Новая канцэпцыя захавання бяспекі дарожнага руху з’явіцца ў Беларусі. Аб гэтым ішла размова на пасяджэнні Пастаяннай камісіі па захаванні бяспекі дарожнага руху пры Савеце Міністраў пад кіраўніцтвам віцэ-прэм’ера Анатоля Калініна.
Анатоль Калінін растлумачыў, што цяпер прадугледжваецца трансфармацыя і ўдасканаленне адпаведнай канцэпцыі, зацверджанай у 2006 годзе.
Адным з галоўных індыкатараў дасягнення яе мэт было скарачэнне ў 2015 годзе ў параўнанні з 2005 годам колькасці загінуўшых у ДТЗ не менш як на 500 чалавек. Аналіз аварыйнасці сведчыць аб устойлівым зніжэнні асноўных паказчыкаў дарожна-транспартнага траўматызму на вулічна-дарожнай сетцы краіны на працягу апошніх 10 гадоў.
Як паведаміў намеснік міністра транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка, у 2005 годзе ў ДТЗ загінулі 1673 чалавекі, у 2015 годзе гэты паказчык скараціўся да 658. Усяго ў Беларусі ў 2015 годзе адбылося 4119 ДТЗ, у якіх былі ранены 4389 чалавек. Колькасць загінуўшых у ДТЗ у 2015 годзе адпавядае ўзроўню 1968 года.
У цэлым падыходы і практыка захавання бяспекі дарожнага руху адпавядаюць сусветным стандартам і даюць магчымасць адэкватна рэагаваць на змяненні дарожна-транспартнай сітуацыі. “Змест цяперашняй канцэпцыі бяспекі на дарогах актуальны, яе асноўныя напрамкі павінны быць адлюстраваны і ў абноўленым дакуменце”, — лічыць Аляксей Аўраменка.
Паводле слоў намесніка міністра, у гэтым годзе Мінтранс прадоўжыць аптымізацыю скорасных рэжымаў на дарогах першай катэгорыі. Цяпер з 1372 км дарог першай катэгорыі дапушчальны скорасны рэжым павышаны на 1185 км, або 86 працэнтах.