Арыенціры сучаснага ўрока: агляд студзеньскага нумара часопіса «Народная асвета»

- 15:40Журнал "Народная асвета", Новости

Адказнасць за лёс сваёй краіны — справа кожнага чалавека, які ў ёй жыве. Які ўклад можа зрабіць педагог, каб краіна развівалася, каб умацоўвалася эканоміка, каб захоўвалася мірнае жыццё?

Упэўнена, што ён можа прыно­сіць карысць толькі праз глыбокае асэнсаванне асабістай ролі ў выхаванні падрастаючага пакалення, сваё высокае прафесійнае майстэрства і цвёрдую грамадзянскую пазіцыю.

У адным з пасланняў наш Прэзідэнт А.Р.Лукашэнка зазначыў: “Матываваная, адукаваная, актыўная моладзь — гэта, па сутнасці, стратэгічны рэсурс развіцця любой краіны. Таму што ад таго, якую змену мы выхаваем, наколькі падрыхтуем да самастойнага жыцця, залежыць будучыня дзяржавы, прагрэс ці дэградацыя грамадства”. Зразумела, што педагогі гэтую задачу вырашаюць у першую чаргу праз ўрокі і арганізацыю пазакласнай дзейнасці навучэнцаў. Аднак для моладзі, якая жыве ў патоку інфармацыі, якая штохвілінна абнаўляецца, разавых пазаўрочных заняткаў недастаткова, каб выкрышталіза­ваць грамадзянскую пазіцыю, сфарміра­ваць уяўленні аб маральнасці, гуманізме, сэнсе жыцця, прызначэнні чалавека, сапраўдных каштоўнасцях. Таму трэба выкарыстоўваць і выхаваўчы патэнцыял урока, тым больш што змест кожнага вучэбнага прадмета дазваляе настаўнікам эфектыўна рэалізоўваць мэтавыя ўстаноўкі Канцэпцыі бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі ў Рэспубліцы Беларусь. Напрыклад, гэта можа быць вывучэнне вобразаў гераічнага мінулага на ўроках гісторыі, выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу на ўроках матэматыкі, зварот да тэкстаў выбітных беларускіх паэтаў і празаікаў на ўроках беларускай мовы і літаратуры, стварэнне партрэта Радзімы на ўроках замежнай мовы. Выхаваўчы патэнцыял урока — гэтаму прысвечаны першы ў 2024 го­дзе выпуск рубрыкі “Педагагічная асамб­лея”.

У атмасферу творчасці і прыгажосці запрашае акунуцца творчы калектыў настаўнікаў гімназіі-каледжа мастац­тваў Маладзечна, які прадстаўляе свой вопыт у рамках нашага пастаяннага праекта “Энцыклапедыя “Школы Беларусі”. Трэба валодаць вялікім мастац­твам, каб навучыць дзяцей разумець прыгажосць і гармонію гукаў, фарбаў, рухаў, цаніць і ствараць прыгожае. Педагогі гімназіі-каледжа гэтым майстэрствам валодаюць, і сведчанне таго — высокія ўзнагароды навучэнцаў, якія яны штогод атрымліваюць на шматлікіх творчых і інтэлектуальных конкурсах, у тым ліку міжнародных. Так, і інтэлектуальных таксама, бо на самай справе ніякіх спрэчак паміж фізікамі і лірыкамі не існуе. На ўроках хіміі дзеці раша­юць цікавыя нестандартныя задачы-кейсы, літаратуру спасцігаюць праз прызму акцёрскага майстэрства, англійскую мову — паглыбляючыся ў свет выяўленчага мастацтва падчас віртуальных падарожжаў. Зразумела, не ўсе вучні адбудуцца як прафесіяналы ў выбранай галіне творчасці, аднак душэўная прыгажосць, мастацкі густ, уменне ствараць сапраўдныя цуды з гукаў, фарбаў, рухаў дазволяць пабудаваць моцны падмурак для станаўлення асобы. А гэта самае галоўнае.

Здавалася б, зусім нядаўна адзін з выпускаў нашага “Бацькоўскага сходу” мы прысвячалі асаблівасцям падыходаў да выхавання, навучання, сацыялізацыі дзяцей пакалення Z (гл. “Народная асвета”, № 1 за 2018 год). І вось ужо на гістарычнай сцэне (не пабаімся гэтых слоў) новая змена нашых юных суграмадзян — пакаленне альфа.

“Сучасныя дзеці прывыклі атрымліваць інфармацыю ў рэжыме рэальнага часу, свабодна карыстацца мультымедыйнымі рэсурсамі, інтэрактыўнымі дадаткамі, сацыяльнымі сеткамі”, — падкрэслівае ў сваім артыкуле кандыдат псіхалагічных навук Вікторыя Аляксандраўна Хрыптовіч. Невыпадкова гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак называюць першым лічбавым пакаленнем. Якой жа павінна быць адукацыйная і выхаваўчая стратэгія бацькоў і педагогаў, каб дзеці пакалення альфа атрымалі максімальна спрыяль­ныя магчымасці рэалізаваць свае ўнікальныя здольнасці, навыкі, запатрабаванні на карысць сабе і грамадству? Мы палічылі дарэчным першы ў 2024 годзе выпуск “Бацькоўскага сходу” прысвяціць абмеркаванню гэтага важнага для ўсіх нас пытання і прадаставіць слова нашым пастаянным аўтарам.

…У 2024 год рэдактарскі калектыў “Народнай асветы” ўступіў з хваляваннем і адказнасцю: у чэрвені спаўняецца 100 гадоў з дня выхаду ў свет першага нумара часопіса. Да юбілею мы вырашылі зрабіць рэтраспектыву арты­кулаў за розныя гады. Адметна, што калі мы адбіралі матэрыялы, то не маглі адарвацца ад карыснага чытання і абмяркоўвалі артыкулы ўсёй рэдак­цыяй. Таму запрашаем зазірнуць у мінулае, каб, магчыма, знайці адказы на актуальныя пытанні сённяшняга часу.

Святлана Мазурына,
галоўны рэдактар