Астранамічныя назіранні. З чаго пачаць?

- 11:11Якасць адукацыі

Прыгажосцю начных нябёсаў любаваліся яшчэ ў старажытнасці, а ў нашы дні тысячы аматараў, узброіўшыся тэлескопамі і біноклямі, прысвячаюць вольны час астраноміі — старажытнай і цікавай навуцы. Астранамічныя назіранні даступны кожнаму, а прыгажосць далёкіх туманнасцей і вялікай колькасці зорак адначасова зачароўвае і захапляе. Акрамя таго, астраномія — адзіная з навук, дзе кожны вучань можа здзейсніць самае сапраўднае адкрыццё.

У школьнай праграме па астраноміі на правядзенне астранамічных назіранняў адводзіцца тры вучэбныя гадзіны: “Вячэрнія назіранні (восеньскія)”, “Дзённыя назіранні Сонца”, “Вячэрнія назіранні (вясновыя)”. Асабліва падабаюцца вучням вячэрнія назіранні за зорным небам. Да іх неабходна рыхтавацца загадзя. Дырэктар установы выдае загад аб пераносе заняткаў па астраноміі, з вучнямі праводзяцца заняткі па навучанні мерам бяспекі пры знаходжанні на вуліцы ў вячэрні час, разам з вучнямі на астранамічныя назіранні запрашаюцца бацькі.

З чаго пачаць назіранні? Што для гэтага трэба? Спадзяюся, што некаторыя парады з майго педагагічнага вопыту дапамогуць настаўнікам прыступіць да асабістых назіранняў і зацікавіць вучняў сваім прадметам.

Арыентуемся па сузор’ях

Перад тым як выйсці на вячэрнія назіранні, праводзіцца пэўная работа з вучнямі ў класе: вывучаецца карта зорнага неба, праводзіцца знаёмства з тэлескопам і правіламі яго карыстання. Пры вывучэнні карты зорнага неба асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на размяшчэнне і веданне сузор’яў. Без гэтых ведаў вучні не змогуць арыентавацца па небе і знаходзіць касмічныя аб’екты. Акрамя таго, веданне сузор’яў — гэта выдатная практыка для далейшага назірання ў бінокль або тэлескоп.

Затым выбіраецца месца для назіранняў. Гэта павінна быць цёмнае месца з добрым кругаглядам. Спатрэбіцца 5—10 хвілін для таго, каб вочы прывыклі да цемры, і толькі тады можна прыступаць да назіранняў. Спачатку назіранні можна праводзіць простым вокам, галоўная задача — пазнаёміцца з сузор’ямі, зоркамі і іншымі нябеснымі целамі, а таксама касмічнай прасторай. Знаёмства трэба пачынаць з тых сузор’яў, якія лёгка знайсці ў любы час года, напрыклад, з Вялікай Мядзведзіцы. Сем яе зорак утвараюць вялікі коўш, які добра ўсім вядомы. Няхай гэтае сузор’е стане ў час назіранняў зыходнай кропкай у арыентаванні па небе. Абавязкова адзначце, што коўш Вялікай Мядзведзіцы за суткі павольна паварочваецца. Ён мяняе сваё становішча і на працягу года. Асеннім вечарам яго можна ўбачыць над гарызонтам у паўночнай частцы небасхілу, а вясной — ва ўсходняй частцы, высока над лініяй гарызонту і ў перавернутым выглядзе. Затым паслядоўна можна паказаць вучням Малую Мядзведзіцу, Дракона, Арыён, Ліру, Касіяпею. На сучасных картах зорнага неба вылучана 88 сузор’яў. На тэрыторыі Беларусі мы можам бачыць каля 50 з іх. Частку сузор’яў можна назіраць толькі ў вызначаную пару года. Так, напрыклад, сузор’е Арыён мы можам убачыць у Беларусі толькі восенню і зімой.

Асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на спосаб вызначэння месцазнаходжання Палярнай зоркі на зорным небе.

Калі правесці ўяўную лінію праз дзве крайнія зоркі каўша Вялікай Мядзведзіцы і на гэтай лініі адкласці 5 адрэзкаў, роўных адлегласці паміж гэтымі зоркамі, то можна знайсці самую вядомую зорку ў сузор’і Малой Мядзведзіцы — Палярную. Пры назіранні за гэтай зоркай на працягу некалькіх гадзін можа здацца, што зорнае неба верціцца вакол яе. На самай справе вакол сваёй восі верціцца Зямля.

Некаторы час можна ўдзяліць найбольш яркім зоркам, якія бачны ў нашых шыротах: Сірыус, Вега, Альтаір. Зорка на начным небе можа выглядаць яркай па дзвюх прычынах. Або яна размешчана бліжэй за астатнія, або яна далёка, але па сіле святла пераўзыходзіць іншыя зоркі. З найбліжэйшых да Зямлі дваццаці зорак толькі тры відаць простым вокам.

Самая блізкая зорка з бачных на тэрыторыі Беларусі — белы Сірыус. Яе добра відаць зімой. Гэта найбольш яркая на начным небе зорка. Цікавай для вучняў з’яўляецца інфармацыя аб тым, што прамень святла ад Сірыуса ляціць да нас больш як 8 гадоў, а ад Сонца даходзіць за 8 хвілін 20 секунд.

Нельга не звярнуць увагу на Млечны Шлях, а таксама на сузор’і, праз якія ён праходзіць. У ім засяроджаны ўсе бачныя на нашым небе зоркі. У Беларусі Млечны Шлях найлепш бачны восенню ў ясную, бязвоблачную ноч. Не ўпусціце задыякальныя сузор’і, знаходжанне іх на зорным небе выклікае ў вучняў зацікаўленасць і захапленне. Акрамя таго, калі ў адным з сузор’яў будзе бачна яркая планета, то на яе таксама неабходна звярнуць увагу.

Восенню аптымальна назіраць метэорныя патокі. У канцы лістапада можна назіраць метэорны паток Леаніды. У рамках вучэбнага працэсу пажадана, каб вучні пры назіранні метэорных патокаў не толькі любаваліся імі, а вызначалі такія характарыстыкі метэораў, як колер, яркасць і працягласць палёту. Адзначце, што гэтыя светлавыя з’явы адбываюцца на вышыні 80—120 км над Зямлёй. Ноччу за 1 гадзіну можна ўбачыць да 5—10 метэораў.

Робім запісы

Зорнае неба прыгожае само па сабе, аднак свядомыя астранамічныя назіранні цікавейшыя і больш займальныя. Для таго каб іх пачаць, у вучняў павінны з сабой быць невялікая карта зорнага неба, блакнот, аловак, ліхтарык і гадзіннік. У блакноце вучні запісваюць дату, час пачатку і заканчэння назіранняў, стан надвор’я. У час назіранняў вучні павінны рабіць замалёўкі і адзначаць любыя цікавыя дэталі. Лепш за ўсё ў ходзе назіранняў карыстацца чырвоным ліхтарыкам, каб не раздражняць вочы. Прывучыце вучняў рабіць запісы ў блакноце і захоўваць іх. Заўважце, што, гледзячы на неба, яны зусім нечакана могуць стаць сведкамі незвычайнай з’явы — падзення метэарыта або з’яўлення новай зоркі, у гэтым выпадку каштоўнасць іх запісу вырасце да ўзроўню навуковага дакумента.

Тэлескоп або бінокль?

Навучыўшы арыентавацца сярод сузор’яў, вучням неабходна паказаць, як праводзіць дэталёвыя назіранні розных аб’ектаў: планет або Месяца, двайных і пераменных зорак, метэораў або камет. На гэтым этапе спатрэбіцца аптычны інструмент. Што ж выбраць — тэлескоп ці бінокль? Можна абысціся добрым прызматычным біноклем. У бінокля ёсць пэўныя перавагі перад тэлескопам. Гэта і прастата ў карыстанні, і большае поле зроку, і прамая выява, якую дае бінокль (тэлескоп дае перавернутую), што дазваляе хутчэй знаходзіць неабходны аб’ект. Акрамя таго, з біноклем вучні больш мабільныя, што асабліва важна для тых, хто назірае начное неба ў горадзе. А самае галоўнае — гэта від зорнага неба. Магчыма, ні адзін тэлескоп не дасць такога адчування бязмежнай глыбіні космасу, якое атрымліваем, назіраючы за зорным небам у бінокль.

Пры правядзенні назіранняў, акрамя бінокля, можна выкарыстоўваць тэлескоп-рэфрактар, які ёсць у нашай установе. Яго выкарыстанне пашырае магчымасці. Становяцца даступнымі галактыкі і туманнасці, россыпы зорак у Млечным Шляху. Але для гэтага трэба, каб вучні ўмелі карыстацца інструментам. Пры дапамозе тэлескопа можна займацца вывучэннем Месяца, планет, туманнасцей. На месячнай паверхні шмат кратараў. Самыя вялікія можна разгледзець у бінокль або тэлескоп. Светлыя ўчасткі на Месяцы — горныя, а цёмныя — вялікія раўніны.

У школьны тэлескоп даступны для назірання толькі пяць планет: Меркурый, Венера, Марс, Юпітэр, Сатурн.
Меркурый — найбольш блізкая да Сонца планета і амаль заўсёды хаваецца ў промнях Сонца, таму ў школьных умовах назіраць яе практычна немагчыма. Венеру можна назіраць значна часцей. Планета Марс заўсёды выклікае вялікую цікавасць, але вучняў пры назіранні чакае вялікае расчараванне: акрамя аранжавай паверхні планеты, больш не відаць амаль нічога. Сатурн цікавы для вывучэння сваімі кольцамі. Юпітэр, дзякуючы сваім вялікім памерам, таксама цікавы для назіральнікаў. Менавіта з яго рэкамендуецца пачынаць вывучэнне планет.

***

Прыступаючы да назірання зорнага неба, не спяшайцеся. Зорны свет не церпіць мітусні. Атрымлівайце асалоду ад кожнай хвіліны, якая дазваляе вам і вашым вучням дакрануцца да скарбніцы вечнасці. Пераканаўшыся, што неба яснае, апранайцеся цяплей і адпраўляйцеся на вуліцу. Поспехаў вам і яснага неба!

Дзмітрый КАЧАН,
настаўнік фізікі і астраноміі
Усялюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.