Асаблівая атмасфера

- 13:59Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

У сярэдняй школе № 1 Бялыніч імя М.І.Пашкоўскага ўсё працята своеасаблівай сямейнасцю, непадробнай добразычлівасцю. Педагогі школы здзіўляюць энтузіязмам, творчасцю, павагай да дзяцей і іх унутранага свету. Да кожнага вучня яны ставяцца як да птушаняці, клапатліва гадуючы, каб потым адправіць у далейшы палёт па ўжо дарослым жыцці.

Працягваюць справу

— Мы разумеем, што шмат у чым адказныя за фарміраванне дзіцячай асобы. Таму галоўным прыярытэтам у любым кірунку адукацыйнай дзейнасці бачым вучняў. Заўсёды стараемся рабіць упор на максімальнае развіццё здольнасцей дзяцей, прадастаўленне ўсіх умоў для іх самарэалізацыі. У такім ключы працуюць усе нашы настаўнікі. Ды і як інакш? У нас быў асабісты прыклад для пераймання, сапраўдны арыен­цір, імя якога зараз носіць школа. Мікалай Іванавіч Пашкоўскі — цудоўны педагог, які сваёй плённай працай пакінуў след у памяці многіх. Мы стараемся працягваць яго справу, — расказала дырэктар Таццяна Балдышэўская.

Паводле яе слоў, 1-я школа — старэйшая навучальная ўстанова ў Бялыніцкім раёне. Установа з’яўляецца лідарам па многіх паказчыках. Педагагічны калектыў працуе ў інавацыйным рэжыме. Мясцовыя настаўнікі рэалізавалі шэраг рэспубліканскіх праектаў. На базе школы дзейнічае рэсурсны цэнтр па рабоце з адоранымі навучэнцамі, таксама яна — апорная ў раёне па выкарыстанні ў адукацыйным працэсе інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, фарміраванні інавацыйнай педагагічнай практыкі, забеспячэнні навучання дзяцей з асаблівасцямі.

Перадавыя падыходы педагогаў прыносяць адпаведныя вынікі. У вучняў школы высокая вучэбная паспяховасць. Яны рэгулярна вызначаюцца перамогамі ў алімпіядным руху, розных творчых конкурсах і спартыўных спаборніцтвах. Многія навучэнцы заканчваюць родную ўстанову з атэстатам асаблівага ўзору, паспяхова здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне і паступаюць у прэстыжныя беларускія УВА.

Аднак не толькі на якасці адукацыі робяць акцэнт у 1-й бялыніцкай школе. Не менш важным у гэтай навучальнай установе лічаць выхаванне падрастаючага пакалення. Такімі прынцыпамі кіраваўся ў сваёй дырэктарскай рабоце Мікалай Пашкоўскі. Прытрымліваюцца іх тут і зараз.

— Выхаванне Мікалай Іванавіч заўсёды лічыў асновай і значнасць яму надаваў не меншую, чым якасці ведаў. Дзяцей бачыў галоўнай каштоўнасцю. Кожнага вучня імкнуўся зрабіць шчаслівым, захаваць яго здароўе, сфарміраваць светапогляд, выхаваць правільныя якасці і высокую маральнасць. Для гэтага гадамі ствараў у школе атмасферу працы, радасці, творчасці. Школьнае жыццё, адносіны педагогаў і вучняў выбудоўваў на любові, узаемапавазе, дабрыні, чуласці, даверы. Дасягнуць мэты атрымалася, зараз мы ўсе разам імкнёмся гэта захаваць, — запэўніла Таццяна Іванаўна.

Захоўваюць памяць

Памятаюць у школе і пра самога Мікалая Пашкоўскага. Адразу ж пасля прысваення ўстанове яго імя тут стварылі куток памяці. Размясціўся ён у тым вучэбным кабінеце, дзе некалі з непаўторным творчым запалам выкладаў Мікалай Іванавіч.

У памятным кутку прадстаўлена некалькі інфармацыйных стэндаў з агульнымі біяграфічнымі звесткамі пра настаўніка, стэнд-фотарэпартаж з найбольш яркімі момантамі яго працоўнай дзейнасці. Ёсць тут і некаторыя асабістыя рэчы Мікалая Пашкоўскага.

— Мы рэгулярна праводзім тут экскурсіі для навучэнцаў, арганізуем памятныя класныя і інфармацыйныя гадзіны. Прычым вучні не толькі слухаюць і задаюць пытанні. Яны могуць непасрэдна азнаёміцца са штодзённікам, іншымі рэчамі Мікалая Іванавіча, самастойна даведацца: якім ён быў чалавекам і педагогам, — расказала Таццяна Балдышэўская.

Памяць пра Мікалая Пашкоўскага жывая і ў сэрцах многіх настаўнікаў. Бо значная частка сёлетняга калектыву ў свой час працавала пад кіраўніцтвам Мікалая Іванавіча, плячо ў плячо вырашала разам з ім розныя адукацыйныя задачы. Некаторыя гісторыі, звязаныя з ім, педагогі памятаюць і сёння.

Мікалай Іванавіч Пашкоўскі — заслужаны педагог, які больш за 35 гадоў жыцця прысвяціў развіццю сферы адукацыі Бялыніцкага раёна. Дванаццаць гадоў узначальваў сярэднюю школу № 1 райцэнтра, а пасля доўгі час кіраваў раённым аддзелам адукацыі. Вялікую ўвагу ўдзяляў развіццю матэрыяльнай базы школ і пазашкольных устаноў, стварэнню ўмоў для пераходу на новы ўзровень атрымання адукацыі, дыферэнцыяцыі навучання і выхавання, удасканаленню адукацыйнага працэсу. Актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю: уваходзіў у склад раённага Савета дэпутатаў, з’яўляўся старшынёй рэгіянальнай арганізацыі “Белая Русь”. За гады кіраўніцтва М.І.Пашкоўскага аддзел адукацыі 11 разоў прызнаваўся пераможцам абласнога працоўнага спаборніцтва сярод адпаведных структурных падраздзяленняў. За сваю плённую працу Мікалай Іванавіч быў адзначаны шэрагам ганаровых грамат Міністэрства адукацыі і мясцовых выканаўчых улад.

— Вельмі добра запомніла, якую падтрымку Мікалай Іванавіч аказваў маладым педагогам, у тым ліку і асабіста мне. Ён заўсёды гаварыў: “Не варыцеся ва ўласным соку, наведвайце ўрокі калег, у кожнага знойдзеце нешта карыснае для сябе”. Такую параду зараз ужо сама даю маладым настаўнікам. Запомніўся і вось такі выпадак. Вучні 8 класа паводзілі сябе непрыстойна, і мне прыйшлося ў слязах адправіцца ў кабінет дырэктара. Той уважліва выслухаў і выйшаў. Я разумела, што накіраваўся ў мой клас. Калі ён вярнуўся, то сказаў: “Навучанне дзяцей трэба будаваць на ўзаемаразуменні і ўзаемапавазе, тады праблем з дысцыплінай ніколі не будзе”. Гэтая фраза стала асноватворнай у маёй рабоце, — падзялілася настаўніца інфарматыкі і матэматыкі Алена Зміёва.

Адметна, што некаторых настаўнікаў школы Мікалай Пашкоўскі матываваў на выбар прафесіі.

— Фізіку ў маім класе выкладаў іншы педагог, але Мікалай Іванавіч некалькі разоў яго замяняў. Тыя ўрокі памятаю да гэтага часу. Памятаю, якія тэмы разбіралі, як было цікава і захапляльна. На адных з заняткаў мяне нават выклікалі да дошкі. Хвалявалася тады вельмі, але атрыманая за рэшаную задачу пахвала — адзін з самых цёплых школьных успамінаў. У многім менавіта прыклад Мікалая Іванавіча стаў для мяне вырашальным у прафесійным самавызначэнні. Яго педагагічных прынцыпаў зараз імкнуся прытрымлівацца ў сваёй рабоце, — паведаміла настаўніца рускай мовы і літаратуры Алеся Цвілій.

Натхняюцца прыкладам

Натхніўшыся прыкладам заслужанага земляка-педагога, настаўніцкую дарогу для сябе выбіраюць і многія сённяшнія навучэнцы. Ужо звыш пяці гадоў у 1-й школе функцыянуе педагагічны клас. І жадаючыя вучыцца па гэтым профілі ёсць заўсёды.

— Зараз у 11-м профільным педкласе вучацца восем юнакоў і дзяўчат. У 10 класе — дванаццаць. Важна, што колькасць навучэнцаў з году ў год павялічваецца, — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Мандрыкава.

Факультатыўныя заняткі па ўвядзенні ў педагагічную прафесію тут імкнуцца праводзіць максімальна практыка-арыентавана. Для дзяцей рэгулярна арганізоўваюць прафесійныя пробы: яны вядуць фрагменты ўрокаў і выхаваўчыя мерапрыемствы, ладзяць гульні на перапынках, праходзяць практыку ў школьных аздараўленчых летніках.

Усё гэта дазваляе навучэнцам на справе адчуць рэальныя настаўніцкія будні, прачуць тое, што іх чакае ва ўжо працоўнай дзейнасці. І адпаведна — больш свядома падысці да выбару прафесіі. Як вынік, больш за 60 працэнтаў выпускнікоў педкласаў працягваюць далейшую адукацыю ў педагагічных УВА. Некаторыя з іх пасля мэтанакіравана вяртаюцца працаваць у родную школу. Сёлета так збіраецца зра­біць будучая маладая настаўніца англійскай мовы, якая заканчвае МДУ імя А.А.Куляшова, Ульяна Цецерукова. Разважае пра такія перспектывы і Лія Зайцава, студэнтка-першакурсніца гэтага ўніверсітэта, якая выпусцілася з педкласа летась.

Вучаніцы цяперашняга 11 класа Марыя Юхневіч і Паліна Варламава пакуль так далёка наперад не загадваюць. Але ўжо дакладна ведаюць, што з профілем не памыліліся і іх прызванне — педагогіка.

— За час навучання набылі шмат патрэбных навыкаў, упэўніліся ў правільнасці свайго прафесійнага выбару, — заўважылі адзінаццацікласніцы. — У будучыні хочацца стаць добрымі педагогамі. Прафесійнымі, чулымі, справядлівымі. Такімі як Мікалай Іванавіч Пашкоўскі — настаўнік з вялікай літары, на працоўны шлях якога варта раўняцца.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.