя суды над непаўналетнімі, напрыклад, тымі, хто займаўся распаўсю-джваннем псіхатропных рэчываў. Уся гэтая публічнасць — дзеля большага прафілактычнага ўздзеяння на падлеткаў, чарговага звароту да нядбайных бацькоў, якім, магчыма, даецца той самы апошні шанс.

Адзін з бацькоў, запрошаны на пасяджэнне КСН у школу № 126, убачыўшы, колькі афіцыйных асоб — ад галоўнага спецыяліста КСН раёна да намесніка галоўнага ўрача дзіцячай паліклінікі — прыехалі, каб пагаварыць з ім аб выхаванні дачкі, збег дадому. Праўда, і сітуацыя ў гэтай сям’і не самая горшая, тут якраз ёсць добрыя шансы на выпраўленне. Маці дзяўчынкі памерла, пра малую клапоцяцца бацька і два дзядулі, адзін з якіх пражывае са сваім сынам і ўнучкай. Справа ж у тым, што дзядуля з бацькам не ладзяць, сваркі, здараецца, даходзяць да выкліку міліцыі, і дзяўчынка жыве ў стрэсавай сітуацыі. Але родныя пра яе клапоцяцца, бацька прыходзіць на школьныя мера-прыемствы, дзядуля праводзіць і сустракае ўнучку са школы. І ўсё ж вырашаць сітуацыю з атмасферай пастаянных канфліктаў у сям’і неабходна.

Гісторыя першая

Што датычыцца дзвюх маці, якія прыйшлі на пасяджэнне, то тут сітуацыі адначасова і вельмі падобныя адна на адну, і ў чымсьці вельмі розныя. У адной сям’і трое малых, якія пакуль не ходзяць у школу, але жывуць у мікрараёне школы № 126 і, значыць, хутчэй за ўсё стануць яе навучэнцамі. Бацька зараз, па словах маці, працуе ў Маскве, сама жанчына знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе малодшага дзіцяці, якому няма яшчэ і года. Сям’я стаіць на ўліку з 2015 года, і сітуацыя, на жаль, не выпраўляецца: маці п’е (нават на пасяджэнне прыйшла з яўным пахам спіртнога), не займаецца выхаваннем дзяцей належным чынам, можа пакінуць малых дома з чужымі людзьмі.

Аб апошнім такім выпадку расказаў старшы інспектар ІСН Артур Валер’евіч Давідовіч, якi супрацоўнiчае са школай № 126 ужо больш за 10 гадоў. Зразумела, што кожную нядобранадзейную сям’ю, кожнага цяжкага падлетка ён ведае вельмі добра. А сітуацыя з апошнімі “гастролямі” безадказнай маці такая: яна на некалькі гадзін пакінула дзяцей адных, спаслаўшыся на тое, што трэба выйсці ў магазін. Сама кажа, што адсутнічала ўсяго гадзіны паўтары, а дагледзець малых папрасіла знаёмага. Ён, здаецца, і праўда быў, але, пасядзеўшы з малалетнімі дзецьмі, праз нейкі час засумаваў, а, магчыма, проста напалохаўся і пачаў рассылаць смс-кі і паведамленні ў сацсеткі знаёмым, апісваючы сітуацыю. Адна з такіх знаёмых і патэлефанавала ў міліцыю.

Інспектар ІСН, участковы інспектар, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце школы, школьны псіхолаг прыйшлі ў добра знаёмую кватэру каля дзесяці гадзін вечара. Знаёмага маці там ужо не было, саму жанчыну камісія не дачакалася, выклікалі бабулю, у якой, дарэчы, жыве старэйшае дзіця. Бабуля прыехала каля дванаццаці гадзін ночы і пад распіску засталася з малымі.

Адзін нюанс: прадстаўнікі праваахоўных органаў і школы самі пераапранулі малодшае дзіця ў сухое адзенне, бо пакідаць яго ў тым, што было апранута, не ўяўлялася магчымым. Спецыяліст з паліклінікі дадае, што прышчэпкі і прафілактычныя агляды дзеці праходзяць нерэгулярна. Гэта пацвярджае і прадстаўнік дзіцячага сада.

Чаму я так падрабязна апісваю гэтую сітуацыю? Ды таму, што яна надзвычай тыповая для нядобранадзейных сем’яў і паўтараецца ў кожнай такой сям’і з сумнай рэгулярнасцю. Дзякуй богу, што ў апісаным выпадку з малымі нічога не здарылася: не адбылося пажару, яны не дабраліся да вокнаў, не нарабілі чаго яшчэ. А такія выпадкі, як усім добра вядома, бываюць. І каго тады вінаваціць: школу, міліцыю, медыкаў? Да кожнай нядбайнай маці не прыставіш міліцыянера або настаўніцу на круглыя суткі. І хто акажацца жорсткім і бесчалавечным, калі ўсё ж у такіх бацькоў адбяруць малых, даўшы ім пры гэтым паўгода на выпраўленне, пакуль дзеці будуць знаходзіцца ў прытулку? Органы апекі ці маці з бацькам, для якіх гарэлка даражэйшая за дзяцей?

У гэтым жа канкрэтным выпадку камісія па справах непаўналетніх прыняла рашэнне даць гэтай сям’і апошні шанс тэрмінам у адзін месяц. Калі нічога ў чарговы раз не зменіцца (а інфармацыю будуць збіраць усе зацікаўленыя службы), будзе разгледжана пытанне аб тым, што непаўналетнім неабходна дзяржаўная абарона.

Педагогі школы самі прасілі даць маці такі шанс, бо лічаць, што яна яшчэ здольная ўзяцца за розум. Жанчына плакала, падпісваючы дакумент аб рашэнні камісіі. Гэта ўнушае надзею, але, мяркую, што плача і абяцае выправіцца жанчына далёка не першы раз. У любым выпадку дзеля будучага малых жадаю ёй на гэты раз перамагчы сябе. Тым больш што, як кажуць члены КСН, у захаванні сям’і вельмі зацікаўлена бабуля, магчыма, яна, нарэшце, здолее паўплываць на нявестку і сына.

Гісторыя другая

Другая маці, якую на гэты раз выклікалі на пасяджэнне выязной камісіі па справах непаўналетніх, паводзіла сябе зусім інакш: ніякіх слёз, дэманстрацыя поўнай упэўненасці, тым больш што не так даўно яна прынесла даведку ад нарколага аб тым, што прайшла курс лячэння ад алкагольнай залежнасці. Класны кіраўнік яе дачкі гаворыць, што з дзяўчынкай займаюцца, дапамагаюць выконваць дамашнія заданні. Магчыма, гэта робіць маці, а магчыма, жанчына, якая раней дапамагала ёй і якую маці школьніцы называе нянькай, хаця тая працавала ў яе неафіцыйна. Неабходныя медыцынскія даведкі ў школе таксама ёсць (дзяўчынка хварэе, таму пропускаў нямала).

У школе на ўліку сям’я стаіць з верасня 2015 года, калі дзяўчынка прыйшла ў першы клас, да гэтага часу з год стаяла на ўліку ў дзіцячым садзе. Жанчына схільная да злоўжывання алкаголем, здараецца, пакідае сваю кватэру і жыве ў чужых людзей, вядзе не самы прыстойны лад жыцця. З працаўладкаваннем таксама не ўсё зразумела: камісію яна запэўнівала, што працуе афіцыйна, хутка прынясе даведку, якую проста забылася дома. Нядаўна ў сям’ю з месцаў пазбаўлення волі вярнуўся бацька дзяўчынкі, і жанчына кажа, што з-за гэтага сітуацыя пагоршылася, таму яна пакідае дом, беручы з сабой дзяўчынку, хаця і педагогі, і інспектар ІСН добра ведаюць, што такое здаралася і раней.

Што рабіць у гэтай сітуацыі? Здаецца, не ўсё безнадзейна, але гэта мой погляд, погляд чалавека, які ўпершыню сутыкнуўся з гэтай жанчынай. У школе і міліцыі яе ведаюць куды лепш, таму камісія прыняла рашэнне: калі маці не будзе выходзіць на кантакт з адказнымі органамі, будзе ўзнята пытанне аб адабранні дзіцяці. Скажу шчыра: у мяне засталося ўражанне, што жанчына, падпісваючы дакументы аб прынятым рашэнні, не да канца разумела, што ёй пагражае. Спадзяюся, што гэта той выпадак, калі маё ўражанне памылковае, бо пацярпелай у самым горшым выпадку будзе не яна, а яе ні ў чым не вінаватая дачка.

Не хаваючы праблем

На сёння ў школе № 126 Мінска ў сацыяльна небяспечным становішчы знаходзяцца 17 дзяцей. Двое вучняў стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Гэта, калі можна так сказаць, звычайная сітуацыя для звычайнай школы. Галоўнае, што тут не закрываюць вочы на існуючыя праблемы ў сем’ях, каб палепшыць імідж навучальнай установы. Тут з праблемнымі сем’ямі працуюць, аб’ядноўваючы намаганні з інспекцыяй па справах непаўналетніх, іншымі зацікаўленымі органамі.

Ва ўсякім разе, менавіта такое ўражанне засталося ў мяне пасля размоў з дырэктарам школы Аленай Мікалаеўнай Карасташовай, яе намеснікам па выхаваўчай рабоце Ірынай Вячаславаўнай Уродавай і педагогам-псіхолагам Вольгай Уладзiмiраўнай Каробчыц. Педагогі шчыра дзеляцца і сваімі праблемамі, і перамогамі. Напрыклад, расказваюць, што хлопчык, які нядаўна трапіў на ўлік у ІСН, проста памыліўся, ён, па іх перакананні, зусім нядрэнны і абавязкова выправіцца; ганарацца тым, што шэсць вучняў зняты з уліку, сітуацыя ў іх сем’ях выправілася — і гэта самы важны вынік работы. Расказваюць і аб рабоце савета па прафілактыцы, днях правапарадку ў школе, прававых дэбатах для старшакласнікаў, узаемадзеянні з паліклінікай і тэрытарыяльнай жыллёва-эксплуатацыйнай службай, якая адыгрывае не апошнюю ролю ў выяўленні сацыяльна нядобранадзейных сем’яў (яны нярэдка не плацяць за камунальныя паслугі, а гэта сігнал педагогам звярнуць увагу на такую сям’ю). Праводзяць тут і дысцыплінарныя лінейкі, на якія запрашаюць не толькі школьнікаў, але і бацькоў юных правапарушальнікаў. “Гэта робіцца не для ганьбы вучня, які праштрафіўся, — кажа дырэктар школы А.М.Карасташова, — а дзеля прафілактычнага ўздзеяння і на яго, і на іншых навучэнцаў. І мы бачым станоўчы вынік падобных мерапрыемстваў”.

Пра работу школы ў гэтым напрамку можна сказаць яшчэ многае, але абмяжуюся кароткай высновай, якую робяць самі супрацоўнікі СППС школы: “Работа ў рамках плана абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх дае станоўчы вынік”. Такія формы сумесных дзеянняў, як выязныя адкрытыя суды і выязныя пасяджэнні камісій па справах непаўналетніх, таксама, думаю, даюць належны эфект. У папярэджванні адабрання дзяцей з сем’яў, пазбаўлення іх маці і татаў бацькоўскіх правоў, у прафілактыцы правапарушэнняў непаўналетніх — усе гэтыя сродкі грамадскага ўздзеяння зусім не лішнія.

Марына ХІДДЖАЗ.