Асноўны крытэрый — метадычная збалансаванасць

- 15:54Адукацыйная прастора

Наш прафесійны шлях вызначае найперш матывацыя, жаданне развівацца і рухацца далей. Гэты працэс няпросты, асабліва калі ўнутраныя рэзервы заканчваюцца і работа ператвараецца ў руціну. Думаю, многім педагогам знаёмы такія адчуванні. Як, зрэшты, і адваротныя, калі ўсё ж удаецца пераадолець страх (ляноту) і змяніць свой прафесійны маршрут у бок новага і нязведанага. Сённяшняя гераіня якраз з тых, хто не баіцца. Яна не баіцца выйсці за межы традыцыйнага ўрока, перагледзець сваё педагагічнае бачанне, прымераць на сябе новую ролю. На сёння Галіна СВЕНТУХОЎСКАЯ — настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 16 Брэста, магістр гістарычных навук, аспірантка Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы (будучы навуковец-метадыст), супрацоўнічае з кафедрай усеагульнай гісторыі БрДУ імя А.С.Пушкіна ў пытаннях навучання студэнтаў методыцы, праводзіць семінары для калег, вядзе адукацыйны блог у “Іnstagram”.

Галіна Віктараўна пераканана, што сучасных вучняў нельга вучыць па-старому. “Гэта відавочна нават з гістарычнага пункту гледжання. Цяпер зусім іншыя гістарычныя ўмовы, якія патрабуюць іншага мыслення і іншага стаўлення да спраў. Сучасныя вучні з шырокім кругаглядам, бо пачалі выязджаць за мяжу, з уласным меркаваннем адносна многіх сацыяльных праяўленняў нашага жыцця. Яны актыўныя карыстальнікі сацыяльных сетак і цікавыя суразмоўнікі. Для іх вялікай каштоўнасцю з’яўляецца сям’я. У рэшце рэшт самае лепшае, што ёсць у школе, — гэта дзеці, таму на работу што­дзень іду з вялікім задавальненнем. У педагогіцы я 15 гадоў, і ні разу не пашкадавала, што выбрала менавіта гэты шлях”, — адзначыла настаўніца.

Зразумела, большая частка задавальнення Галіны Віктараўны дастаецца вучням. Дзеля іх яна не стамляецца вучыцца і мяняцца. Так, гэта няпроста, але яно таго варта. У сваім прафесійным развіцці яна перажывала і перажывае розныя перыяды. Пачынала з юнацкага максімалізму, без якога, дарэчы, не было б далейшага развіцця. Стала больш уважлівай і разважлівай у адносінах да дзяцей. Зразумела, што першыя ўражанні могуць быць падманлівымі. Усе мы розныя, і гэта нармальна.

Пэўны перыяд прафесійнага жыцця маёй гераіні быў конкурсным, таму цяпер яна нармальна ставіцца да спаборніцтваў сярод педагогаў і дзяцей. Спаборніцтвы — гэта як пункт адліку, штуршок да змен. Але час ікс для яе настаў тады, калі прыехала ў АПА здаваць экзамен на вышэйшую катэгорыю. Пасля яго здачы Галіна Віктараўна перагледзела падыходы да ўласнай сістэмы выкладання, пачала выкладаць методыку іншым, што і стала стартам новага перыяду ў прафесійным жыцці. Сама настаўніца адзначае, што ёй шчасціць на людзей, якія вераць у яе педагагічныя здольнасці. Але прафесійны поспех у многім залежыць і ад самога чалавека. Галіна Віктараўна пачала выцягваць сябе з зоны камфорту, што дапамагло даведацца і навучыцца абсалютна новаму, напрыклад, у методыцы. Новых уражанняў хочацца пастаянна, таму розныя семінары, летнія школы, май­стар-класы, прафесійныя сустрэчы ў яе працоўным графіку значацца рэгулярна.

У выніку ў метадычным арсенале Галіны Віктараўны можна знайсці шмат сучасных тэхналогій, прыёмаў і форм навучання.

“Напрыклад, прыём “фішбоўн” дазваляе прадставіць больш глыбокі і дэталёвы аналіз праблемы, што дае магчы­масць вучню разабрацца ў пытанні і зрабіць тую выснову, якая першапачаткова здавалася цяжкай ці немагчымай.

Прыклад фішбоўна вучаніцы па праблеме “Якімі я бачу маральныя адносіны паміж людзьмі?”

Інтэлект-карты дазваляюць зрабіць хуткі і поўны агляд вялікай тэмы ці праблемы; збіраюць і ўяўляюць вялікую колькасць разнастайных даных на адным аркушы паперы, дэманструючы сувязі і адлегласці; дазваляюць максімальна павысіць выніковасць і эфектыўнасць, з’яўляючыся цудоўным інструментам для роздуму і запамінання; эканомяць час і разнявольваюць мысленне. Гэты прыём стаў маім любімым, выкарыстоўваю яго нават у штодзённым жыцці.

ПАПВ-формулу (пазіцыя, абгрунтаванне, прыклад, вынік) добра выкарыстоўваць як выснову да табліцы, рэзюмэ да ўсёй тэмы, можна ацэньваць самастойна. Гэты алгарытм дае магчымасць навучэнцам фармуляваць свой пункт погляду, выкарыстоўваючы аргументы і факты, прыводзіць да разумення прычынна-выніковых сувязей, а таксама дазваляе настаўніку вызначыць ступень разумення праблемы яго вучнямі, а таксама скарэкціраваць іх работу.

З дапамогай сінквейна можна характарызаваць паняцце, падзею, асобу. Даваць у якасці дамашняга задання, прадво­дзіць рэфлексію і замацаванне, ставіць адзнаку. У метадычным апараце некаторых школьных падручнікаў па аналогіі з сінквейнам выкарыстоўваецца метад ключавога паняцця.

Квадрат Дэкарта дапамагае разгледзець праблему (па­дзею, пытанне і г.д.) з чатырох бакоў з мэтай больш глыбокага аналізу. Гэтую методыку добра прымяняць пры аналізе пэўнай падзеі, лепш — у якасці невялікай групавой работы. Словы можна мяняць, сутнасць застаецца. На ўроках гісторыі дазваляе навучэнцам знайсці прычыны таго, чаму адбылася тая ці іншая падзея. На ўроках грамадазнаўства гэты прыём прыво­дзіць да разгляду розных аспектаў праблемы, у тым ліку маральных і этычных складнікаў.

Воблакі слоў можна выкарыстоўваць на этапе паведамлення тэмы ўрока для павышэння матывацыі і цікавасці навучэнцаў (воблака ўтрымлівае маляўнічую і арыгінальна аформленую назву тэмы); на этапе замацавання або кантролю ведаў (воблака слоў змяшчае асноўныя паняцці па пройдзенай тэме). Навучэнцы выбіраюць тэрміны і паняцці, вывучаныя ў гэтай тэме, і даюць азначэнне або раскрываюць паняцце; на любым уроку і любым этапе ўрока, калі даецца заданне “Знайдзі лішняе слова”: для паўтарэння пройдзенага матэрыялу, для азнаямлення з новым матэрыялам, для пераключэння ўвагі, у якасці размінкі; у пазакласнай рабоце: конкурс плакатаў, стварэнне лагатыпа каманды “Воблака эмоцый”.

Прыклады выкарыстання:

  • Вызначце словы, звязаныя з феадальнай іерархіяй.
  • Вызначце, якія два саслоўі пазначаны ў воблаку слоў. Падбярыце звязаныя з імі іншыя словы.
  • З прапанаванага воблака слоў размяркуйце словы па групах (крытэрыі/назва/прыдумайце самі).
  • Выберыце 4—5 слоў, з якіх складзіце сказ па тэме “Феадальны лад”.
  • Знайдзіце лішнія словы, растлумачце і г.д.
  • Правядзенне праверачнай работы (лятучкі).

Адным з новых, які набірае папулярнасць, прыёмаў з’яўляецца прымяненне гексаў (шасцівугольнікаў). Кожная з шасцівугольных картак — гэта кароткія веды па пэўным аспекце. Кожны з шасцівугольнікаў злучаецца з іншым дзякуючы пэўным паняційным або падзейным сувязям.

Ёсць некалькі варыянтаў выкарыстання гэтай тэхналогіі. Напрыклад, можна ўпісаць вучэбны матэрыял у шасцівугольнікі, разрэзаць іх і прапанаваць вучням сабраць мазаіку. А можна ўзяць пустыя шасцівугольнікі, каб вучні маглі запоўніць і выказаць сваё меркаванне па зададзенай праблеме. Аднак такі варыянт варта выкарыстоўваць, калі навучэнцы ўжо ўмеюць складаць запоўненыя шаблоны. Тут магчыма арганізацыя работы ў парах. Ёсць маркіраваныя шасцівугольнікі. У такім выпадку колер вызначае пэўную кваліфікацыю. Гэта значыць, што вучэбны матэрыял размяркоўваецца па відавых прыкметах. У шасцівугольніку магчыма выкарыстанне не толькі тэкстаў, але і малюнкаў.

Такім чынам, навучэнцы, аналізуючы вучэбны матэ­рыял, атрымліваюць магчымасць выбару прыярытэтаў, уласнай класіфікацыі і ўстаноўкі сувязей, вызначэння доказаў. Па прынятых першапачаткова правілах, шасцівугольнікі збіраюцца на клейкай паперы (прымацоўваюцца да ліста пры дапамозе клею). Вучні абгрунтоўваюць свае меркаванні па пастаўленай вучэбнай задачы. Лагічна даваць невялікую праблему, паколькі ўзнікаюць складанасці з часам. Такім чынам, кожная група атрымлівае сваё пытанне, складвае мазаіку (структуру), тлумачыць яе іншым групам. Узаемнае навучанне дазваляе лепш засвоіць матэрыял, разабрацца ў складаных прычынна-выніковых сувязях дастаткова проста і без перанапружання. Гэтыя ж сабраныя гексы можна даваць на наступным уроку ў якасці паўтарэння дамашняга задання”, — расказала настаўніца.

 На сваіх уроках Галіна Віктараўна звяртаецца і да медыя­адукацыі.  Адным з найбольш распаўсюджаных прыёмаў выкарыстання медыяадукацыі  ў гісторыі з’яўляецца аналіз карцін, фотаздымкаў, карыкатур, відэа- і аўдыяматэрыялаў. Акрамя таго, бясспрэчным з’яўляецца факт, што гісторыя — гэта той прадмет, навучанне якому немагчыма без выкарыстання нагляднага матэрыялу. Пры гэтым агульнавядома, што боль­шасць сённяшніх навучэнцаў інфармацыю ўспрымае лепш, калі задзейнічаны розныя органы пачуццяў. Цяперашнія дзеці з’яўляюцца не толькі аўдыяламі, але і візуаламі, кінестэтыкамі. У сувязі з гэтым, па меркаванні Галіны Віктараўны, актуальным з’яўляецца прымяненне такіх візуальных прыёмаў, як “медыя­азбука” і “QR-квест”.

“Прыём “медыяазбука” з’яўляецца адным з самых распаўсюджаных і любімых дзецьмі. Ён развівае вобразнае мысленне, інтэлектуальныя здольнасці навучэнцаў па аналізе, абагульненні, пашырае агульны кругагляд. Медыяазбука — гэта віктарына, выкананая ў форме камп’ютарнай прэзентацыі з выкарыстаннем малюнкаў і фатаграфій, якія служаць падказкай адказу на пытанне. Пытанні да такой віктарыны павінны быць зададзены так, каб адказы адпавядалі кожнай літары алфавіта. Медыяазбуку можна выкарыстоўваць на абагульняючых уроках для аператыўнай праверкі ведаў навучэнцамі гістарычных і грамадазнаўчых паняццяў.

Прымяняць коды (у QR-квесце) можна пры зашыфраваным паняцці; у  тэксце, які неабходна расказаць; пры спасылцы на старонку ў інтэрнэце, дзе можна знайсці інфармацыю пра пытанне, якое вывучаецца”,— паведаміла Галіна Віктараўна.

Прыклад слайда “Бостанскае чаяванне” з медыяазбукі па тэме “Амерыка ў першы перыяд Новага часу” (сусветная гісторыя, 8 клас).

Асобнае месца ў метадычнай скарбонцы настаўніцы займаюць воблачныя тэхналогіі. Сэрвіс Learning Apps, разнастайныя Google-сэрвісы (дакументы, табліцы, формы, сайты, карты). “Бясспрэчная перавага гэтых прадуктаў заключаецца ў тым, што адпадае неабходнасць выкарыстання іншых сродкаў для захоўвання інфармацыі. Яны даступны ў любым пункце свету пры наяўнасці інтэрнэту. Гэтыя сэрвісы дазваляюць суправаджаць працу навучэнцаў, хутка збіраць інфармацыю, выпраўляць памылкі і г.д. Сярод іншых вэб-сэрвісаў можна пералічыць наступныя:

  • для стварэння воблакаў слоў — wordle.net, wordart.com;
  • для стварэння віктарын, імгненнай праверкі матэрыялу — create.kahoot.it, quizizz.com, triventy.com;
  • фотакалажы — picasa.google.com, photovisi.com, pizap.com.

А тэхналогія вэб-квеста дазваляе не толькі разабрацца са складаным і аб’ёмным матэрыялам, але і навучыць дзяцей выкарыстоўваць пералічаныя вышэй вэб-сэрвісы”, — расказала настаўніца.

Тут жа хачу заўважыць, што Галіна Віктараўна не адмовілася ад традыцыйных урокаў. Па яе меркаванні, яны таксама павінны быць, інакш у вучняў не сфарміруюцца базавыя ўменні і навыкі, без якіх рухацца далей немагчыма. Акрамя таго, класічныя ўрокі даюць метадычную перадышку і настаўніку (як бы гэта парадаксальна ні гучала). З цягам часу Галіна Віктараўна зразумела, што каб не заблытацца ў сучасных тэхналогіях, лепш выкарыстоўваць некаторыя прыёмы, якіх, як вы заўважылі, у яе дастаткова.

Актыўныя і інтэрактыўныя метады дапамагаюць дзецям зразумець каштоўнасць гістарычных і грамадазнаўчых ведаў. Іх выкарыстанне дае магчымасць настаўніцы развіваць у вучняў камунікатыўныя кампетэнцыі. Каб дасканала валодаць гістарычнай фактурай (ведаць даты, падзеі, гістарычныя постаці), вучні Галіны Віктараўны вядуць канспекты. На запамінанне працуюць прыёмы візуалізацыі і пастаяннае прагаворванне вучэбнага матэрыялу (узаемнае навучанне). Прыжылася на ўроках настаўніцы і тэхналогія актыўнай ацэнкі, асабліва вучням падабаецца “НаШтоБуЗУ”. “У мінулым казалі, што ўсё павінна быць у меру. Я прытрымліваюся гэтага, таму імкнуся да балансу на сваіх уроках. Гаворка ідзе як пра метадычную збалансава­насць урока, так і пра ўнутраны камфорт кожнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу”, — рэзюмавала Г.В.Свентухоўская.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.