Аршанскі раён: выйсці на паказчыкі, вышэйшыя за сярэднеабласныя

- 10:24Інфармацыйная гадзіна

Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Аршанскага раёна вызначаны асноўныя параметры развіцця раёна ў параўнанні з сярэднімі па Віцебскай вобласці.

Па кожным з іх павінны да 2020 года перасягнуць узровень вобласці.

Як адзначыў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў, за мінулы год удалося дабіцца некаторых станоўчых зрухаў. Так, аб’ём прамысловай вытворчасці ў супастаўных умовах у 2017 годзе склаў 102% да ўзроўню папярэдняга года, валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі — 107,6%, экспарт тавараў — 105,2%, рэальная зарплата — 105,6%. Па выніках года чысты прыбытак — Br35,3 млн (у 2016 годзе была чыстая страта Br1,7 млн). У мінулым годзе завершаны другі этап мадэрнізацыі Аршанскага льнокамбіната, здадзены ў эксплуатацыю лячэбны корпус бальніцы імя Сямашкі. Разгорнута будаўніцтва мультымадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу ў Балбасаве, вядзецца падрыхтоўка новых праектаў.

Для комплекснага вырашэння праблем Аршанскага раёна падрыхтавана і зацверджана праграма яго сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2020 года. У прыватнасці, выдзелены кропкі росту, прыярытэты і асноўныя параметры развіцця. Складзены пералік найважнейшых інвестпраектаў. Праінвентарызаваны аб’екты нерухомай маёмасці, якія не выкарыстоўваюцца або неэфектыўна выкарыстоўваюцца, і вызначаны спосабы ўключэння ў абарот кожнага з іх.

Выконваецца комплексны план мер па развіцці Аршанскага раёна. “Гэты план не догма. У працэсе работы з’яўляюцца новыя пытанні, таму ён дапаўняецца, карэкціруецца”, — растлумачыў Андрэй Кабякоў. У сённяшняй, трэцяй, рэдакцыі плана ўлічаны палажэнні праграмы да 2020 года. У ім вызначаны асноўныя параметры развіцця раёна ў параўнанні з сярэднеабласнымі.

У план уключаны пералік інвестыцыйных праектаў. У кожным рэспубліканскім органе кіравання, Віцебскім аблвыканкаме і Аршанскім райвыканкаме ёсць кіраўнік, які каардынуе работу па развіцці раёна. Па большасці мерапрыемстваў закладзены колькасныя вынікі іх рэалізацыі, падрабязна распісаны этапы выканання. У плане вызначана сістэма кантролю за выкананнем.

“Гэты план становіцца і будзе адзіным комплексам мерапрыемстваў па развіцці раёна на рэспубліканскім узроўні. Пры чарговай карэкціроўцы ў яго будуць уключаны ўсе рашэнні сённяшняга пасяджэння і мінулага прэзідыума. Такі падыход дае магчымасць больш сістэмна падысці да пытанняў раёна і арганізаваць дзейсны кантроль за прынятымі рашэннямі”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.