Асабліва важны фактар — эфектыўнасць работы педагога

Сёння ў цэнтры нашай увагі — сістэма адукацыі Кармянскага раёна.Сваімі поспехамі, здабыткамі і праблемамі на сумеснай планёрцы з намі дзеліцца начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Кармянскага раённага выканаўчага камітэта Гомельскай вобласці Наталля Рыгораўна Еўтухова.

— Наталля Рыгораўна, хутка скончыцца навучальны год, таму хочацца спытаць пра самыя знакавыя падзеі гэтага года ў сістэме адукацыі Кармянскага раёна.

— Упершыню наш раён прадстаўляў Гомельскую вобласць на Рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня ў намінацыі “Здароўе — гэта здорава!” і заваяваў дыплом І ступені. У гэтым навучальным годзе дзевяцікласніца гімназіі Кармы Марыя Сітдзікава стала ўладальніцай дыплома І ступені трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры і ўвайшла ў склад абласной каманды на заключным этапе алімпіяды. Навучэнка 10 класа гэтай жа гімназіі Вераніка Ананенка таксама ўвайшла ў склад каманды вобласці на XVII Адкрытым рэспубліканскім конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў “ТэхнаІнтэлект”.

У канцы красавіка навучэнка 11 класа Хізаўскай сярэдняй школы заваявала дыплом ІІІ ступені на Рэспубліканскім конкурсе школьных праектаў па энергаэфектыўнасці “Энергія і асяроддзе пражывання”.

Спыняюся на гэтых мерапрыемствах падрабязна, бо доўгі час дасягненні раёна былі толькі на ўзроўні вобласці. Мы рады, што можам і больш. Усяго ў 2015/2016 навучальным годзе вучні раёна заваявалі на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах і конкурсах 38 дыпломаў, за спартыўныя дасягненні маем 33 дыпломы.

— Апошнім часам шмат гавораць пра напаўняльнасць шостага школьнага дня. Вы, мабыць, удзяляеце гэтаму пытанню асаблівую ўвагу, калі маеце такія поспехі.

— Толькі пры спланаваным падыходзе школа можа быць напоўнена дзецьмі па суботах. Дзецьмі, гатовымі ўвасабляць, гуляць, дапамагаць і рэалізоўваць. У раёне Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі праводзіць дні сельскага школьніка (з арганізацыяй падвозу навучэнцаў). Каб масава заняць вучняў у шосты школьны дзень, установы адукацыі, што знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, праводзяць мерапрыемствы, якія аб’ядноўваюць 3—4 школы.

З мэтай удасканалення работы ў гэтым напрамку былі праведзены пасяджэнне метадычнага аб’яднання кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй, дадатковай адукацыі, майстар-клас па рэалізацыі праекта “АІСТ” (актыўныя, інтэлектуальныя, спартыўныя, творчыя), які некалькі гадоў паспяхова рэалізоўваецца гімназістамі. Вынікам гэтай дзейнасці стане распрацоўка рэгіянальнай мадэлі арганізацыі шостага школьнага дня. У чэрвені будзе абвешчаны раённы конкурс.

Да арганізацыі занятасці навучэнцаў неабходна далучаць усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу: педагагічную грамадскасць, навучэнцаў (праз вучнёўскае самакіраванне), іх законных прадстаўнікоў (праз бацькоўскі камітэт). Асаблівая ўвага ў раёне ўдзяляецца міжведамаснаму ўзаемадзеянню, удасканаленню работы краязнаўчага і турыстычнага профілю.

— А як у вашым раёне ідуць справы з профільнай адукацыяй?

— У 2015/2016 навучальным годзе для 43% дзесяцікласнікаў (у 8 установах адукацыі з 15) арганізавана профільнае навучанне. Папулярнымі сталі такія прадметы, як беларуская і руская мова, біялогія, фізіка і матэматыка.

— Ці ёсць педкласы?

— У гэтым навучальным годзе іх няма. Мы ўважліва падышлі да гэтага пытання. Вывучылі запыты навучэнцаў, актывізавалі прафарыентацыйную работу па педагагічных спецыяльнасцях. У наступным навучальным годзе плануем адкрыць адну міжшкольную педагагічную групу.

— Наталля Рыгораўна, актуальным пытаннем у сістэме адукацыі застаецца аптымізацыя навучальных устаноў. Як яно вырашаецца ў вашым раёне?

— Па планавых паказчыках сеткі ўстаноў адукацыі раёна на 2016/2017 навучальны год, у параўнанні з бягучым навучальным годам колькасць класаў застаецца на ранейшым узроўні, а колькасць навучэнцаў павялічваецца да 2042. З 1 верасня 2016 года будзе закрыта базавая школа № 2 Кармы. У гарадскім пасёлку застануцца дзве ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі: гімназія і сярэдняя школа № 1.

Закрыццё ўстаноў адукацыі — няпростае пытанне. Усе: і педагогі, і бацькі, і вучні — успрымаюць гэта балюча. На гэтым этапе важна растлумачыць мэтазгоднасць аптымізацыі, неабходна, каб бацькі папярэдне азнаёміліся з тымі навучальнымі ўстановамі, у якіх іх дзеці працягнуць навучанне. Напружанасць знікае, калі яны пераконваюцца, што прадуманы маршрут падвозу дзяцей, што новая школа добра абсталявана, у ёй ёсць сучасная вучэбна-матэрыяльная база. Праводзяцца сустрэчы з бацькамі, настаўнікамі, вырашаецца далейшы прафесійны лёс кожнага педагога.

— Якім чынам развіваеце інфарматызацыю ў сваіх установах адукацыі?

— У сістэме адукацыі раёна рэалізоўваюцца мерапрыемствы года інфарматызацыі, які абвяшчаецца ўпраўленнем адукацыі другі год запар. Гэта дало магчымасць больш актыўна выкарыстоўваць дадатковы рэсурс павышэння якасці адукацыі. Камп’ютарызацыя адукацыі — гэта адзін з фактараў развіцця асобы дзіцяці. Каб фарміраваць неабходныя ўменні, спрыяць развіццю вучняў, настаўніку самому неабходна валодаць гэтымі ўменнямі і пастаянна вучыцца. Варта адзначыць, што 100% кіраўнікоў устаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі і 47% педагогаў раёна маюць сертыфікаты карыстальніка інфармацыйных тэхналогій.

Яшчэ адзін складнік інфарматызацыі — электронная школа. Па статыстыцы сайта school.by, 100% устаноў адукацыі нашага раёна карысталіся бясплатнай платформай і маюць уласныя сайты. На жаль, пакуль ні адна з устаноў адукацыі не працуе з электроннымі дзённікамі і журналамі. А гэта ж выдатны кіраўніцкі рэсурс для цеснага інфармацыйнага ўзаемадзеяння. Гэта задача ўжо на новы навучальны год.

— Наталля Рыгораўна, а што хвалюе на сённяшні дзень?

— Хвалююць пытанні, звязаныя з якасцю адукацыі, арганізацыяй занятасці навучэнцаў, падрыхтоўкай устаноў адукацыі да новага навучальнага года, умацаваннем вучэбна-матэрыяльнай базы, працаўладкаваннем выпускнікоў. Кола пытанняў даволі вялікае. Іх вырашэнне — у стварэнні сучаснага адукацыйнага асяроддзя для атрымання навучэнцамі якаснай адукацыі з улікам іх патрэб і магчымасцей. Залог поспеху — у штодзённай карпатлівай працы з кожным дзіцем. Таму сёння асабліва важны фактар — эфектыўнасць работы педагога.

— Вялікі дзякуй за размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.