Заканчваецца другі тыдзень новага навучальнага года. Школы з урачыста-святочнага перайшлі ў спакойна-працоўны рэжым. І пакуль вучні яшчэ знаходзяцца ў стане ўцягвання ў вучэбны працэс (пасля летніх канікул гэта заўсёды няпроста), педагогі заклапочаны арганізацыяй эфектыўных урокаў, асабліва настаўнікі замежных моў, для якіх гэта лета па-сапраўднаму было гарачым і насычаным: стажыроўкі, моўныя практыкі, планаванне сваёй абноўленай педагагічнай дзейнасці.
Ключавое месца ў працэсе павышэння кваліфікацыі настаўнікаў-замежнікаў займае Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, якая пастаянна падтрымлівае педагогаў рознымі мерапрыемствамі. А ў самым канцы жніўня для настаўнікаў англійскай і нямецкай мовы на базе АПА былі арганізаваны вучэбныя курсы ў форме летняй моўнай школы. Праект быў арганізаваны ў межах работы секцыі педагогаў, якія рэалізоўваюць адукацыйныя праграмы прадметнай галіны “Мовы і літаратура” (вучэбны прадмет “Замежная мова”) Беларускага педагагічнага таварыства.
З мэтай распаўсюджвання лепшага вопыту
Мэтай работы секцыі настаўнікаў замежных моў рэспублікі з’яўляецца стварэнне ўмоў для распаўсюджвання лепшага вопыту практычнай дзейнасці настаўнікаў краіны. Праводзяцца мерапрыемствы, якія закліканы садзейнічаць стварэнню базы даных лепшага вопыту практычнай дзейнасці выкладчыкаў замежных моў рэспублікі, арганізацыі абмену вопытам педагагічнай дзейнасці на аснове айчынных і замежных дасягненняў. У пералік мерапрыемстваў уключаны і тыя, што будуць спрыяць асвятленню лепшага практычнага вопыту ў сродках масавай інфармацыі.
Вучэбныя курсы ў форме летняй моўнай школы настаўнікаў англійскай мовы праводзіліся з мэтай распаўсюджвання вопыту работы пераможцы конкурсу “Настаўнік года-2011” Інесы Уладзіміраўны Зубрылінай.
“У летняй школе настаўнікі разглядалі спосабы арганізацыі і магчымасці сучаснага ўрока замежнай мовы (на аснове аналізу конкурсаў прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года”), магчымасці інтэрактыўнай дошкі на ўроках замежнай мовы. Быў арганізаваны майстар-клас “Сэрвісы Web 2.0 і іх выкарыстанне ў выкладанні замежных моў”, практыкум па стварэнні блогаў, глостараў, анлайн-крыжаванак.
Акрамя таго, ажыццяўлялася работа з wiki-старонкамі. Гаварылі і пра эфектыўныя камунікатыўныя прыёмы і методыкі, сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя і сацыяльныя тэхналогіі навучання адзінаццацікласнікаў, якія спрыяюць ўдасканаленню падрыхтоўкі навучэнцаў да абавязковага выпускнога экзамену па вучэбным прадмеце “Замежная мова” за перыяд навучання і выхавання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
Работа праводзілася ў інтэрактыўным рэжыме. Настаўнікі-практыкі не толькі знаёміліся з педагагічнай творчасцю Інесы Уладзіміраўны, але і самі распрацоўвалі і прадстаўлялі праекты, якія будуць выкарыстоўвацца ў паўсядзённай практыцы ў бягучым навучальным годзе. Рабочай мовай летняй школы была англійская. У ёй прынялі ўдзел 20 чалавек”, — расказала Галіна Сільвестраўна Хадасевіч, метадыст упраўлення вучэбна-метадычнай работы АПА, каардынатар секцыі настаўнікаў замежных моў рэспублікі.
Вучэбныя курсы ў форме летняй моўнай школы настаўнікаў нямецкай мовы планаваліся і праводзіліся як сумесны праект з Інстытутам імя Гётэ ў Мінску. У аснову быў пакладзены замежны вопыт выкарыстання сучасных тэхналогій з прымяненнем настаўнікамі нямецкай мовы айчынных вучэбна-метадычных комплексаў, аўтарам якіх з’яўляецца А.П.Будзько. Падчас работы летняй школы настаўнікі нямецкай мовы (23 чалавекі), зразумела, на нямецкай мове стваралі, а затым прэзентавалі і абаранялі адукацыйныя праекты, якія з’яўляюцца асновай сучаснага ўрока замежнай мовы. Выкарыстоўваліся сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя і сацыяльныя тэхналогіі навучання.
Навучыць вуснаму іншамоўнаму маўленню
Асобна гаворка вялася пра кантрольна-ацэначную дзейнасць настаўніка ва ўмовах рэалізацыі камунікатыўнага падыходу пры вывучэнні замежнай мовы, асноўныя моманты якой акрэсліла рэктар Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта кандыдат педагагічных навук Наталля Пятроўна Баранава ў часопісе “Замежныя мовы”. Як адзначыла Галіна Сільвестраўна, кантрольна-ацэначная дзейнасць з’яўляецца адным з галоўных складнікаў педагагічнай дзейнасці настаўніка-замежніка, у якога ў разрэзе сучасных патрабаванняў да выкладання замежнай мовы з’яўляецца іншая роля і функцыі. Наталля Пятроўна ўжо не раз адзначала, што сёння настаўнік замежнай мовы выступае ў ролі арганізатара самастойнай актыўнай дзейнасці навучэнцаў як кансультант і фасілітатар. І ён не проста перадае веды, а арганізоўвае навучанне, не толькі кантралюе вынікі вучэбнай дзейнасці навучэнцаў, а перш за ўсё ажыццяўляе дыягностыку іх дзейнасці, каб своечасова дапамагчы вырашыць цяжкасці і праблемы.
“У гэтай сувязі было нялішнім яшчэ раз нагадаць, што на камунікатыўным уроку ацэньванне навучэнца павінна ажыццяўляцца па выніках яго работы на гэтым уроку. Прадметам кантролю павінны быць усе асноўныя кампаненты зместу навучання і перш за ўсё складнікі камунікатыўнай кампетэнцыі”, — адзначыла Галіна Сільвестраўна.
Акрамя таго, яна заўважыла, што цяпер настаўніку замежнай мовы трэба толькі засяродзіцца на арганізацыі камунікатыўных урокаў. Да 2012/2013 навучальнага года падрыхтавана прыкладнае каляндарна-тэматычнае планаванне па замежных мовах для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Настаўнік замежнай мовы можа пераразмяркоўваць прапанаваную колькасць вучэбных гадзін паміж тэмамі ў залежнасці ад канкрэтных умоў установы агульнай сярэдняй адукацыі.
У дапамогу настаўнікам падрыхтаваны дапаможнікі па англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай, кітайскай мовах з серыі “Кантрольна-вымяральныя матэрыялы”, якія дапамогуць ажыццяўляць кантрольна-ацэначную дзейнасць у V—IX, X—XI класах (змест заданняў вызначаецца патрабаваннямі вучэбнай праграмы), а таксама зборнікі прыкладных заданняў для падрыхтоўкі да правядзення абавязковага выпускнога экзамену па англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай мовах.
“Сучасныя падыходы да выкладання замежнай мовы ва ўмовах інфарматызацыі адукацыі закліканы спрыяць рэалізацыі патрабаванняў адукацыйнага стандарту і вучэбных праграм па замежных мовах. Новыя інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі дапамагаюць настаўнікам замежных моў актывізаваць самастойную вучэбную дзейнасць навучэнцаў і ствараюць індывідуальныя магчымасці навучання.
На сучасным этапе навучання замежнай мове перад настаўнікам пастаўлена задача — навучыць дзяцей вуснаму іншамоўнаму маўленню, якое з’яўляецца асновай міжкультурных зносін і адным з паказчыкаў паспяховасці ў сферы абранай прафесійнай дзейнасці.
Для вырашэння гэтай задачы кіраўнік установы агульнай сярэдняй адукацыі павінен стварыць усе неабходныя ўмовы для работы настаўніка замежнай мовы: вырашыць кадравае пытанне, забяспечыўшы неабходную колькасць настаўнікаў замежнай мовы; арганізаваць дзяленне класа на групы з напаўняльнасцю 6—10 навучэнцаў у кожнай; размеркаваць урокі замежнай мовы ў раскладзе з улікам рангавай шкалы цяжкасці вучэбных прадметаў, выключаючы магчымасць правядзення двух урокаў замежнай мовы ў адзін дзень незалежна ад віду ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі.
Разам з тым трэба забяспечыць магчымасць выкарыстання кожным настаўнікам замежнай мовы тэхнічных сродкаў навучання (магнітафона, відэамагнітафона, камп’ютара і інш.), якія дазваляюць узнаўляць узоры маўлення ў розных сітуацыях іншамоўных зносін; забяспечваць запыты настаўніка ў павышэнні кваліфікацыі па асваенні зместу (магчымы толькі моўны і метадычны модулі) аўтарскіх методык работы з новымі айчыннымі вучэбна-метадычнымі комплексамі, у выкарыстанні сучасных інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій”, — адзначыла Г.С.Хадасевіч.
Паспяхова здаць экзамен
У 2009 годзе Міністэрства адукацыі прыняло рашэнне, што пачынаючы з 2012/2013 навучальныга года ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі выніковая атэстацыя па вучэбным прадмеце “Замежная мова” пасля завяршэння навучання і выхавання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі будзе праводзіцца ў форме абавязковага выпускнога вуснага экзамену, які закліканы ацаніць узровень практычнага валодання выпускнікамі замежнай мовай згодна з патрабаваннямі адукацыйнага стандарту і вучэбных праграм па замежных мовах. Аб’ектам выніковай атэстацыі вучняў з’яўляецца камунікатыўная кампетэнцыя, узровень сфарміраванасці якой будзе вызначацца на экзамене.
“Аўтарскія калектывы завяршылі выпуск айчынных вучэбна-метадычных комплексаў па англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай мовах для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з 11-гадовым тэрмінам навучання. Адміністрацыя ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, настаўнікі замежных моў ствараюць усё неабходнае для таго, каб выпускнікі сапраўды змаглі здзяйсняць маўленчую дзейнасць на замежнай мове, а затым карыстацца атрыманым вопытам, удасканальваць моўныя навыкі і развіваць маўленчыя ўменні ў абранай імі прафесіі.
Настаўніку замежнай мовы асаблівую ўвагу рэкамендуем звярнуць на вывучэнне культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь і краін замежнай мовы, на міжпрадметныя сувязі з беларускай і рускай мовамі, літаратурай, гісторыяй, грамадазнаўствам, геаграфіяй і іншымі вучэбнымі прадметамі. У працэсе навучання замежнай мове неабходна выконваць умовы пераемнасці паміж урокамі і факультатыўнымі заняткамі. Арганізацыя навучання замежнай мове з’яўляецца паказчыкам асобаснай прафесійнай кампетэнтнасці настаўніка замежнай мовы”, — паведаміла Г.С.Хадасевіч.
У гэтай сувязі ў 2012/2013 навучальным годзе метадычная работа з настаўнікамі-замежнікамі (на ўсіх узроўнях) павінна забяспечыць своечасовае і якаснае засваенне кожным педагогам нарматыўнай прававой, вучэбна-метадычнай і навукова-метадычнай базы. І план работы секцыі педагагічных работнікаў, якія рэалізоўваюць адукацыйныя праграмы прадметнай галіны “Мовы і літаратура” (вучэбны прадмет “Замежная мова”) Беларускага педагагічнага таварыства, уключае шмат мерапрыемстваў для падтрымкі педагогаў.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
dubowska@ng-press.by