Атмасфера даверу

- 11:48Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Адной з вядучых устаноў будаўнічага профілю можна па праву назваць Мінскі прафесійна-тэхнічны каледж будаўнікоў імя У.Г.Каменскага, які мае шматгадовую гісторыю і ўтрымлівае свой высокі аўтарытэт у сістэме прафесійнай адукацыі сталіцы. Аўтарытэт установы, безумоўна, складаецца з аўтарытэту педагогаў, якія працуюць у каледжы. Сярод такіх Аксана Генадзьеўна БАНДАРАВЕЦ, майстар вытворчага навучання, якая вядзе падрыхтоўку навучэнцаў па спецыяльнасці “Аддзелачныя будаўнічыя работы”. Сотні яе выхаванцаў працуюць на будаўнічых пляцоўках сталіцы малярамі, абліцоўшчыкамі-плітачнікамі і тынкоўшчыкамі.

Сёлета Аксана Генадзьеўна прыняла групу навучэнцаў, якую склалі выпускнікі 9-х класаў сталічных школ. Відавочна, што з такімі дзецьмі працаваць цяжка, і зразумела чаму. Яны яшчэ падлеткі, вучыцца прыходзяць слаба матываванымі — хутчэй за ўсё, ад бязвыхаднасці, у тым сэнсе, што іншага месца для вучобы не прыдумалі. Пытанне аб выбары прафесіі ў падлеткаў і іх бацькоў усё часцей застаецца без адказу. Затое ўсім хочацца быць паспяховымі ў жыцці, атрымліваць вялікі заробак. Але як гэтага дасягнуць? У большасці сваёй маладыя людзі хочуць усё і адразу. Навучыць іх таму, што ўсё ў жыцці дастаецца паступова, прыступка за прыступкай, цаной напружанай працы, даволі няпроста. Важна пры гэтым падкрэсліваць, што пачынаць сваё дарослае жыццё неабавязкова з вышэйшай адукацыі, а можна прыйсці да яе паэтапна і пры гэтым атрымаць рабочую прафесію. Уменне рабіць штосьці сваімі рукамі ніколі не будзе лішнім у жыцці.Аксана Генадзьеўна вучыць сваіх выхаванцаў адзіным надзейным шляхам — на асабістым прыкладзе. Калі педагог, майстар вытворчага навучання сам па сабе прафесіянал сваёй справы, мае аўтарытэт у калектыве, то ён здольны павесці за сабой і выхаванцаў.
— Перш чым стаць майстрам, я прайшла ўсе ступені навучання, мала таго, побач быў чалавек, які стаў для мяне своеасаблівым пасылам у жыцці, — расказвае Аксана Генадзьеўна.
Спачатку было Маладзечанскае будаўнічае вучылішча, дзе яна вучылася тры гады і якое скончыла з чырвоным дыпломам. І гэта пры тым, што Аксана Генадзьеўна не думала быць будаўніком, а марыла зусім пра іншую прафесію. Але так здарылася, што на яе шляху сустрэўся выдатны чалавек і педагог Ганна Мацвееўна Лазар, якая і паўплывала на выбар спецыяльнасці.
Пасля заканчэння вучылішча Аксана Генадзьеўна працавала ў будаўнічай галіне, потым паступіла ў Мінскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум на майстра вытворчага навучання, а ў далейшым скончыла вышэйшую навучальную ўстанову.
Аксана Генадзьеўна вельмі добра запомнілася членам журы і іншым удзельнікам спаборніцтва падчас правядзення Мінскага гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства. Сярод сваіх калег — майстроў вытворчага навучання па прафесіі будаўніка яна стала фаварытам, і не толькі дзякуючы свайму прафесійнаму майстэрству, якое яна прадэманстравала ў час будаўнічых работ на практычным туры конкурсу. Аксана Генадзьеўна адрознівалася нейкай неверагоднай здольнасцю авалодваць навучэнскім асяроддзем, канцэнтраваць увагу навучэнцаў на сваім уроку, ствараць атмасферу даверу, і гэта пры тым, што навучанне вялося ў незнаёмай групе. Відавочна, што такая здольнасць не толькі вялікі вопыт, але і прыродны талент, якому нельга навучыцца.
Прайшоўшы ўсе ступені навучання, Аксана Генадзьеўна заяўляе, што толькі тады можна стаць сапраўдным прафесіяналам, калі пастаянна ўдасканальваць свае веды.
Асновай прафесійнай падрыхтоўкі, як лічыць майстар, з’яўляецца гарманічнае спалучэнне тэорыі і практыкі.
Прафесійнымі навыкамі майстар дзеліцца ў вучэбнай майстэрні, дзе навучэнцы праходзяць так званы аперацыйны перыяд, калі ў час першых заняткаў на першым курсе выхаванцы толькі-толькі пачынаюць спасцігаць азы прафесіі. Яшчэ доўга ўспамінаюцца нацёртыя ад трымання кельні рукі, твар, вымазаны будаўнічым растворам.
— Пакуль не пакажаш сваімі рукамі — у рэальнасці нельга засвоіць ніводную аперацыю, ніводны рух, — адзначае Аксана Генадзьеўна. — Прыходзіцца, як дзіця, вучыць маляваць, браць руку навучэнца ў сваю, вадзіць ёй па сцяне і тынкаваць, — расказвае Аксана Генадзьеўна.
Па яе меркаванні, кожнаму навучэнцу, які прыйшоў вучыцца на будаўніка і які пакуль нават не ўяўляе, што гэта за прафесія, хочацца перагледзець і патрымаць у руках кожны інструмент маляра і тынкоўшчыка, а потым прымяніць яго на практыцы.
— Колькі б майстар ні расказваў пра той ці іншы інструмент, пра тое ці іншае дзеянне, пакуль навучэнец не патрымае яго ў руках, пакуль сам не пачне пакрысе тынкаваць, ён ніколі не асвоіць прафесійныя навыкі, — сцвярджае Аксана Генадзьеўна і на асабістым прыкладзе, сваімі рукамі, дэманструе выхаванцам, як кладзецца плітка, як праводзяцца тынкавальныя і малярныя работы, як наклейваюцца шпалеры.
— Спачатку кожны з вас павінен працаваць на сваё імя, а потым яно будзе працаваць на вас, — заяўляе сваім выхаванцам Аксана Генадзьеўна. — У кожнай прафесіі мала быць проста выканаўцам сваіх абавязкаў, трэба імкнуцца стаць сапраўдным прафесіяналам. Калі чалавек, валодаючы неабходным аб’ёмам ведаў, практычных навыкаў імкнецца і надалей удасканальваць свой прафесійны ўзровень, а не стаіць на месцы, то ён заўсёды будзе запатрабаваны ў заказчыка кадраў, будзе мець аўтарытэт у калектыве.
Працоўную пляцоўку для адшліфоўкі прафесійнага майстэрства навучэнцам каледжа прадастаўляе даўні і надзейны партнёр установы Мінскі будтрэст № 1, які выдзяляе рабочыя месцы для практыкі і потым працаўладкоўвае выпускнікоў каледжа.
Калі навучэнец на практыцы працуе з поўнай аддачай, калі ён імкнецца паказаць сябе з добрага боку, удасканальвае прафесійныя навыкі непасрэдна на рабочым месцы, а не пасіўна сузірае, як гэта робяць іншыя, то ён зможа не толькі зарабіць за час практыкі добрыя грошы, але і зарэкамендаваць сябе з лепшага боку ў калектыве і тым самым забяспечыць сабе рабочае месца пасля заканчэння каледжа,— зазначае майстар.
А без нарошчвання сваіх прафесійных навыкаў нельга сёння працаваць ні ў адной галіне, а тым больш у будаўнічай, дзе тэхналогіі мяняюцца вельмі імкліва. Таму ў дапамогу як педагогу, так і навучэнцам — інфармацыйныя рэсурсы, у першую чаргу інтэрнэт, дзе можна знайсці шмат звестак аб будаўнічых тэхналогіях, прычым не толькі айчынных, але і сусветных.
Акрамя таго, сталі традыцыйнымі экскурсіі на шматлікія выстаўкі будаўнічых тэхналогій, наведванне вытворчасцей па вырабе будаўнічых матэрыялаў, будаўнічых пляцовак. Напрыклад, навучэнцы разам са сваім майстрам наведалі нядаўна мінскі завод “Керамін” і змаглі назіраць за цэласным працэсам вырабу керамічнай пліткі. Асвоілі навучэнцы і “гнуткі камень” (від шпалераў), стразавую плітку, а наперадзе — новыя тэхналогіі, якія выхаванцы Аксаны Генадзьеўны таксама гатовы асвойваць. Яна навучыла іх не спыняцца, а імкнуцца стаць сапраўднымі прафесіяналамі.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.