Архітэктар дзіцячых душ

- 10:55Людзі адукацыі

Калі размова заходзіць пра чалавека, які прысвяціў жыццё дзецям і звязаў яго з тэатральнай сцэнай, то на Маларытчыне згадваюць найперш педагога дадатковай адукацыі Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі З.І.Ляшчынскую.

Зоя Іванаўна ў педагогіцы ўжо 26 гадоў. У школьныя гады марыла стаць архітэктарам, але абставіны склаліся інакш.

Пасля заканчэння Гродзенскага вучылішча культуры імя Цёткі Зоя Іванаўна з дыпломам рэжысёра прыехала працаваць у Хідрынскі сельскі Дом культуры Кобрынскага раёна. Праз паўгода паступіла ў тагачасны Мінскі інстытут культуры. У Маларыцкім гарадскім Доме культуры адпрацавала рэжысёрам 10 гадоў, пасля чаго ўзначаліла тэатральны гурток у Маларыцкім доме піянераў і школьнікаў. З гэтага часу творчая біяграфія Зоі Іванаўны непарыўна звязана з дзецьмі, якіх яна далучае да чароўнага і незвычайнага свету тэатральнага мастацтва.

— Гэта была даўняя мара, — прызнаецца З.І.Ляшчынская. — Доўгі час не магла зразумець, чаго ў рабоце не хапае. Нібыта ўсё і атрымлівалася так, як хацела, але адчувала, што адсутнічае пэўная гармонія. І толькі пазней усвядоміла, што на занятках сумую па дзецях, іх вачах, вясёлым смеху. Менавіта ў дзіцячых тэатральных пастаноўках я змагла, як кажуць, распрастаць крылы і выбраць маршрут палёту, цікавы мне і патрэбны дзецям.

Так 20 гадоў назад і ўзнік тэатральны калектыў “Вясёлы перапынак”. За час існавання ён вырас колькасна, набыў вядомасць у раёне і вобласці. Сёння ў калектыве займаюцца 68 школьнікаў ва ўзросце ад 6 да 12 гадоў.

— Працую па двух напрамках, — расказвае Зоя Іванаўна. — Для дзяцей 6—10 гадоў арганізаваны драматычны гурток, дзе ёсць падрыхтоўчая, малодшая, сярэдняя і старшая групы. А вось для дзяцей 10— 12 гадоў дзейнічае тэатр гульні. У драматычны гурток дзеці залічваюцца без конкурснага адбору. Здольных хлопчыкаў і дзяўчынак шмат. Некаторым з іх тое, чым займаемся на занятках, можа, ніколі ў жыцці і не спатрэбіцца, але заняткі дазваляюць праявіць сябе, паказаць здольнасці, раскрыцца з нечаканага боку. Дзеці паступова прывыкаюць да сцэны і публікі.

Зоя Іванаўна лічыць, што тэатральны калектыў адыгрывае важную ролю ў сацыялізацыі навучэнцаў, бо заняткі дазваляюць у гульнявой форме апынуцца ў тых сітуацыях, дзе чалавек адчувае сябе камфортна, развіваюць маўленне, увагу, памяць, фантазію, назіральнасць і ўяўленне, раскрываюць індывідуальныя здольнасці, пашыраюць кругагляд, павышаюць эмацыянальную культуру, фарміруюць пэўныя ідэалы, выхоўваюць грамадзянскую актыўнасць і нават дапамагаюць выбраць будучую прафесію.

— У першы год навучання гурткоўцы знаёмяцца з магчымасцямі сцэнічнага пераўвасаблення, асаблівасцямі пластыкі руху, займаюцца голаса-маўленчым трэнінгам для развіцця артыкуляцыйнага апара-ту, маўленчага дыхання і дыкцыі, — гаворыць Зоя Іванаўна. — На трэцім годзе навучання сярод дзяцей ужо вызначаюцца лідары, таму на чацвёртым годзе мы пераходзім да студыйнай работы. Пры гэтым пастаянна працуем над спектаклем.

Тэатр гульні, які складаецца з малодшай і старшай груп, наведваюць найбольш здольныя і таленавітыя дзеці. Тэатр гульні — адносна новы від тэатральнай творчасці.

“Вясёлы перапынак” штогод рыхтуе 3—4 новыя спектаклі. Пры выбары пастаноўкі абавязкова ўлічваюцца ўзроставыя магчымасці дзяцей, набытыя сцэнічныя веды і ўменні. Каб спектаклі атрымаліся яркімі і запамінальнымі, З.І.Ляшчынская рэпеціруе з выхаванцамі драматычнага гуртка два разы на тыдзень, а з удзельнікамі тэатра гульні — тры. На кожнай рэпетыцыі адпрацоўваюцца тэкст і мізансцэны, прадумваецца дэталёвае афармленне сцэны, абмяркоўваюцца касцюмы персанажаў. Пры рабоце над спектаклем Зоя Іванаўна прытрымліваецца прынцыпу “не глядзі, каб хутка, а глядзі, каб атрымалася выдатна і было цікава гледачу”.

— Зоя Іванаўна Ляшчынская — педагог дасведчаны, сучасны і кампетэнтны, сапраўдны прафесіянал сваёй справы, якога любяць дзеці і які заўсёды ў нястомным творчым пошуку, умее здзіўляць і зачароўваць, весці за сабой, — расказвае дырэктар Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Н.М.Алесіюк. — Заняткі педагога — гэта ўрокі добрага настрою, напоўненыя сардэчнай цеплынёй і непаўторнасцю. Для дасягнення сваіх задач Зоя Іванаўна выкарыстоўвае розныя сродкі, метады і прыёмы. Улічваючы індывідуальныя асаблівасці кожнага дзіцяці, педагог працуе над развіццём яго творчага патэнцыялу, удзяляе вялікую ўвагу трэнінгавым практыкаванням, уменню правільна працаваць над роляй, каб урэшце авалодаць акцёрскім майстэрствам. Адсюль і высокія вынікі.

Сваімі пастаноўкамі “Вясёлы перапынак” радуе школьнікаў Маларытчыны, іх бацькоў і настаўнікаў. Калектыў не раз перамагаў у раённых конкурсах і фестывалях, станавіўся дыпламантам абласных фестываляў дзіцячай творчасці “Тэатральнае Палессе” і “Тэатральны прыстанак”, пераможцам абласнога свята “Гульні і цацкі” і інш.

Зоя Іванаўна добра малюе, валодае афарміцельскім дызайнам, разам з дзецьмі вырабляе дэкарацыі і неабходны рэквізіт, шые касцюмы да ўсіх спектакляў.

— Мне пашанцавала ў жыцці, бо ў мяне ёсць уласны маленькі тэатр, куды штодзень іду з радасцю і дзе атрымліваю вялікае задавальненне ад сустрэч з дзецьмі, іх усмешак і шматлікіх пытанняў, — гаворыць З.І.Ляшчынская. — А пра тое, што не стала архітэктарам, зусім не шкадую, бо, па вялікім рахунку, педагогіка мае шмат агульнага з архітэктурай. Толькі звязана не з будаўніцтвам, а з выхаваннем і падрыхтоўкай моладзі да самастойнага жыцця.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.